Я ўжо распавядала вам пра дзьве так званыя «блакітныя зоны» (месцы, дзе людзі жывуць выключна доўга) — грэцкі востраў Ікарыя і японскі востраў Акінава. У гэтым артыкуле хачу вам расказаць пра яшчэ адну блакітную зону — Сардынію. Літаральна некалькі дзён таму я вярнулася адтуль з падарожжа і сьпяшаюся падзяліцца сьвежымі ўражаньнямі.
Гены сардынцаў з-за іх геаграфічнай ізаляцыі доўга заставаліся «неразбаўленымі». Некаторыя навукоўцы лічаць, што гэта — адно з тлумачэньняў, чаму востраў можа пахваліцца амаль у 10 разоў большай колькасьцю доўгажыхароў на душу насельніцтва, чым, напрыклад, у ЗША. Гэта пры тым, што сярэдняя працягласьць жыцьця ў Італіі і ЗША адрозьніваецца не нашмат. Так, у ЗША сярэдняя працягласьць жыцьця — 79,68 гадоў (43-е месца ў сусьветным рэйтынгу). У Італіі — 82,12 гады (14 месца). Беларусь, дарэчы, на 139 месцы ў сьвеце па працягласьці жыцьця. Гэты паказчык у нас — 72,48 гадоў. Нават сёньня прыкладна 80 адсоткаў насельніцтва востраву генэтычна зьвязаныя з першымі сардынцамі. Магчыма, у гэтай генэтычнай сумесі і ляжыць камбінацыя, якая спрыяе даўгалецьцю.
Востраў Сардынія разьмешчаны ў заходняй частцы Міжземнага мора і зьяўляецца аўтаномным рэгіёнам Італіі. Сардынія — другі па велічыні востраў у Міжземным моры (паміж Сыцыліяй і Кіпрам) з плошчай 24,100 квадратных кілямэтраў. Сардынія вельмі зялёная. Менавіта яна зьяўляецца самым лясным рэгіёнам Італіі.
На працягу сваёй доўгай гісторыі Сардынія практычна ўвесь час знаходзілася пад чужой уладай. Захопнікі заўсёды прыходзілі з мора. Таму значная частка насельніцтва, стаміўшыся ад ваенных дзеяньняў і падпарадкаваньня, перамясьцілася ў цэнтральную, горную частку выспы. Каб дабрацца адтуль да мора, патрабавалася як мінімум некалькі дзён. Таму вялікая частка насельніцтва займалася (і працягвае займацца) сельскай гаспадаркай, у прыватнасьці разьвядзеньнем авечак. Морапрадукты — гэта адносная навіна ў мясцовай кухні.
Сардынцы шмат рухаюцца. Яны застаюцца працаздольнымі да канца жыцьця: даглядаюць жывёлу, працуюць на агародзе, зьбіраюць горныя зёлкі, ну і канешне амаль усю сваю ежу робяць уласнымі рукамі.
Ва ўсіх рэгіёнах кухня вельмі падобная. Дарагія рэстараны не занадта адрозьніваюцца ад танных у сэнсе мэню. На абед і вячэру італьянцы ядуць шмат, і Сардынія тут не выключэньне. Тыповае мэню складаецца з закускі, першай стравы (паста ці макароны або нёкі, ці бульбяныя клёцкі), другой стравы з гарнірам і, калі ў страўніку ёсьць месца, дэсэрту.
Яшчэ да пачатку трапэзы ў любой кавярні і рэстаране вам падаюць кошык з мясцовым плоскім і дражджавым хлебам. На Сардыніі налічваецца каля 600 гатункаў хлеба, але менавіта гэтыя два — самыя папулярныя.
На закуску прапануецца асартымэнт мясцовых халодных мясных вырабаў («нарэзка»), мясцовы сыр, вельмі папулярная салата з марынаванага васьмінога. Галоўная італьянская страва гэта, вядома ж, макароны, ці паста. Самая папулярная — мясцовая фрэгала. Гэта паста выглядае як буйны рознакаляровы кускус, гэткія шарыкі. Другое па папулярнасьці блюда — спагеці з марскімі малюскамі. Паста, як правіла, сьвежапрыгатаваная.
Нават у аэрапорце кухар раскатвае цеста для сьвежых макаронаў на вашых вачах! У іх часьцей за ўсё ідзе сыр пекарына (авечы сыр) і рыкота (традыцыйна таксама авечы сыр, але зараз яго вырабляюць і з каровінага малака).
У якасьці другой стравы ў традыцыйных установах больш мяса (трусяціны, ягняціны), чым рыбы. З рыбы часта можна ўбачыць тунца (поўдзень Сардыніі славіцца мясцовым тунцом), рыбу-меч ці дараду. Дараду і іншую белую рыбу традыцыйна гатуюць у белым віне з алівамі і таматамі.
Два самых распаўсюджаных гарніры — сьвежая салата і грыляваная гародніна. Пад сьвежай салатай маецца на ўвазе вельмі проста нарэзаная гародніна (абавязкова прысутнічае мясцовы горкі салат Радзіка). Стандартная гародніна з набору «грыль» — бакляжан, кабачок і перац.
На дэсэрт прапануюцца знакамітыя італьянскія тырамісу, панакота, марозіва, сэзонная садавіна. Увогуле, сардынцы ядуць шмат садавіны: сьлівы, грушы, дыню.
Ўбачыць у рэстаране на Сардыніі вялікую італьянскую сямʼю з трох пакаленьняў — ня рэдкасьць. Ежа для італьянцаў — сацыяльны акт першараднай важнасьці. Ядуць яны доўга, размаўляюць падчас ежы шмат і шмат сьмяюцца. Моцныя сямейныя сувязі, між іншым, — важны складнік даўгалецьця, магчыма нават больш важны, чым дыета. Падчас свайго падарожжа па Сардыніі я наведала месца, якое даўно марыла ўбачыць — Вілаграндэ. У гэтай вёсцы — самая высокая шчыльнасьць доўгажыхароў. У гэтых людзей можна пераняць шмат карысных звычак, дыетычных і ня толькі.
Пра мой абед у гэтай вёсцы — у наступным артыкуле.