Пра гэта піша БелаПАН.
«Інцыдэнт, зьвязаны з корпусам рэактара, стаў вынікам парушэньня правілаў перамяшчэньня грузаў кранамі. Шэраг службовых асобаў парушылі гэтыя правілы, і адбылася няштатная сытуацыя. Зь першай хвіліны яна старанна аналізавалася як рэгулятарам, так і замоўнікам сумесна з генпадрадчыкам, праводзіўся комплекс расьсьледаваньняў. Па выніках беларускі бок прыняў рашэньне аб замене гэтага корпусу рэактара. Мы пра гэта апавясьцілі расейскі бок, расейскі бок гэтае рашэньне прыняў, нас пачулі», — сказаў Міхадзюк.
«Сёньня абмяркоўваюцца тэхнічныя моманты ў рамках генэральнага кантракта па яго замене», — дадаў намесьнік міністра энэргетыкі.
Інцыдэнт на АЭС адбыўся 10 ліпеня, але вядома пра яго стала толькі 25 ліпеня з паведамленьняў у сацсетках і СМІ. Падчас выпрабавальнай трэніровачнай ўстаноўкі корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох мэтраў.
11 жніўня міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык падчас візыту ў Цюмень заявіў, што Менск прыняў рашэньне замяніць корпус рэактара для энэргаблёка БелАЭC. Кажучы пра цану замены абсталяваньня, міністар адзначыў, што гэта — прадмет перамоваў з расейскім бокам.
Пасьля інцыдэнту Літва, якая на працягу апошніх гадоў крытыкуе будаўніцтва АЭС каля Астраўца, накіравала Беларусі чарговую ноту, у якой запатрабавала вынікі расьсьледаваньня падзей. Літоўскія ўлады прапанавалі Менску стварыць міжнародную камісію экспэртаў для аналізу вынікаў дадзенага расьсьледаваньня і прадстаўленьня рэкамэндацыяў, папрасілі актыўнага ўмяшаньня ЭЗ у вырашэньне пытаньня ядзернай бясьпекі, важнай для ўсяго рэгіёну, а таксама зьвярнуліся да кіраўніцтва МАГАТЭ з просьбай удзельнічаць у расьсьледаваньні.