Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хадыка. Вянок памяці


Юры Хадыка
Юры Хадыка

Прафэсара, палітыка, выбітнага дзеяча беларускага руху Юрыя Хадыкі ня стала раніцай 11 верасьня. Апошнія гады ён жыў у сям’і малодшага сына ў Злучаных штатах Амэрыкі. Згодна з тэстамэнтам, у ЗША адбудзецца крэмацыя, а пахаваньне пройдзе ў Беларусі.

Юры Хадыка — беларускі фізык, палітык, прафэсар, актыўны ўдзельнік незалежніцкага руху Беларусі. Апошнія некалькі год жыў у ЗША, у сям’і сына. Юрыю Хадыку было 78 год.

Юры Хадыка ў публікацыях на Радыё Свабода 2004-2013

Палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка, калі быў старшынём Партыі БНФ, працаваў разам зь Юрыем Хадыкам, які займаў пасаду намесьніка кіраўніка партыі ад 1989 да 2007 году. Вінцук Вячорка ўзгадвае, што ў савецкія часы дэмакратычная моладзь наведвала лекцыі Хадыкі пра хрысьціянскую культуру і старабеларускае мастацтва:

«У глухія савецкія часы нас, студэнтаў-майстроўцаў, уразіла чутка, што ў Акадэміі навук фізык (!) Юры Хадыка чытае лекцыі пра хрысьціянскую культуру Эўропы і пра старабеларускае мастацтва. Гэта былі незабыўныя глыткі сьвежага паветра — калі сапраўдныя, а ня дзьмутыя эстэтычныя вяршыні сьцьвярджаліся дакладнай аргумэнтацыяй.

І ў палітыцы Юры Віктаравіч прапаноўваў рашэньне з уласьцівай фізыку дакладнасьцю, добрасумленна выслухоўваючы доказы апанэнтаў і добразычліва аргумэнтуючы. Ягоным усячасным прынцыпам было „хто ня вораг, той можа стаць саюзьнікам“, ён быў маторам кааліцыйных паразуменьняў дэмакратычных сілаў, бо па-навуковаму разумеў: скансалідаваную дыктатуру адолець можна толькі разам.

Пры гэтым Юры Віктаравіч меў цьвёрдую і маральную беларускую пазыцыю і гатовы быў за яе ахвяраваць сабою, як гэта было падчас галадоўкі 1996 году, калі яго, арганізатара акцыі пратэсту супраць зьнішчэньня незалежнасьці Беларусі, кінулі ў вязьніцу. Некалі на будынку Інстытуту фізыкі Акадэміі навук, дзе быў Хадыкаў кабінэт, ператвораны з канца 1980-х у фронтаўскае выдавецтва і ў сядзібу БНФ, зьявіцца памятны знак. Спачуваю сынам. Сьветлая памяць аднаму з тытанаў новага Беларускага Адраджэньня».

Юры Хадыка, архіўнае фота 1996 году
Юры Хадыка, архіўнае фота 1996 году

Грамадзкі дзеяч, старшыня Партыі БНФ (2007-2009 гады) Лявон Баршчэўскі быў поруч зь Юрыем Хадыкам ад самага пачатку адраджэнскага руху. Адзначае, што гэта быў чалавек, якога можна было браць за эталён як з пазыцыі грамадзянскага сумленьня, так і прынцыповасьці ў адстойваньні ўласнага меркаваньня:

«Юры Хадыка — гэта ўнікальная асоба. Паводле адукацыі фізык, прычым не абы-які, а ляўрэат прэміі Савету міністраў СССР. Адначасна захапіўся глыбокімі традыцыямі беларускай культуры, гісторыі, паказаўшы сябе абсалютна дасьведчаным мастацтвазнаўцам, культуролягам. Гэта з аднаго боку.

Зь іншага, як толькі павеялі вятры перабудовы, ён актыўна ўключыўся ў грамадзкую дзейнасьць, быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту. А галоўнае, быў чалавекам, у якім першачарговым крытэрам было сумленьне. Ён мог у нечым памыляцца, мог нешта ня так трактаваць, але разумеў гэта паводле свайго ўласнага сумленьня.

Ягоная гераічная галадоўка 20 гадоў таму, у красавіку-траўні 1996-га, шмат што памяняла ў мазгах людзей, прадэманстраваўшы прыклад таго, як трэба змагацца. Таму гэта вельмі вялікая страта, нам усім Юрыя Хадыкі будзе моцна не хапаць...».

Юры Хадыка, фота 2008 году
Юры Хадыка, фота 2008 году

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч пра сьмерць Юрыя Хадыкі даведаўся ад Радыё Свабода. Таму першай справай папрасіў перадаць спачуваньні сям’і калегі-навукоўца, палітыка-патрыёта, проста прыстойнага чалавека:

«Выказваю глыбокае спачуваньне родным, блізкім, сябрам Юрыя Хадыкі. Ён варты таго, каб пра яго ўспомнілі добрым словам...

Магу сказаць, што мы заўсёды нядрэнна адзін аднаго разумелі. Асабіста для мяне яго разуменьне таго ці іншага пытаньня, яго думка былі вельмі важкімі. Мяне вельмі дзівіла, як ён глыбока ўнікаў у беларускую гісторыю, у рэлігійныя справы. Відаць, у гэтым сэнсе проста апярэджваў іншых, бо, шчыра кажучы, ня кожны фізык — прычым добры фізык-тэарэтык — настолькі добра разьбіраецца ў пытаньнях, як кажуць, сівой даўніны. То бок, чалавек тэхнічнага розуму арганічна перабудаваўся на іншую сфэру.

На жаль, апошнія гады ён вымушаны быў жыць у замежжы, тут ягоныя навуковыя заслугі ўжо не патрабаваліся.

Шмат гадоў Юры Хадыка нязьменна выступаў як арганізатар „Чарнобыльскага шляху“. Па-першае, як фізык разумеў наступствы той катастрофы, па-другое, як палітык ведаў, чаму ўлады хаваюць праўду пра Чарнобыль. У абодвух выпадках ягоная думка была важкай, аўтарытэтнай, яго выслухоўвалі з увагай і павагай.

Адпаведна, супраць яго і бунтавалі. Са сваёй пазыцыяй ён вельмі перашкаджаў камунякам, і ўрэшце яны загналі яго ў турму. Ну няхай цяпер цешацца, што іх апанэнт адышоў з жыцьця. Але я смуткую, ягоныя сябры смуткуюць....

Гэта надзвычай вялікая для нас страта, мы яго заўсёды будзем памятаць. А Беларусь мусіць быць яму ўдзячная».

Юры Хадыка з унучкай Барбарай. 2009 год
Юры Хадыка з унучкай Барбарай. 2009 год

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык згадвае, на якім этапе Юры Хадыка далучыўся да фронтаўцаў і як яму ўдалося за кароткі прамежак часу набыць бясспрэчны аўтарытэт ў дэмакратычным асяродку:

«У біяграфіі Юрыя Хадыкі часам пішуць, што ён быў намесьнікам старшыні Сойму БНФ ад 1988. На самай справе Юры Віктаравіч ня быў у Аргкамітэце, утвораным на гістарычным пасяджэньні ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка 1988 году. Ён далучыўся да дэмакратычнага руху — публічна — у часе тэлеперадачы вясной 1989-га і ўжо празь некалькі месяцаў на ўстаноўчым зьезьдзе быў абраны намесьнікам старшыні Сойму БНФ Зянона Пазьняка (яшчэ адным намесьнікам быў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў).

Хадыка належаў да навукоўцаў, зьвязаных з дасьледаваньнямі ў сфэры абароннага комплексу, — забясьпечанай савецкай эліты. І вельмі паказальна, што ён уступіў у Фронт ужо тады, калі было абсалютна зразумела, чаго гэта можа яму каштаваць. То бок, далучыўся да людзей, на якіх прапагандысцкая машына абрынулася з усім яе шматгадовым досьведам палітычнага і маральнага цкаваньня. Гэта быў Выбар.

Цяпер кажуць, што лідэрам БНФ у тыя гады было лягчэй: маўляў, грамадзтва актыўна ўздымалася, сотні і тысячы далучаліся да нацыянальнага дэмакратычнага руху. Але трэба памятаць, што гэтая энэргетыка, гэтая актыўнасьць не зьявіліся самі па сабе, — у іх былі натхняльнікі і арганізатары. Пераважна прадстаўнікі культурніцкай і навуковай інтэлігенцыі — такія, як Юры Хадыка.

У краінах Усходняй Эўропы менавіта яны (а не „крепкие хозяйственники“ і афіцэры спэцслужбаў) сталі на чале дзяржаваў і вывелі народы з камуністычнага стойла ў цывілізаваны сьвет. У Беларусі склалася інакш, лёсам Хадыкі пасьля здушэньня апошняй хвалі Адраджэньня было змаганьне, турма, галадоўка, ізноў змаганьне, цяжкая хвароба і фактычна эміграцыя. І ўсё гэта вартае вялікай павагі і памяці. Вечная памяць».

Юры Хадыка з жонкай Валянцінай. 2004 год
Юры Хадыка з жонкай Валянцінай. 2004 год

Юры Хадыка і ягоны маладзейшы фронтаўскі паплечнік Вячаслаў Сіўчык сталі аднымі зь першых беларускіх палітвязьняў постсавецкага пэрыяду. Пасьля «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка 1996 году абодва былі затрыманыя і абвінавачаныя ў арганізацыі масавых беспарадкаў. За кратамі на знак пратэсту абвясьцілі галадоўку, якая цягнулася тры тыдні. Вызваленыя пад ціскам міжнароднай супольнасьці. На момант арышту спадар Сіўчык быў сакратаром Управы БНФ:

«У першую чаргу, мае шчырыя спачуваньні сынам Юрыя Хадыкі — Аляксею і Кастусю, усім яго родным і блізкім. Шчырае спачуваньне Беларусі, бо больш няма побач з намі чалавека, які адыграў надзвычай важную ролю ў найноўшай гісторыі краіны.

Гэта адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту, адзін зь яго кіраўнікоў. Адзін з тых, хто рэальна супрацьстаяў усталяваньню дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. І абсалютна не віна Юрыя Віктаравіча, што гэтая дыктатура прыйшла ў Беларусь на такі доўгі час.

Юры Хадыка вельмі шмат зрабіў і па сваёй асноўнай спэцыяльнасьці — ён вельмі вядомы фізык у Беларусі — і, канечне ж, ён застанецца ў памяці як выбітны дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэньня. Асабліва хацеў бы падкрэсьліць, што Беларусь для яго — гэта сапраўды было сьвятое. І ўсё, што магчыма, ён рабіў для беларускай справы пры любых уладах. Пачынаў гэта яшчэ за савецкім часам, пры камуністах, а потым і падчас перабудовы, калі ўзьніклі нефармальныя арганізацыі, а ўрэшце і Беларускі Народны Фронт.

Натуральна, прыйдзе той час, калі ў Менску, родным горадзе Юры Хадыкі, зьявіцца вуліца ягонага імя...».

Юры Хадыка, Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў. 3-ці зьезд БНФ. 1993 год
Юры Хадыка, Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў. 3-ці зьезд БНФ. 1993 год

Ля вытокаў фронтаўскага руху стаяў і доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў. Паводле яго слоў, Юры Хадыка на той час нівэляваў змагарскія і часам радыкальныя заклікі лідэра БНФ «Адраджэньне» Зянона Пазьняка і пэўнай часткі грамадзтва, якая яшчэ была не зусім гатовая да кардынальнага развароту да беларушчыны. Пазыцыя Хадыкі была адназначная: размаўляць трэба з усімі, ня скідваючы з рахункаў нікога:

«Гэта была сапраўды асоба — побач з Пазьняком і пры гэтым не такая, як Пазьняк. Калі Зянон быў адкрыты змагар, то Юрась больш спакойны, інтэлігентны. У той час, як Пазьняк ішоў у змаганьні толькі наперад (па сутнасьці і я такі ж самы), то Хадыка намагаўся перацягнуць як мага больш людзей.

Па-сутнасьці, гэта адзіны чалавек, які мог пайсьці на кантакт з кампартыяй, з нашымі адкрытымі супернікамі. Напрыклад, мы зь Зянонам не маглі нават руку падаць тым, хто нас абражаў, а ён лічыў, што размаўляць трэба з усімі. Таму гэта была прыцягальная фігура ў Фронце для іншай часткі людзей — больш спакойных, памяркоўных.

Апроч таго, гэта быў адкрыта веруючы чалавек, уніят. Дарэчы, з айцом Аляксандрам Надсанам я пазнаёміўся менавіта дома ў Юрыя Віктаравіча: калі Надсан першы раз прыяжджаў у Беларусь, мы сустракаліся, гаварылі пра пэрспэктывы.

Вельмі шкада, што яго ўжо няма, бо гэта быў і сябра, і паплечнік. Цяжка ўспрымаць тое, што людзі адыходзяць. Здавалася, не такія ўжо ўсе і старыя, можам змагацца, шмат чаго яшчэ зрабіць для Беларусі. Але вось паціху знакавыя асобы выпадаюць з абоймы. Цяжка...».

Юры Хадыка на магіле Васіля Быкава, 2009 год
Юры Хадыка на магіле Васіля Быкава, 2009 год

Экс-старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч — аднакурсьнік Юрыя Хадыкі па фізычным факультэце Белдзяржунівэрсытэту, разам яны працавалі ў будаўнічым атрадзе. Прызнаецца, што ў некаторых рэчах іх пазыцыі не супадалі, але наконт яго прыстойнасьці і гатовасьці аддаць усё дзеля агульнай справы сумневаў не ўзьнікала ніколі:

«Я як прыехаў са сваёй вёскі ў Менск, ад таго часу мы зь Юрам Хадыкам побач, нават вучыліся на адным курсе. Нармальны, актыўны, разам потым былі на Цаліне. Ён там так стараўся, так працаваў, што я за ім і блізка ўгнацца ня мог, быў слабы і недакормлены. Таму, канечне, усё жыцьцё кантактавалі, падтрымлівалі сувязь. Ну што цяпер скажаш? Паболей бы такіх хлопцаў, як быў Юра, вельмі добры чалавек...

Безумоўна, калі-нікалі нашы пункты гледжаньня не супадалі, але мы з-за гэтага ніколі не станавіліся ў пазыцыю антаганістаў. Гэта былі нармальныя адносіны людзей са сваім уласным меркаваньнем.

Юра Хадыка — годны сын Беларусі, які сумленна сябе паводзіў усё жыцьцё. Калі дзе і памыляўся, то прызнаваў памылкі, але заўсёды сыходзіў з інтарэсаў краіны, а як яшчэ вучыліся — факультэту, ВНУ. Кіраваўся толькі высакароднымі мэтамі. Ніколі не выстаўляў наперад асабістае, гэта пазыцыя была прынцыповая. Вельмі перажываю, што яго ня стала...».

Юры Хадыка, фота 2009 году
Юры Хадыка, фота 2009 году

Аналітык, палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст параўноўвае Юрыя Хадыку з героем твору Аляксандра Дзюма, высакародным мушкецёрам Атосам:

«Юры Хадыка быў беларускім Атосам. Сёньня, калі ён памёр, многія прыгадалі яго знакамітую прамову на стадыёне „Дынама“ ў 1989 годзе, дзе ён параўнаў змаганьне з камунізмам з атакай рыцарскай кавалерыі праз пасткі „ваўчыных ямаў“. Атака мела плён толькі тады, калі тыя ямы напоўніліся целамі рыцараў і іх коней.

Ну а навошта ж у лоб было атакаваць, хіба не было шляхоў абыходу? Можа і былі. Але сам Юры Хадыка іх у жыцьці і ў палітыцы не шукаў, ішоў шляхам самым прамым і самым цяжкім. Так было і са створаным ім у глухія савецкія часы музэем старабеларускай культуры, і зь яго галадоўкай у турме пасьля „Чарнобыльскага шляху“ 1996 году, і ў многіх многіх іншых сытуацыях. Стыль — гэта чалавек.

Яго высакароднасьць была не дэманстратыўнай, не пыхлівай, а арганічнай, проста не хацеў і ня мог інакш. Я ня раз быў сьведкам таго, як менавіта Хадыка скараў людзей іншых і нават супрацьлеглых поглядаў маштабам і чароўнасьцю асобы. Па-над палітычнымі поглядамі людзі гэта адчувалі.

Такім ён быў і ў перамогах, і ў паразах. Так, была і вялікая перамога, тая рыцарская коньніца, сярод правадыроў якой быў і Хадыка, прынамсі раз прарвалася праз „ваўчыныя ямы“ і нанесла магутнаму ворагу сакрушальную паразу. Але ён быў з тых людзей, чыё значэньне не вымяраецца адно паразамі і перамогамі.

Атос — надзвычай рэдкі тып у любыя часы. Вось і наш вельмі небагаты на іх век зьбяднеў яшчэ на аднаго...».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG