Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Узбэкістану афіцыйна памёр. Пра гэта паведаміла ўзбэцкае дзяржаўнае тэлебачаньне


Памёр Іслам Карымаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00

Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў памёр ва ўзросьце 78 гадоў, гаворыцца ў заяве ўраду і парлямэнту краіны.

Карымаў знаходзіўся ў шпіталі зь мінулага тыдня, але афіцыйная інфармацыя пра яго стан паступала скупа і зь вялікай затрымкай.
Толькі раніцай у пятніцу кабінэт міністраў краіны заявіў, што кіраўнік дзяржавы знаходзіцца ў крытычным стане.

Некалькі гадзінаў таму агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на афіцыйную інфармацыю ўраду Ўзбэкістану паведаміла пра сьмерць прэзыдэнта Ўзбэкістану 78-гадовага Іслама Карымава. Пазьней урад Узбэкістану абверг паведамленьне пра сьмерць, а агенцтва анулявала сваю інфармацыю, спаслаўшыся на тэхнічны збой.

Наўпроставы лінк

***

Іслам Карымаў нарадзіўся 30 студзеня 1938 году ў Самаркандзе.

У адрозьненьне ад абсалютнай большасьці камуністычных кіраўнікоў савецкіх рэспублік, Карымаў, перш чым у 1989-ым заняць пасаду 1-га сакратара ЦК кампартыі Ўзбэкістану, ня меў працяглага вопыту партыйнай працы: толькі ў 1986 годзе ён быў абраны першым сакратаром Кагкадыр’інскага абкаму. Да гэтага Карымаў працаваў на кіруючых гаспадарчых пасадах.

Пасьля заканчэньня ў 1960-ым палітэхнічнага інстытуту працаваў на заводзе «Ташсельмаш» — памочнікам майстра, майстрам, з 1961 — інжынэрам на авіяцыйным аб’яднаньні імя Чкалава.

З 1966 года Карымаў — у Дзяржпляне Ўзбэцкай ССР, дзе пасьлядоўна праходзіць ад галоўнага спэцыяліста аддзелу да першага намесьніка старшыні Дзяржпляну (пасада прыраўноўвалася да міністэрскай). Працуючы ў Дзяржпляне, ён у 1967-м атрымаў дыплём Ташкенцкага інстытуту народнай гаспадаркі, пазьней абараніў дысэртацыю кандыдата эканамічных навук (прыкметна, што ні на пасадах ва ўрадзе, ні пазьней, калі Карымаў зрабіўся гаспадаром рэспублікі, а потым і краіны, ён не пажадаў атрымаць «доктарскую» ступень ці званьне акадэміка).

Матэрыял пра Іслама Карымава ў газэце «Правда», 1989 год
Матэрыял пра Іслама Карымава ў газэце «Правда», 1989 год


У 1983 Карымаў сыходзіць на пасаду міністра фінансаў, але ў 1986-ым вяртаецца ў Дзяржплян старшынём, адначасна робіцца намесьнікам старшыні Савету міністраў Узбэцкай ССР. Але ў тым жа годзе гаспадарчая кар’ера Карымава мяняецца на партыйную: першы сакратар абкаму і ў 1989 — першы сакратар ЦК, з 1990 — член ЦК КПСС. Карымаў пасьпеў пабыць і членам апошняга складу Палітбюро ЦК КПСС — фактычна, з часоў Леніна вышэйшага кіруючага воргану Савецкага Саюза, аж да моманту ліквідацыі кампартыі пасьля жнівеньскага путчу 1991 году.

У сакавіку 1990-га на сэсіі Вярхоўнага Савета УзССР Карымаў быў абраны прэзыдэнтам Узбэцкай ССР.

Пад кіраўніцтвам Карымава Ўзбэкістан першым зь сярэднеазіяцкіх рэспублік абвясьціў незалежнасьць 31 жніўня — раней за Туркмэнію, Таджыкістан і Казахстан (апошні зрабіў гэта толькі праз тыдзень пасьля падпісаньня Белавескіх пагадненьняў) — нягледзячы на тое, што на «гарбачоўскім» рэфэрэндуме ў сакавіку таго ж году Карымаў агітаваў за захаваньне Саюзу. Вынік — 93,7% — «за» пры яўцы больш як 95%. Што празь дзевяць месяцаў, 29 сьнежня, не перашкодзіла 98% прагаласаваць за незалежнасьць Узбэкістану.

Тады ж адбыліся і прэзыдэнцкія выбары. Канкурэнтам Карымава быў паэт, лідэр партыі «Эрк» («Свабода»), дэпутат парлямэнту Мухамад Саліх. Паводле афіцыйных дадзеных, Карымаў атрымаў 86% галасоў, Саліх — 12,7%.

Адразу ж пасьля выбараў былі падаўленыя студэнцкія выступы, зачыненыя некаторыя грамадзкія арганізацыі і незалежныя выданьні, на лідэраў апазыцыі заведзеныя крымінальныя справы. Мухамэд Саліх эміграваў.

Іслам Карымаў, 1990
Іслам Карымаў, 1990


Такім чынам, Іслам Карымаў зрабіўся кіраўніком цяпер ужо цалкам сувэрэннага Ўзбэкістану і неаднаразова праз рэфэрэндумы працягваў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Міжнародная супольнасьць і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова выказвалі жорсткія ацэнкі аўтарытарнаму стылю кіраўніцтва Карымава, крытыкавалі яго за адсутнасьць палітычнай апазыцыі і незалежных СМІ, сыстэматычнае ўжываньне катаваньняў. Паводле ацэнак «Мэмарыялу», колькасьць палітзьняволеных ва Ўзбэкістане большая, чым у краінах — былых рэспубліках СССР, разам узятых.

У траўні 2005 году ЗША і краіны Эўразьвязу асудзілі ўжываньне зброі пры падаўленьні хваляваньняў у Андыжане, калі, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 187 чалавек. Пратэстоўцы патрабавалі паляпшэньня ўмоваў жыцьця і грамадзянскіх свабодаў. У адрозьненьне ад Захаду, пасьля падзеяў у Андыжане Крэмль падтрымаў Карымава, неўзабаве на тэрыторыі Ўзбэкістану былі разьмешчаныя расейскія вайсковыя базы. Амэрыканская вайсковая база была з Узбэкістану выведзеная.

На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у сакавіку 2015 года Карымаў набраў 90,39% галасоў.​

Храналёгія паведамленьняў пра стан Іслама Карымава (у зваротным парадку):

2 верасьня

19:40 Узбэцкае дзяржаўнае тэлебачаньне афіцыйна паведаміла пра сьмерць Іслама Карымава.

18.05 «Інтэрфакс» ануляваў паведамленьне пра сьмерць Карымава, спаслаўшыся на тэхнічны збой.

17.37 Агенцтва "РИА Новости" распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім прадстаўнік Кабінэту міністраў Узбэкістану зьняпраўдзіў інфармацыю пра нібыта афіцыйнае пацьвярджэньне сьмерці Карымава з боку ўраду.

17:17 Кіраўнік інфармацыйнага агенцтва «Фергана» Данііл Кіслоў апублікаваў відэа, на якім, як ён сьцьвярджае, картэж зь целам Іслама Карымава прыбывае ў Самарканд.


17.15 інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на прадстаўніка ўраду Ўзбэкістана паведаміла пра сьмерць Іслама Карымава.

16.40 (паводле менскага часу) дзьве дыпляматычныя крыніцы Кыргызстану і Аўганістану паведамілі AP, што 3 верасьня ва Ўзбэкістане пройдзе пахаваньне прэзыдэнта.

14.40 аэрапорт Самарканду — роднага гораду Карымава (на мясцовых могілках пахаваныя маці і два браты прэзыдэнта) зачынілі на ўвесь дзень 3 верасьня для ўсіх самалётаў.

13.54 прэмʼер-міністар Турцыі выказаў спачуваньні ўзбэцкаму народу без афіцыйнага пацьверджаньня сьмерці Іслама Карымава. «Няхай зь ім будзе ласка Алаха», — сказаў Біналі Йылдырым.

Дзяржаўныя тэлеканалы Ўзбэкістану прыбралі зь сеткі вяшчаньня рэкляму, тэлесэрыялы і праграмы забаўляльнага характару.

Днём прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы паведамленьне Reuters са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы пра сьмерць Карымава, заявіў, што першакрыніцай лічыць «толькі афіцыйную інфармацыю, якая паступае з Ташкенту».

Раніцай газэты Ўзбэкістану публікуюць паведамленьне кабінэта міністраў краіны аб «крытычным» стане прэзыдэнта рэспублікі Іслама Карымава.

1 верасьня

Увечары ў Самарканд ў тэрміновым парадку выляцеў прэмʼер-міністар Узбэкістану, тысячы дворнікаў усю ноч прыводзілі ў парадак тэрыторыю роднага гораду Карымава.



31 жніўня

РБК са спасылкай на на навуковага кіраўніка Навукова-дасьледчага інстытуту нэйрахірургіі імя акадэміка Бурдэнкі Аляксандра Канавалава паведамляе, што Карымава лечаць расейскія лекары.

Удзень малодшая дачка прэзыдэнта Ўзбэкістану Лола Карымава ў сваім Інстаграме павіншавала ўсіх жыхароў краіны зь Днём незалежнасьці і «падзякавала за дапамогу ў лячэньні прэзыдэнта».

30 жніўня

Бліжэй да вечара зьявіліся паведамленьні аб адмене афіцыйнай часткі сьвята — урачыстага канцэрту ў гонар Дня незалежнасьці краіны, які быў прызначаны на 31 жніўня. Прычына адмены не абвяшчалася.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ў Крамлі зыходзяць з таго, што начныя паведамленьні аб сьмерці Карымава не пацьвердзіліся.

29 жніўня

Увечары агенцтва «Фергана» паведаміла пра сьмерць Карымава. Афіцыйна гэтае паведамленьне было абвергнута.

28 жніўня

Дачка прэзыдэнта Лола Карымава ў сваім Інстаграме паведаміла аб шпіталізацыі бацькі ў рэанімацыю пасьля перанесенага ім інсульту.

У паведамленьні Кабінэта міністраў Узбэкістану гаварылася, што «абсьледаваньне і лячэньне можа заняць значны час».

27 жніўня

Стала распаўсюджвацца інфармацыя аб тым, што ў 78-гадовага прэзыдэнта Ўзбэкістану ёсьць праблемы са здароўем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG