Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танна і хутка. Як аднаўляюць гістарычную спадчыну ў Магілёве


Стары будынак сынагогі і прыбудова да яе
Стары будынак сынагогі і прыбудова да яе

Магілёўскаму бізнэсоўцу Дзьмітрыю Дудалю Міністэрства культуры вынесла прадпісаньне, каб ён спыніў працы на будынку былой сынагогі. Гэтая камяніца — гісторыка-культурная каштоўнасьць. У дзеяньнях індывідуальнага прадпрымальніка, які ўзяўся аднаўляць стары будынак, Міністэрства культуры ўгледзела парушэньне шэрагу артыкулаў Закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». Гарвыканкаму даручана пракантраляваць, як выконваецца прадпісаньне.

Спыненыя працы і ў навакольлі сынагогі — на так званым Школішчы. Археалягічнага нагляду пры ўпарадкаваньні гэтай тэрыторыі не было.

Аднаўленьне без захаваньня аўтэнтыкі

Як вынікае з прадпісаньня, бізнэсовец выкарыстаў без узгадненьня і дазволу Міністэрства культуры пры аднаўленчых працах матэрыялы, якія не адпавядаюць аўтэнтычным. Узьведзеную з газасылікатных блёкаў прыбудову да старога дому цяпер належыць разабраць. Дзьмітрыя Дудаля абавязалі даць справаздачу аб праведзеных археалягічных досьледах, а таксама прадставіць навукова-праектную дакумэнтацыю па аднаўленьні будынку.

«Сумесна з навуковым кіраўніком на гісторыка-культурнай каштоўнасьці зрабіць захады па выкарыстаньні матэрыялаў, якія будуць адпавядаць гістарычным асаблівасьцям аб’екта», — гаворыцца ў дакумэнце Міністэрства культуры.

Старшыня рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч кажа: з навуковым кіраўніком аб’екта Антонам Вантухам, які зацьверджаны загадам Міністэрства культуры, адмаўляюцца супрацоўнічаць і генэральны праектавальнік, і заказчык будаўніцтва. Гэта і прывяло да шматлікіх парушэньняў, кажа ён.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

«Рэкамэндацыі навуковага кіраўніка ігнаруюцца, як і ён сам. Мае перамовы з заказчыкам дзеля наладжваньня супрацоўніцтва з навуковым кіраўніком ні да чога не прывялі, і як вынік — гэтае прадпісаньне. Навуковы кіраўнік адмовіўся хадайнічаць перад Мінкультам, каб прадпісаньня не было. Ён прызнаў наяўнасьць парушэньняў», — патлумачыў сытуацыю Антон Астаповіч.

Газасылікатныя блёкі замест керамічнай цэглы. Танна і хутка

Паводле ягоных слоў, заказчык вырашыў зэканоміць і замяніў керамічную цэглу на газасылікатныя блёкі. Сытуацыя тупіковая, заўважае Антон Астаповіч. Суразмоўца спадзяецца, што генпраектавальнік і заказчык пачнуць супрацоўнічаць з навуковым кіраўніком, каб выправіць сытуацыю.

Прадпісаньне ёсьць, але працы вядуцца
Прадпісаньне ёсьць, але працы вядуцца

«Нават калі заказчык працягне працы, калі гарвыканкам закрые вочы і ніякіх санкцыяў ня будзе ўжываць супраць парушальніка, то гэты аб’ект ніколі ня будзе ўведзены ў эксплюатацыю. Будуць змарнаваныя капіталаўкладаньні. Аб’ект не атрымае акту дзяржаўнай прыёмкі», — спрагназаваў сытуацыю Антон Астаповіч.

Ад сынагогі да ратушы рукой падаць
Ад сынагогі да ратушы рукой падаць

У былой габрэйскай малітоўні зьбіраюцца разьмясьціць рэстарацыю. Гэты будынак — адзіны, які ацалеў на Школішчы зь мінулых стагодзьдзяў.

Бульдозэрам па гісторыі

На самім Школішчы ўлады ўзяліся закладаць парк. Тыдзень таму краязнаўцы выклікалі міліцыю, каб спыніць разбурэньне культурнага пласта будаўнікамі. Бульдозэрам тыя нішчылі падмуркі старога дому, каб пракласьці ходнікі. Працы прыпынілі. Цяпер Міністэрства культуры, кажа кіраўнік магілёўскага аддзяленьня Таварыства аховы помнікаў Уладзімер Краўчанка, адмовілася падаўжаць тэрмін іх правядзеньня, паколькі было парушана заканадаўства.

Школішча. На заднім пляне — згорнуты і кінуты будаўнікамі грунт
Школішча. На заднім пляне — згорнуты і кінуты будаўнікамі грунт

«Міністэрства культуры дазволіла такія працы, але пад наглядам археолягаў. На справе ж яго не было», — тлумачыць сытуацыю Ўладзімер Краўчанка.

Сэнатар ня здаў справаздачы

«За гэтым мусіў сачыць Ігар Марзалюк (гісторык, сэнатар, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. — РС), які мае адпаведныя паўнамоцтвы. Дазвол на земляныя працы быў выдадзены да 2 верасьня. Марзалюк меўся падаць справаздачу аб археалягічным наглядзе, а галоўны архітэктар гораду — аб архітэктурных працах па Школішчы. Гэтага не было зроблена, і калі яны паспрабавалі падоўжыць тэрмін прац, то ім адмовілі, бо не было справаздачаў».

Прарытая траншэя на падмурку старога дома засталася
Прарытая траншэя на падмурку старога дома засталася

На Школішчы сапраўды няма працаўнікоў. А вось на пляцоўцы ля былой сынагогі тэхніка працавала, хоць будаўнікоў на ўзьведзеным імі навабудзе не было відаць.

Аднавіць, каб не пазнаць

На вуліцы імя Лазарэнкі працы на яшчэ адным падобным аб’екце ўжо даўно спыненыя. Тутэйшую стогадовую будыніну таксама ўзяліся былі аднаўляць. У выніку зьмянілі яе гістарычны выгляд. Каб пазьбегнуць санкцыяў, паспрабавалі пазбавіць дом ахоўнага статусу, але рупліўцы магілёўскай даўніны яго абаранілі. Неўзабаве і працы спыніліся. З моста, які адкрываў Аляксандар Лукашэнка, так і не адноўлены дом выглядае цяпер закінутым.

Будынак на Лазарэнкі. Старое нескладана вылучыць з новага
Будынак на Лазарэнкі. Старое нескладана вылучыць з новага

Як сьцьвярджае Ўладзімер Краўчанка, падмурак старога дому ня вытрымаў нагрузкі надбудаванага паверху. Пайшлі трэшчыны.

100 помнікаў страцілі ахоўны статус ці былі зьнішчаныя

Паводле краязнаўцы, за апошнія 8 год зь дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў выкрасьлілі дзьве траціны магілёўскіх помнікаў: было 150, стала 50.

Афіцыйных камэнтароў пра сытуацыю з помнікамі архітэктуры, якія ўзяліся былі аднаўляць ды так і не аднавілі, атрымаць не ўдалося.

На Лазарэнкі бурацца некалькі старых камяніцаў. Прадаць іх не ўдаецца. Няма пакупнікоў
На Лазарэнкі бурацца некалькі старых камяніцаў. Прадаць іх не ўдаецца. Няма пакупнікоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG