Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова Зянона Пазьняка на сьмерць Юрыя Хадыкі


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк даслаў у рэдакцыю Свабоды сваё слова на сьмерць аднаго зь лідэраў Беларускага народнага фронту Юрыя Хадыкі (1938–2016).

«11 верасьня памёр Юры Віктаравіч Хадыка, які ад 1989 году быў адным зь дзейных і вядамых намесьнікаў старшыні Беларускага Народнага Фронту.

У апошнія гады ён жыў у Амэрыцы, не ўступаючы ў кантакт зь беларусамі. Але зь інфармацыі ў друку мы даведаліся, што ён быў у ЗША і хварэў на цяжкую хваробу, ад якой і памёр на 79 годзе жыцьця.

Я ведаў Юрыя Хадыку з канца 1960-х гадоў. У яго асобе адбіўся эвалюцыйны шлях шмат якіх беларускіх інтэлігентаў савецкай пары, ад веры ў КПСС, ад непрыняцьця беларускай мовы і палітычнае дзейнасьці да падтрымкі Беларускага Адраджэньня, вяртаньня да беларускай мовы, адмаўленьня ад КПСС і ўключэньня ў змаганьне за незалежную дэмакратычную Беларусь у шэрагах Беларускага Народнага Фронту.

Юры Хадыка, Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў. 3-ці зьезд БНФ. 1993 год
Юры Хадыка, Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў. 3-ці зьезд БНФ. 1993 год

Шлях гэты быў вельмі няпросты. Але істотна, што ён ступіў і пайшоў па гэтай дарозе. Зарукай таму, як я тое бачыў, была яго рацыянальная вера ў Бога, захапленьне Хрысьціянствам і як вынік — імкненьне жыць паводле справядлівасьці.

Юры Віктаравіч зрабіў свой станоўчы ўнёсак у справу Беларускага Адраджэньня, у змаганьне за волю і свабоду Беларусі. Яго добрыя справы застануцца ў думках людзей і ў скарбонцы нашай беларускай Незалежнасьці і свабоды.

Вечная памяць.

12 верасьня 2016 г. Зянон Пазьняк».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG