Падчас цырымоніі адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў на стадыёне «Маракана» беларускія спартоўцы прайшліся са сьцягам РФ на парадзе зборных-удзельніц, расейскі сьцяг у канцы калёны нёс адзін спартовец.
Прэс-служба Лукашэнкі: расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды — гэта пазыцыя прэзыдэнта
«Бро Бацька!»: прэс-сакратар Пуціна, прадстаўнік МЗС Расеі і кіраўнік LifeNews пра «расейскага сьцяганосца» на Паралімпіядзе
У «расейскім сьцяганосцы» на Паралімпіядзе пазналі дырэктара цэнтру падрыхтоўкі лёгкаатлетаў Фомачкіна
МЗС пра «расейскага сьцяганосца»: «Наш спартовец павёў сябе сур'ёзна, па-таварыску і па-мужчынску»
«На знак салідарнасьці», — старшыня паралімпійскага камітэту Беларусі пракамэнтаваў скандал з расейскім сьцягам
Мінспорту ня ведае, хто нёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды
Як паведамляе ВВС, Міжнародны паралімпійскі камітэт мае намер правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да дэлегацыі зборнай Беларусі, адзін зь сябраў якой зьявіўся на цырымоніі адкрыцьця Паралімпіяды з расейскім сьцягам.
Мужчыне ўдалося прайсьці па стадыёне некалькі дзясяткаў мэтраў, перш чым сьцяг у яго забралі.
Яго асоба выяўленая, абмяркоўваюцца магчымыя дысцыплінарныя меры. Раней у МПК папярэдзілі, што падобныя паводзіны будуць расцэненыя як палітычны жэст.
У канцы жніўня Фэдэральны суд Швайцарыі адхіліў скаргу Паралімпійскага камітэту Расеі на рашэньне Спартовага арбітражнага суду пра нядопуск расейскіх спартоўцаў да Паралімпіяды ў Рыё.
Рашэньне прыпыніць сяброўства Паралімпійскага камітэту Расеі было прынятае па выніках расьсьледаваньня фактаў з дакладу незалежнай камісіі Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна. У ім сьцьвярджаецца, што ў Расеі існавала дзяржаўная сыстэма падтрымкі допінгу.
Раней прагучала заява старшыні паралімпійскага камітэту Беларусі Алега Шэпеля. Ён запэўніў, што ня будзе маўчаць наконт самаўпраўства ў дачыненьні да братоў-расейцаў і на знак салідарнасьці пройдзе на цырымоніі адкрыцьця з расейскім трыкалёрам у руках. Праўда, пазьней гэтыя пляны крыху адкарэктаваў, сказаўшы, што будзе трымаць сьцяг Расеі на трыбуне:
«Тая дэлегацыя, якая афіцыйна выйдзе на стадыён „Маракана“, будзе несьці толькі беларускі сьцяг. І ніякага іншага. А што тычыцца афіцыйнай дэлегацыі, то я ўпэўнены, што ня толькі беларускі. Я ня бачу падставаў, калі мы кажам, што ў нас дэмакратыя, што апроч беларускага я магу ўзяць і расейскі сьцяг на афіцыйнай трыбуне. У мяне вельмі добрыя стасункі з прэзыдэнтам Паралімпійскага камітэту Расеі Ўладзімірам Лукіным, я яго абавязаны падтрымаць. І ня толькі я. А што тычыцца спартоўцаў, то яны павінны займацца спортам. Калі мы не аддзелім спорт ад палітыкі, у тым ліку і паралімпійскі рух, гэта ня вельмі добра скончыцца», — сказаў Алег Шэпель Свабодзе.