Неназваная асоба з Расеі захацела падарыць кватэру функцыянэру Міністэрства спорту Беларусі Андрэю Фомачкіну, які на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў прыстроіўся за беларускімі паралімпійцамі (сам ня маючы дачыненьня да паралімпійскага руху) і пранёс расейскі сьцяг, паведаміла на Facebook афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.
Паводле яе словаў, тыдзень таму ёй патэлефанаваў знаёмы, які прасіў выслухаць ягонага знаёмага: той захацеў падарыць Фомачкіну кватэру, бо «так захапіўся ўчынкам беларуса». На момант публікацыі, калі верыць Захаравай, Фомачкін мае прыехаць у Маскву.
Захарава падкрэсьлівае, што Фомачкіна ўзнагароджвае не дзяржава, а прыватная асоба, і што ніякай правакацыі ў гэтым яна ня бачыць.
Учынак Фомачкіна ўхваліў Аляксандар Лукашэнка, назваў яго «нашай дзяржаўнай пазыцыяй, у тым ліку і прэзыдэнта». Беларускія паралімпійцы па вяртаньні на радзіму расьпісаліся на расейскім сьцягу, які цяпер знаходзіцца ў капітана зборнай і будзе перададзены расейскім паралімпійцам, распавядаў спартовец Ігар Бокі.
Але ўчынак не ўхваліў Міжнародны паралімпійскі камітэт: за вынас сьцяга дзяржавы, чыя зборная была адхіленая за масавы допінг пры падтрымцы ўладаў, Фомачкіна пазбавілі акрэдытацыі.
Фомачкін нарадзіўся ў расейскім горадзе Армавір (Краснадарскі край), але мае беларускае грамадзянства.