Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чачэнскі экспрэс». Рэпартаж зь берасьцейскага цягніка, на якім сотні чачэнцаў спрабуюць патрапіць у Эўразьвяз


«Усе інтэрвію мы будзем даваць, калі нас прымуць у Польшчы», — вельмі не ахвочыя да размоваў з журналістамі чачэнцы хаваюць твары ад камэры і не называюць сваіх імёнаў. За апошнія два месяцы ў Берасьце прыехалі да трох тысяч чачэнцаў, дагестанцаў і інгушаў. Яны кідаюць дамы на радзіме, каб хоць з 40-й спробы атрымаць прытулак у Польшчы.

«Чачэнскі экспрэс»

7:30 раніцы, станцыя «Брэст-Цэнтральны». У гэты час адкрываецца тэрмінал на цягнік да польскага Тэрэспаля. На ўсім вакзале чуваць толькі незразумелую мову. Адпраўляецца так званы «Чачэнскі экспрэс» — цягнік, на якім чачэнскія ўцекачы едуць да Тэрэспаля, каб атрымаць прытулак у Польшчы.

Раніцай на вакзале вялікія чэргі
Раніцай на вакзале вялікія чэргі

Ехаць цягніком — 15 хвілінаў. Раней гэта быў прыгарадны дызель з двух вагонаў. Беларусы ехалі на закупы ў Польшчу і вярталіся ў Берасьце ўжо праз тры з паловай гадзіны.

Зараз беларускіх вагонаў засталося столькі ж. Яшчэ восем «чачэнскіх». Зь іх нельга патрапіць у «беларускія», бо дзьверы паміж вагонамі замкнутыя.

У Тэрэспаль штодня едзе 400–800 чалавек. Амаль усе яны вернуцца ў Берасьце праз тры з паловай гадзіны — першым цягніком назад. Штодня палякі прымаюць дакумэнты і даюць прытулак 3–4 семʼям.

Не здымайце, бо прыедуць «кадыраўцы»

Больш за ўсё на цягніку едзе чачэнцаў. Але яны самыя закрытыя. Не дазваляюць здымаць сябе, нават на дыктафон ня хочуць нічога казаць. Усе як адзін адказваюць, што ў іх «сурʼёзныя праблемы». Казаць пра іх адкрыта яны гатовыя толькі на тэрыторыі Польшчы.

У каго скончыліся грошы, начуюць на вакзале
У каго скончыліся грошы, начуюць на вакзале

45-гадовая кабета прыехала толькі ўчора з Грознага. Яшчэ не пасьпела прызвычаіцца да берасьцейскага рытму. Кажа, што ў ейнага сына пачаліся праблемы ў Чачні. Яна ня хоча, каб ён стаў калекам, а таму сабрала ўсіх дзяцей і прыехала ў Берасьце.

«Я не хацела пакідаць сваёй радзімы, але выйсьця я ня маю, — кажа яна. — Мула параіў зьехаць. Ён аднекуль даведаўся. Але ён нават баяўся мне казаць пра гэта, калі побач ляжаў тэлефон».

Гэта робіць нашая дзяржава. Нейкая структура, прыбліжаная да прэзыдэнта», — кажуць жанчыны

Ейная суседка на вакзале кажа, што яе сына выкрадалі і зьбівалі. Падобныя гісторыі распавядаюць і іншыя. Звычайна хлапцоў і мужчын затрымліваюць «людзі ў чорным», невядома куды адвозяць і прымушаюць прыняць на сябе нейкае злачынства ці заплаціць невядома за што вялікія грошы.

Яны просяць не здымаць іх, бо «кадыраўцы» будуць помсьціць іхнім сваякам у Чачні.

Уначы да нас прыходзяць тэрарысты, а ўдзень — фэдэралы

Сямʼя з Дагестану жыве ў Берасьці два месяцы. Сёньня ў іх была 23-я спроба патрапіць у Польшчы. Але гэта не рэкорд. Некаторыя паказваюць пашпарты з 46 адмовамі ва ўезьдзе ў Польшчу.

Людзі просяць, каб іхнія твары не публікавалі, бо іхнія сваякі ў Чачні будуць мець праблемы
Людзі просяць, каб іхнія твары не публікавалі, бо іхнія сваякі ў Чачні будуць мець праблемы

У гэтай сямʼі пачаліся «сурʼёзныя праблемы» пасьля таго, як муж таксіст падвёз «ня тых людзей». Апошнія два месяцы ён ня жыў дома, бо па яго ўвесь час прыходзілі «тэрарысты з бародамі».

«Яны прыходзяць уначы, і што спытаюць — ежу, вопратку, грошы, — трэба аддаваць. Адмовіць ім нельга», — кажа жонка дагестанца.

Сямʼя зьвярнулася ў паліцыю, і праблемаў у іх дадалося. Цяпер паліцыянты патрабуюць ад іх выдаць імёны тэрарыстаў. Людзі кажуць, што ня ведаюць, на што паліцыя абвінавачвае іх ва ўкрываньні.

«Так і жывем. Уначы прыходзяць тэрарысты, а ўдзень — фэдэралы», — кажа жонка

У сямʼі чацьвёра дзяцей. Двое старэйшых ходзяць у школу. Заўтра пачынаецца вучэбны год, і бацькі хвалююцца, каб дзеці як найхутчэй пачалі вучобу.

«Мы прыехалі ў ліпені, думалі, хутка патрапім у Польшчу. Не разьлічвалі так доўга тут заставацца», — кажа жонка.

У сваім пасёлку ў Дагестане яны прадалі ўсе рэчы. Вяртацца назад ім няма куды.

«Вайна скончылася 15 год таму, але не для нас, — кажа жонка. — Для мірных жыхароў яна працягваецца, і ніхто на гэта не зьвяртае ўвагі».

100 эўра ў дзень на сямʼю

У Беларусі шмат памежных пераходаў, але рэдка калі можна пабачыць чачэнскія семʼі ў іншых памежных гарадах. Амаль усе яны едуць у Берасьце.

Справа ў тым, што польскія ўлады прымаюць толькі ўцекачоў, якія прыяжджаюць цягнікамі. Цягнік з Гародні да Кузьніцы пакуль ня ходзіць, а таму найбліжэйшы ад Менску і найпрасьцейшы шлях у Эўропу — празь Берасьце.

Дзеці ўцекачоў каля вакзалу
Дзеці ўцекачоў каля вакзалу

Уцекачы робяць касу ня толькі чыгуначнікам. Яны наймаюць кватэры на суткі, езьдзяць на таксі, набываюць прадукты, а з пахаладаньнем — і вопратку.

«Недзе 100 эўра на дзень сыходзіць», — кажа адзін чачэнец пра свае расходы.

15–30 эўра за кватэру на суткі, квіткі на цягнік і назад на мужа, жонку і чатырох дзяцей — гэта яшчэ амаль 60 даляраў (квіток на аднаго чалавека ў два бакі — 18 рублёў), плюс ежа і аптэкі.

«Зараз пахаладала і дзеці пачалі хварэць», — скардзіцца ягоная жонка.

Грошы на паездку для ўцекачоў звычайна зьбіраюць усе сваякі. Тым, што затрымліваюцца ў Берасьці, прыходзяць грашовыя пераходы. Калі заканчваюцца і гэтыя грошы, людзі вяртаюцца. Некаторыя паехалі дамоў ужо ўчора, пасьля таго, як разыйшоўся лягер на беларуска-польскай мяжы.

Беларусы нам дапамагаюць больш, чым свае

Хоць у горад прыехалі амаль тры тысячы чачэнцаў, канфліктаў зь міліцыяй у іх быццам бы няма. Нават падчас ціхага мітынгу на мяжы міліцыянты і памежнікі адно толькі даглядалі за імі.

«Мы ўдзячныя беларускім уладам, што нам далі гэтае месца», — казаў учора пра лягер прадстаўнік чачэнцаў Абдула.

Больш за тое, уначы да чачэнцаў прыяжджаў «нейкі беларускі дэпутат». Ён прывёз коўдры. Потым удзень некалькі разоў да іх падʼяжджалі мясцовыя, ды прывозілі ежу, пітво, пампэрсы.

«Ня ведаю, ці ёсьць у нас тут нейкая дыяспара, — кажа яшчэ адзін прадстаўнік чачэнцаў па імені Мікалай. — Калі б яна была, напэўна, прыехала б да нас. А пакуль нам толькі беларусы дапамагаюць».

Некаторыя нават задумваюцца, ці не застацца ім у Беларусі. Чачэнец, які прыехаў у Берасьце з жонкай і чатырма дзецьмі пасьля двух месяцаў паездак у Тэрэспаль нават пачаў шукаць працу.

«Даўно ўжо думаў, каб у Беларусь пераехаць, — кажа ён. — Яшчэ як падумваў. Але тут такія заробкі, што сямʼю не пракорміш».

Палякі: «Раскажыце, што робіцца ў Берасьці»

Увесь час да журналістаў падыходзяць уцекачы ды пытаюцца, як ім лепш патрапіць у Польшчу. Папераў, што ім выдаюць у Тэрэспалі, яны прачытаць ня могуць. Законаў таксама ніхто ня ведае.

«Ведаю, што часам нашых прымаюць. Некалькі чалавек зь цягніка прымуць. Таму нейкая надзея ёсьць», — кажа жанчына з Чачні, што едзе з трыма дзецьмі.

Гэтак, як чачэнцы нічога ня ведаюць пра ўмовы ў Польшчы, мала хто з жыхароў Тэрэспаля ведае пра праблемы чачэнцаў у Берасьці. Усе гэтыя 400-800 уцекачоў, якія прыяжджаюць сюды штодзень, не выходзяць далей за памежны тэрмінал, і на вуліцах Тэрэспля не знайсьці ніводнага чачэнца.

Памежнікі прыпыняюць журналістаў у Тэрэспалі для праверкі дакумэнтаў, і потым распытваюць, што адбываецца ў Берасьці: колькі там чачэнцаў, дзе яны жывуць, ці больш іх прыяжджае?

Чачэнцы ж просяць даведацца, ці будуць прымаць больш людзей. Яшчэ два месяцы таму зь цягніка маглі прыняць да дзесяці семʼяў. Зараз у лепшым выпадку — чатыры.

«Каб ведала, ня ехала б сюды», — кажа кабета, якая прыехала ў Берасьце на днях. — Чаму проста не адмаўляюць людзям. Бачу, што нікому мы не патрэбныя«.

Пакуль хоць адной сямʼі будуць даваць прытулак, астатнія сотні чачэнцаў будуць спрабаваць патрапіць у Польшчу.

«Іншага выйсьця ў нас няма, — кажа па дарозе назад у Берасьце кабета з Дагестану. — Будзем спрабаваць да апошняга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG