Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ні назва вуліцы, то мундзір на шкілеце ў шафе


«А дзе назвы “за польскім часам”, а дзе пад немцамі?» – задае пытаньне Vadzim Prakopčyk пра новыя шыльды ў цэнтры Менску з гістарычнымі назвамі вуліц.

Там жа ў абмеркаваньні па спасылцы Valiantsin Lapatko прыводзіць у прыклад фота з Баранавічаў, дзе на шыльдзе пазначаныя ўсе назвы цяперашняй вуліцы Савецкай, улучна з часамі польскай, першай і другой нямецкіх акупацыяў.

А Vadzim Prakopčyk іранізуе пра менскую вэрсію: «А, зразумела, ніякіх “трох падзелаў” не было, было воссоедіненіе брацкіх народаў». Маўляў, акупанцкія не пазначаем, а часы Расейскай імпэрыі і прыходу бальшавікоў акупанцкімі ня лічацца.

У публікацыі выданьня «Сitydog» аўтар матэрыялу пра шыльды наракае: «Адзіны мінус шыльдаў у тым, што старыя назвы дадзеныя на белмове, без трансьлітарацыі і перакладу на ангельскую. То бок турысты змогуць прачытаць цяперашнюю назву вуліцы, але ня змогуць прачытаць гістарычную назву вуліцы».

Дык ня толькі прачытаць, калі безь перакладу, але і зразумець, чым, напрыклад, розьняцца ў сваёй сутнасьці Валоцкая, Хрышчэнская, Урыцкага, Кастрычніцкая і Інтэрнацыянальная. Усё назвы адной вуліцы ад XVII ст. да нашых дзён. Ці дапаможа пераклад словаў «валокі», «хрышчэньне» і «кастрычнік» англамоўнаму турысту? Пытаньне рытарычнае.

Бо амаль за кожнай са зьменаў назвы вуліцы стаіць канкрэтная гістарычная эпоха. Калі з бальшавіцкімі назвамі ўсё зразумела і без спэцыяльнай падрыхтоўкі – чыстая палітыка, то каб патлумачыць, навошта было нэўтральную ў сутнасьці Валоцкую зьмяняць на Хрышчэнскую, для гэтага трэба зь іншаземцам пастаяць хоць бы паўгадзінкі ды распавесьці пра прыход Расейскай імпэрыі на акупаваныя землі ВКЛ у складзе канфэдэрацыі пад назвай Рэч Паспалітая. Ды пра тое, што «прыход» гэты ў немалой ступені і цяпер нікуды не сышоў.

Напрыклад, у іншым беларускім папулярным выданьні аўтар артыкулу пра шыльды ў загаловак вынес расейскія Балотную, Хрышчэнскую і Петрапаўлаўскую замест арыгіналаў часоў ВКЛ. Матэрыял на сёньня выдалены. Не зьдзіўлюся, што пасьля абурэньня акцэнтамі ў матэрыяле.

Хто можа і будзе абурацца? Той, для каго свой арыгінальны варыянт прынцыпова больш важнейшы за наступныя наслаеньні, прыўнесеныя звонку.

Зыбіцкая ад XVI ст. – Балотная ад 1866; Валоцкая ад XVII ст. – Хрышчэнская ад 1866; Малая Бэрнардынская ад XVII ст. – Малая Манастырская ад 1866; Дамініканская ад XVII ст. – Петрапаўлаўская... Так! Ад 1866 году.

«Што за год такі 1866?» – спытае замежнік. Ты пачнеш распавядаць пра паўстаньне Каліноўскага 1863, пра тое, што неўзабаве пасьля задушэньня паўстаньня ў 1864 Расейская імпэрыя пачала канчатковую зачыстку тэрыторыі сучаснай Беларусі ад сьлядоў «былых часоў». Зьмяняць назвы, нішчыць ратушы, забіраць касьцёлы і перабудоўваць іх у праваслаўныя цэрквы ў расейскім стылі альбо выкарыстоўваць пад гаспадарчыя патрэбы. Пачаты перад тым павольны працэс пасьля паўстаньня набыў татальны характар. Такі сабе трыюмф пераможцаў і прыніжэньне пераможаных.

Не зьдзіўлюся, калі побач з замежнікам, якому ты ўсё гэта распавядаеш, утворыцца група мінакоў – менчукоў.

Шыльдачкі найперш створаныя для беларусаў. Калі казаць пра Менск – гэта ці ня самы малавядомы беларусам горад з гледзішча гісторыі. Хоць падобная сытуацыя ёсьць па ўсёй Беларусі.

Шыльдачкі з гістарычнымі назвамі робяцца, каб... што? Лягічна, каб даць людзям гістарычную веду і ня больш за тое. Тады чаму ў Баранавічах не пабаяліся даць усе назвы, а ў Менску пабаяліся? Тут я бачу чалавечы фактар, выбар канкрэтных людзей на канкрэтных пасадах ва ўстановах мясцовай улады.

Відавочна, што сказаўшы «А» – гісторыя, трэба сказаць «Б» – усе назвы, што былі. І так з часам і будзе, ня бачу прынцыповых перапонаў. Гарадзкія ўлады вывучаюць рэакцыю на новаўвядзеньні і карэктуюць свае дзеяньні. Гэтая асьцярожнасьць выглядае адэкватнай у краіне, дзе палітычныя шкілеты стаяць па шафах пры поўным парадзе. Розныя шкілеты ў вельмі розных мундзірах. Якіх? Глядзі назвы вуліц і эпоху за ёй. Вось колькі варыянтаў, столькі і мундзіраў. І столькі відзежаў будучыні Беларусі.

Як і ў выпадку зь вяртаньнем лацінкі, вяртаньне гістарычных назваў, найперш арыгінальных назваў, у публічную прастору – гэта маленечкі асьцярожны крок у бок асэнсаваньня сябе ў прасторы і часе як нацыянальнай і грамадзкай супольнасьці. Крокі, якія дапамогуць пачысьціць шафы ад шкілетаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG