Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім можа стаць Узбэкістан пасьля Карымава


Плаўная перадача ўлады ці бойка пад дываном, шанцы эканамічнай лібэралізацыі і ісламскай рэвалюцыі, змаганьне за Ташкент паміж Масквой і Пэкінам — сцэнары разьвіцьця падзеяў ва Ўзбэкістане

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Трайны ўдар

Трайны ўдар

Тры пытаньні для трох аналітыкаў. Штодзень тры аглядальнікі Свабоды абмяркоўваюць тры тэмы, якія сёньня падаюцца ім найбольш важнымі, актуальнымі і цікавымі. Апэратыўны аналіз бягучых падзеяў і тэндэнцыяў, улада і апазыцыя, вайна і мір, Расея і Захад, Беларусь і Эўропа.

Дракахруст: Афіцыйнага пацьверджаньня сьмерці Іслама Карымава яшчэ няма, але пра гэта ўжо паведаміла шмат крыніцаў. Вядома, што кіраўнік Узбэкістану перанёс інсульт, што ў Ташкент прыляцелі расейскія ўрачы. У сьвеце існуе шмат прэцэдэнтаў, калі пра сьмерць дыктатара паведамляюць не адразу.

Так што ў развагах, што будзе з Узбэкістанам пасьля Карымава, у гэты момант ёсьць доля ўмоўнасьці. Тым ня менш, яны не пазбаўленыя рацыі.

Зразумела, мы з вамі, калегі, не прэтэндуем на ролю вялікіх знаўцаў Цэнтральнай Азіі і Ўзбэкістану ў прыватнасьці. Але сёе-тое ведаем, ёсьць экспэртныя ацэнкі, ёсьць сусьветны і рэгіянальны досьвед.

Усе гады незалежнасьці Ўзбэкістан пражыў пра Карымаве. Гэта — адна з самых рэпрэсіўных дзяржаваў ня толькі рэгіёну, але і сьвету. Паведамляецца, што ў ім адным палітвязьняў больш, чым ва ўсіх астатніх краінах СНД разам узятых.

Варта прыгадаць, што толькі падчас падаўленьня маніфэстацыі ў Андыжане ў 2005 годзе там, паводле афіцыйных дадзеных, было забіта 187 чалавек, а паводле неафіцыйных — да тысячы.

Сказаць, што Карымаў быў дыктатарам, напэўна недастаткова. Ён быў і выбітным палітыкам, арбітрам унутрыэлітных супярэчнасьцяў, рукой, якая падаўляла радыкальныя ісламісцкія праявы.

Але сказаць, што Карымаў быў дыктатарам, напэўна недастаткова. Ён быў і выбітным палітыкам, арбітрам унутрыэлітных супярэчнасьцяў, рукой, якая падаўляла радыкальныя ісламісцкія праявы.

Што будзе зараз? Ніхто з экспэртаў не прадказвае хоць якіх істотных зьменаў у бок дэмакратызацыі. Дэмакратычнай сьвецкай апазыцыі ва Ўзбэкістане даўно няма проста фізычна: яна ці зьнішчаная ці выгнаная ў эміграцыю. Разглядаюцца ўласна два варыянты: перадача ўлады самай моцнай пасьля Карымава асобе ў сыстэме — прэмʼеру Шаўкату Мірзіяеву ці бойка за ўладу.

У Цэнтральнай Азіі існуе досьвед спакойнай перадачы ўлады ад дэспата яго пераемніку, які ня быў загадзя прызначаны і абвешчаны. Пасьля сьмерці Туркмэнбашы ўлада адразу ж перайшла ў рукі Гурбангулы Бэрдымухамэдава, пэўная бойка за ўладу, якая каштавала галавы тамтэйшаму шэфу спэцслужбаў, там была, але пасьля ўвацарэньня пераемніка, таму гэтую бойку, відаць, варта трактаваць хутчэй як чыстку — новы гаспадар прыбіраў моцных людзей папярэдніка.

Гэтак жа можа адбыцца і ва Ўзбэкістане. Але варта адзначыць, што там небясьпека ад бойкі за ўладу больш вялікая і для краіны, і для сьвету. Узбэкістан — краіна бедная, краіна вялікая, і краіна геапалітычна вельмі важная, яна ключ да Цэнтральнай Азіі. Ісламісты там загнаныя ў падпольле, кінутыя ў турмы, але ўплыў ісламістаў там хіба ня самы моцны ў рэгіёне, прынамсі, ён значна мацнейшы, чым быў у тым жа Туркмэністане пасьля сьмерці Туркмэнбашы. Яны — адзіны фактар па-за межамі ўладнай эліты, які можа ўплываць на падзеі.

Калі народ і можа ўмяшацца ў перападзел улады пасьля сыходу Карымава, то толькі ў выглядзе нейкай ісламскай рэвалюцыі.

Так што калі народ і можа ўмяшацца ў перападзел улады пасьля сыходу Карымава, то толькі ў выглядзе нейкай ісламскай рэвалюцыі.

Аднак нават калі зьмена ўлады пройдзе гладка, невядома, куды павядзе краіну новы лідэр. Узбэкістан падобны на Беларусь паводле ступені адзяржаўленасьці эканомікі, там таксама доля прыватнага сэктару ў ВУП прыкладна 30%, як і ў Беларусі. Так што ня выключана, што новы лідэр можа пайсьці на пэўную эканамічную лібэралізацыю, так бы мовіць, на казахстанізацыю Ўзбэкістану.

Таксама вялікае пытаньне — адносіны з Расеяй. Карымаў трымаў даволі значную дыстанцыю ад Масквы, пры ім Ўзбэкістан выйшаў з АДКБ, вёў даволі незалежную зьнешнюю палітыку. Меў палітычную сілу яе весьці. Не выклікае сумневу, што зараз Расея будзе ўсяляк імкнуцца аднавіць свае пазыцыі ў Ташкенце, у выпадку бойкі за ўладу яна можа ўстаць на той ці іншы бок у абмен на збліжэньне Ташкенту з Масквой.

Карбалевіч: Палітычны рэжым ва Ўзбэкістане — гэта рэжым такога ж тыпу, што і ў Беларусі. Гэта пэрсаналісцкі рэжым, аўтарытарны рэжым асабістай улады. Дыктатар — галоўны элемэнт палітычнай сыстэмы, безь яго яна можа захістацца ці нават разваліцца. Характэрная асаблівасьць такога тыпу рэжыму ў тым, што ў ім адсутнічае мэханізм перадачы ўлады. Таму пасьля сыходу аўтарытарнага лідэра адбываецца палітычны крызыс, вакуўм улады. І часта гэты крызыс вырашаецца сілавым шляхам.

Напрыклад, пасьля сьмерці Сталіна Хрушчоў расчысьціў сабе шлях празь арышт і расстрэл моцнага суперніка Лаўрэньція Бэрыі.

У краінах Блізкага Ўсходу калі зрынаецца сьвецкі дыктатарскі рэжым, то адзінай рэальнай альтэрнатывай становяцца ісламісты.

Праблема ў тым, што дыктатары пры жыцьці рэдка калі прызначаюць пераемнікаў. Бо асьцерагаюцца, каб гэты пераемнік не паскорыў іхны сыход з улады ці нават з жыцьця. У гэтым сэнсе цікава, што ў таго ж Карымава колькі часу таму быў канфлікт з дачкой, якая, як пісаў замежны друк, апынулася нават пад хатнім арыштам. У суседнім Казахстане Назарбаеў абвясьціў ворагам зяця.

Калі казаць пра вонкавыя ўплывы, то можа абвастрыцца суперніцтва за Ўзбэкістан паміж Расеяй і Кітаем. Уплыў Захаду значна слабейшы, асабліва пры адміністрацыі цяперашняга прэзыдэнта ЗША Абамы. Можа ўступіць у канкурэнцыю за ўплыў Турэччына, якая даўно прэтэндуе на статус рэгіянальнага лідэра, лідэра мусульманскага сьвету.

Паколькі палітычнай апазыцыі ва Ўзбэкістане няма, няма нават у такім кволым выглядзе, як у Беларусі, таму рэальнай альтэрнатывай рэжыму Карымава могуць стаць ісламісты. І тут пачынае дзейнічаць тая заканамернасьць, якая апошнімі гадамі яскрава праявілася ў краінах Блізкага Ўсходу. Яна палягае ў тым, што калі зрынаецца сьвецкі дыктатарскі рэжым, то адзінай рэальнай альтэрнатывай становяцца ісламісты. Гэтая заканамернасьць выявілася ў Аўганістане, Іраку, Лібіі, Эгіпце і інш. І гэта самая вялікая небясьпека для ўсяго рэгіёну.

Цыганкоў: Шмат будзе залежаць ад таго, наколькі ціха і спакойна пройдзе гэтая перадача ўлады. Ці адбудзецца, як гэта прынята ў такога кшталту рэжымах, «пад кілімам», альбо пачнецца актыўная барацьба. Большая частка экспэртаў называюць у якасьці патэнцыйнага пераемніка Шаўката Мірзіяева, цяперашняга прэм’ер-міністра.

Шмат будзе залежаць ад таго, наколькі ціха і спакойна пройдзе гэтая перадача ўлады.

Але асаблівасьць сытуацыі ў тым, што фармальна ў Мірзіяева няма адразу легітымных падставаў быць пераемнікам Карымава, бо, паводле Канстытуцыі, гэтым правам на часовы тэрмін, на тры месяцы, валодае сьпікер верхняй палаты парлямэнту. Так што тут павінна быць нейкае падкілімнае пагадненьне ўзбэцкіх элітаў наконт таго, хто будзе пасьля Карымава, і шмат залежыць ад таго, ці здолеюць яны дамовіцца мірна і разьмеркаваць сфэры ўплыву.

Калі пачнецца адкрытая барацьба за ўладу, то гэта можа сапраўды расхістаць усю сыстэму. І магчымы парадокс — з тых, якія мы назіралі на Блізкім Усходзе: калі большая дэмакратыя ў такіх краінах прыводзіла не да дэмакратычнага кіраваньня, а прыводзіла да ўлады ісламістаў ці іншыя радыкальныя сілы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG