Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб ты жыў да 100 год: рэцэпт Вілаграндэ


Уявіце сабе месца, дзе не існуюць дамы састарэлых, дзе людзі застаюцца працаздольнымі на працягу ўсяго жыцьця, дзе атрымліваюць асалоду ад умеранага штодзённага спажываньня чырвонага віна.

Такое месца я наведала нядаўна — гэта вёска Вілаграндэ на востраве Сардынія.

Каб раскусіць дыеталягічны аспэкт доўгажыхарства падчас свайго адпачынку на Сардыніі я паехала ў Вілаграндэ на абед. У гэтым артыкуле — чаму менавіта ў гэтай вёсцы шмат доўгажыхароў, а таксама мае асабістыя ўражаньні ад абеду.

Вёска Вілаграндэ Стрызайлі (Бідда Манна Стрызайлі на сардынскай мове) разьмешчана на вышыні 700 мэтраў над узроўнем мора (але недзе і вышэй). Падчас дарогі ў вёску ў мяне проста займала дух — так было высока. Сама вёска «распаўзлася» на досыць вялікай плошчы. Каб пешкі дабрацца з аднаго канца ў другі трэба патраціць не адну гадзіну і шмат калёрый.

Гэты здымак зроблены па дарозе да Вілаграндэ
Гэты здымак зроблены па дарозе да Вілаграндэ

Па дадзеных за 2010 год у гэтай вёсцы з традыцыйным ладам жыцьця налічвалася 3441 жыхароў. Тут вельмі шмат асоб, якім болей за 100 гадоў (у тры разы вышэй, чым увогуле па Італіі, краіне, вядомай доўгай працягласьцю жыцьця) і рэкордная колькасьць мужчын-доўгажыхароў (па ўсім сьвеце жанчыны жывуць даўжэй за мужчын).

Нядаўна сямʼя Мэліс з Вілаграндэ, якая складаецца з дзевяці пажылых братоў і сясьцёр, была занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса за тое, што ў сукупнасьці яна мае самы сталы ўзрост у сьвеце — 818 гадоў. Старэйшаму Мэлісу — 105 гадоў, а малодшай — 78. Разам у іх 150 дзяцей, унукаў і праўнукаў!

Вёска Віллаграндэ
Вёска Віллаграндэ

Альфонса Мэліс (89 гадоў) сьцьвярджае, што жыць доўга зусім не складана. Ён кажа: «Мы ямо сапраўдную ежу, а гэта азначае шмат мінэстроне і трохі мяса, і мы пастаянна працуем». Сіньёр Мэліс і сёньня працуе ў кавярні, уладальнікам якога ён зьяўляецца. А калі ён не ў кавярні, дык шукайце яго ва ўласным садзе, дзе ён вырошчвае фасолю, баклажаны, перац і бульбу.

Яго старэйшая сястра, Кляўдыя (99 гадоў), якая да гэтага часу наведвае царкву кожную раніцу, дае амаль ідэнтычны адказ, каля яе пытаюцца, як жыць доўга: «Вы проста працягвайце працаваць, ешце мінэстроне, фасолю і бульбу». Мінэстроне, дарэчы, гэта суп з фасоляй, макаронамі і вялікай колькасьцю гародніны. Навукоўцы да гэтага часу ня могуць дакладна вызначыць, што зьяўляецца сакрэтам доўгага жыцьця жыхароў Вілаграндэ — дыета, лад жыцьця, генэтыка або спалучэньне ўсіх гэтых фактараў. Формула доўгага жыцьця сардзінцаў вывучаецца ў навуковым праекце пад назвай AKeA — акронім для "А Кента anno", традыцыйнага тосту ў сардзінскай культуры, што азначае «Каб вы жылі да 100 гадоў».

У гэтым лесе мы абедалі
У гэтым лесе мы абедалі

Вядучы дасьледчык, Лука Дэяна з Унівэрсытэту Сасары на паўночным захадзе Сардыніі, прыйшоў да высновы, што генэтыка мае ключавую ролю. Разам са сваёй камандай з 25 італьянскіх лекараў і біёлягаў ён ідэнтыфікаваў ген у Y-храмасоме, які можа значна паменшыць верагоднасьць сардэчнага прыступу і інсульту ў мужчын. Гэты ген, які перадаецца ад бацькі да сына, можа быць адказны за незвычайныя суадносіны паміж доўгажыхарамі мужчынамі і жанчынамі ў рэгіёне, якія складаюць 1:1, у той час як гэта паказчык ва ўсім свеце — 1:4. Тут важна адзначыць, што гены сардынцаў з-за іх геаграфічнай ізаляцыі доўга заставаліся «неразбаўленымі», бо гістарычна ў Сардыніі было мала зьмешаных шлюбаў.

Gnocchi з таматавым соусам — знакамітыя італьянскія бульбяныя клёцкі, ньнёкі
Gnocchi з таматавым соусам — знакамітыя італьянскія бульбяныя клёцкі, ньнёкі

Што да дыеты доўгажыхароў, дык яна адметная вялікай колькасьцю гародніны і бабовых: баклажаны, памідоры, салодкі перац, кабачок, конскія бабы, турэцкі гарох. Хаця гэта вёска знаходзіцца ў гарах далёка ад мора, рыбу ў мясцовым рэстаране ўбачыць можна: цяпер, натуральна, Вілаграндэ злучаная з морам нармальнай аўтадарогай. Але традыцыйна рыба і марскія прадукты былі тут вялікай рэдкасьцю. Мяса вяскоўцы ядуць раз ці два на тыдзень. Рэгулярна яны ядуць пярлоўку, пшаніцу, авечы сыр, бульбу (часьцей за ўсе ў выглядзе бульбяных клёцак, так званых ньнёкаў). Адметна, што вяскоўцы (у тым ліку і асобы вельмі сталага ўзросту) штодзённа выпіваюць 2-3 шклянкі мясцовага віна ( з вінаграду гатунку Cannonau).

Ну а што там можна зьесьці турыстам?

Мы паабедалі ў рэстаране, які знаходзіўся ў хвойным лесе адразу за тэрыторыяй вёскі (у самой вёсцы сапраўдных рэстаранаў няма, і ўсё кавярні былі зачыненыя). Сьцены рэстарана былі дэкараваныя газэтнымі выразкамі з паведамленьнямі аб стогадовых жыхарах Вілаграндэ. Яшчэ да пачатку абеду нам прынесьлі традыцыйны плоскі хлеб. Я замовіла рызота зь мясцовымі ляснымі грыбамі, мой спадарожнік — бульбяныя клёцкі ў традыцыйным таматавым соўсе зь мясным рагу. У якасьці гарніру мы ўзялі салату. Порцыі былі гіганцкага памеру, мы зьелі менш за палову.

рызота з мясцовымі ляснымі грыбамі
рызота з мясцовымі ляснымі грыбамі

Сталы побач з намі былі занятыя мясцовымі жыхарамі. Амаль усе пілі чырвонае віно, закусвалі яго сырам з хлебам і гэтым абмяжоўваліся. Толькі некаторыя бралі ў дадатак рызота або бульбяныя клёцкі і дзялілі адну порцыю на некалькі чалавек.

На дэсэрт нас не хапіла, але трэба адзначыць, што ў мэню на салодкае прапаноўваліся толькі мясцовыя булачкі і сьвежая сэзонная садавіна.

Ну і напрыканцы падкіну вам цікавую інфармацыю да разважаньня, не зьвязаную з дыетай. Мужчыны Вілаграндэ часта жэняцца са значна больш маладымі жанчынамі (розьніца ва ўзросьце больш за 10 гадоў). Навукоўцы вылучаюць тэорыю, што гэта таксама зьяўляецца важным фактарам доўгажыхарства. Такім чынам мужчыны застаюцца ў тонусе і пазьбягаюць удаўства (якое зьяўляецца моцным эмацыйным узрушэньнем і скарачае жыцьцё). Больш за тое, удаўцы часта жэняцца другі раз, нават у вельмі сталым узросьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG