Перамогу Самсонава над Аўчаравым ужо называюць сэнсацыяй. Для беларуса гэта шостая Алімпіяда, але ні на воднай ён не выходзіў далей за чвэрцьфінал. 9-я ракетка сьвету па настольным тэнісе, свае галоўныя дасягненьні ён пакінуў у 2000-х. Трохразовы пераможца Кубку сьвету, шасьціразовы чэмпіён Эўропы ў розных разрадах, апошнім часам яго імя сьвяцілася толькі ў клюбных турнірах.
Самсонаў выступае разам зь Дзьмітрыем Аўчаравым за расейскі клюб «Факел-Газпром». Але Аўчараў маладзейшы за Самсонава на 12 год і вышэйшы за беларуса ў сусьветным рэйтынгу.
На пачатку матча Самсонаў пашкодзіў міжрэбравыя мышцы, для чаго ўзяў мэдычны тайм-аўт. Пасьля прыняцьця лекаў ён працягнуў гульню.
Нягледзячы на траўму і пройгрыш у першай партыі, Самсонаў перамог Аўчарава зь лікам 4:2. Гэта лепшы для Самсонава вынік за 20 год выступаў на Алімпійскіх гульнях.
У паўфінале ён сустрэнецца з 4-й ракеткай сьвету Чжан Цзыке. На мінулай Алімпіядзе ў Лёндане кітаец выйграў два залатыя мэдалі.