Пасьля працяглага маўчаньня Міністэрства энэргетыкі Беларусі прызнала:
«На справе, паводле інфармацыі генэральнага падрадчыка АТ „Атамбудэкспарт“, няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захаваньня корпуса рэактара пры правядзеньні такеляжных працаў па яго перасоўваньні ў гарызантальнай плоскасьці».
І далей у сваім паведамленьні Мінэнэрга запэўнівае:
«РУП „Беларуская АЭС“, якое зьяўляецца замоўнікам праекту, тэрмінова запатрабавала ў генэральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакумэнты і зьвесткі. Цяпер аналіз гэтай сытуацыі працягваецца. Пасьля ўсебаковага вывучэньня беларускімі адмыслоўцамі прадстаўленай АТ „Атамбудэкспарт“ інфармацыі будзе прымацца адпаведнае рашэньне. Пры гэтым беларускі бок будзе, у першую чаргу, кіравацца неабходнасьцю безумоўнага забесьпячэньня бясьпекі станцыі, якая будуецца».
Некалькі інтэрнэт-выданьняў днямі апублікавалі паведамленьне, што 10 ліпеня на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі меў месца «факт абрушэньня рэактара пры яго ўсталёўваньні ў рэактарным аддзяленьні».
Афіцыйны бок спачатку захоўваў маўчаньне, абяцаў разабрацца.
26 ліпеня днём прэс-офіс генпадрадчыка будоўлі БелАЭС — групы кампаніяў «АСЭ» — паведаміў:
«Інфармацыя пра пашкоджаньне корпусу рэактара не адпавядае рэчаіснасьці. Што да сутнасьці пытаньня, паведамляем, што корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзяленьня. Тэхнічных перашкодаў для яго ўсталяваньня на штатнае месца няма. Генпадрадчык чакае дазволу на правядзеньне апэрацыяў па мантажы ад наглядных органаў».