Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія краязнаўцы: вытокі рачулкі Дзебры ў экалягічнай небясьпецы


Сажалка зь нечыстотаў
Сажалка зь нечыстотаў

У Магілёве на невялікай рацэ Дзебры адбываецца экалягічнае бедзтва, заяўляюць мясцовыя краязнаўцы. На вытоку рачулкі ўтварылася сажалка, запоўненая нечыстотамі. Імі забруджана рэчышча.

Дзябранскі выток — за некалькі сот мэтраў ад аблвыканкаму. Схаваны ён у глыбокім яры, які шчыльна зарос дрэвамі. У залеву сюды з прылеглых вуліц сьцякаюць павярховыя воды. Сажалка ж зь нечыстотамі, дапускае краязнаўца Леанід Платоненка, магла ўтварыцца, калі прарвала каналізацыю. Выявіць пашкоджаньне мажліва, толькі выпампаваўшы забруджаную ваду, кажа ён.

Леанід Платоненка
Леанід Платоненка

«Парыў каналізацыі адбыўся, хутчэй за ўсё, ня так даўно. Праблема тут інжынэрна-тэхнічная», — кажа Леанід Платоненка.

Паводле яго, у 1970-х гадах па рэчышчы Дзебры праклалі гарадзкі і прамысловы каналізацыйны калектар, пры гэтым парушылі водаадпорны пласт. У сьпёку вада сыходзіць у глебу. Акрамя таго, кажа Платоненка, у Магілёве ня вывучаныя як сьлед малыя рэкі і іхныя вытокі. «Некаторыя, — кажа ён, — засыпаныя, і на іх узьведзеныя прамысловыя комплексы».

Невядомыя зрабілі насып, каб стрымліваць сажалку, і пракапалі канаўку, каб паволі сьцякала
Невядомыя зрабілі насып, каб стрымліваць сажалку, і пракапалі канаўку, каб паволі сьцякала

Краязнаўцы паведамілі пра сытуацыю на Дзебры ў санэпідэмстанцыю, у камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, у камунальныя службы. Паводле Платоненкі, найбольш сур’ёзна паставіліся да праблемы супрацоўнікі камітэту прыродных рэсурсаў. Яны шукаюць вінаватых.

Кірыл Дарашэнка
Кірыл Дарашэнка

Яшчэ адзін актывіст, сябра суполкі «Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў» Кірыл Дарашэнка кажа: праблема на Дзебры ў тым, што цяжка вызначыць зоны адказнасьці гарадзкіх службаў. «Кожная служба, — кажа ён, — вінаваціць у праблеме іншую».

«Між тым, — кажа ён, — гэтая праблема вымагае ўвагі з боку ўсіх гарадзкіх службаў».

Сажалка зь нечыстотаў зь іншага ракурсу
Сажалка зь нечыстотаў зь іншага ракурсу

Кожная з трох невялікіх рэк гораду, заяўляюць актывісты, мае экалягічныя праблемы і вымагае павышанай увагі з боку ўлады.

«Мы прапаноўваем сфармаваць экалягічнае кола вакол малых рэк гораду. Гэта будуць зялёныя зоны адпачынку. Калі ж не зьвяртаць на іх увагі, то поймы рэчак ператворацца ў сьметнікі», — кажа Леанід Платоненка.

З каналізацыі вады сьцякае ў Дзебру
З каналізацыі вады сьцякае ў Дзебру

Каналізацыйныя люкі разбураюцца
Каналізацыйныя люкі разбураюцца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG