Сад ахінуты летнім цяплом і цішынёй. Лёгкі подых ветрыку даносіць пах начных фіялак. Дзівосныя маленькія кветачкі! Удзень сьпяць, згарнуўшы найдалікатнейшыя бэзавыя пялёсткі. Іх час — ноч, калі яны цудоўным, дурманлівым водарам запаўняюць усю навакольную прастору.
На траўніку сподачак з малаком. Для Яшкі. Вожык. Жыве недзе ў садзе. Часта сустракаемся. Абавязкова прыйдзе і сёньня. Мы пасябравалі. Ужо ня згортваецца ў клубок. Ня чмыхае. Шастае паўсюль як гаспадар.
У бяздоньні неба зорны россып. Начныя матылі танчаць у сьвятле ліхтара. Арэлі, зьлёгку пагойдваючыся, закалыхваюць... Чытаць усё цяжэй... Ноч паціху атуляе сваёй посьцілкай...
Вікторыя Грыніна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svаbodа@rferl.org