Не магу пагадзіцца з аналізам Плошчы-2010, які зрабіў у сваім блогу «Уся праўда пра Плошчу-2010: казаць ці не казаць» Сяргей Дубавец. Справа, зразумела, даўняя, корпацца ў даўніне можа і ня варта, у будучым шмат што будзе інакш. Але не зусім ужо інакш і ўрокі зь мінулага рабіць сапраўды варта.
Зразумела, як той казаў, параза — заўсёды сірата. Калі параза, дык значыць, нешта пайшло ня так, нехта нешта не разьлічыў. Але цяперашні безапэляцыйны суд робіцца вельмі заднім лікам: далейшае разьвіцьця падзеяў, вядомае зараз, па ўмаўчаньні разглядаецца, па-першае, як наканаванае, адзіна магчымае, а па-другое, факты, абставіны, вядомыя зараз, лічацца вядомымі і тады.
параза — заўсёды сірата
«Паход на Дом ураду, пад завязку набіты амонам, быў клясычнай правакацыяй — безь ніякае рэалістычнае мэты» — піша Сяргей Дубавец. А пра «пад завязку набіты амонам» — гэта Сяргею ўжо тады было вядома? Ці арганізатарам і ўдзельнікам акцыі гэта было вядома? Мне, вось, напрыклад, вядома не было.
Да таго ж хіба невядомыя з гісторыі выпадкі, калі амон, паліцыя, войскі расступаліся перад пратэстоўцамі ці паўстанцамі? У Менску ў сьнежні 2010 году так не адбылося. Але што і не магло адбыцца — гэта моцная тэза, ў значнай ступені грунтаваная на тым, што мы зараз ведаем, чым скончыліся тады падзеі.
Субʼектыўна многія лідэры, удзельнікі і сымпатызанты тых падзеяў напэўна лічылі, што і расступяцца. Прыгадайце гэтае суцэльнае «Ўсё вырашыць Плошча», якое тады віравала ў прамовах палітыкаў, і на сайтах, і ў сацыяльных сетках. Вырашыць як?
Што тычыцца асабіста мяне, то я, як і Сяргей зараз (і магчыма тады), меў да такой пэрспэктывы вялікі скепсіс. І незадоўга да выбараў, размаўляючы з кіраўніком штабу аднаго з кандыдатаў, задаваў пытаньне: а вы ведаеце, што вы будзеце рабіць, калі людзі выйдуць на Плошчу, ці маеце вы плян прыгожага сыходу зь яе, калі паўтарыць украінскі Майдан 2004 году не атрымаецца?
Ну а калі б тады ў Кіеве было не 200 тысячаў, якіх не чакалі і самі лідэры Майдану, а тыя абяцаныя 15 тысячаў, то гэта быў бы інфантылізм і правакацыя?
Адказу я не пачуў. Падумаў, што можа ня хоча выдаваць чалавек сакрэты. Зараз падаецца, што сакрэтаў і не было. Але распавядаю гэта не дзеля таго, каб паказаць, які быў разумны я, і якія дурныя палітыкі. А дзеля канстатацыі, што пралічаныя стратэгіі рэвалюцыі — гэта з жанру прыгожых казак. Сяргей Дубавец піша, што ні ў якім выпадку нельга параўноўваць беларускую Плошчу-2010 і Эўрамайдан-2014, ва Ўкраіне, маўляў, быў і імпэт, і парыў, а ў Беларусі — адно інфантылізм ці правакацыя.
Аднак насамрэч плянаваньне ўкраінскіх Майданаў, так выглядае, было не нашмат лепшым, чым беларускіх Плошчаў.
Вось расповед аднаго з «палявых камандзіраў» Майдану-2004 Тараса Стецьківа: «Я пацікавіўся ў лідэра моладзевай арганізацыі „Пара“ Ўладзіслава Каськіва, калі і колькі людзей ён зможа прывесьці на вуліцы Кіева. Ён кажа: „Ну, на аўторак тысяч пятнаццаць будуць“. А ўжо ў панядзелак пад вечар на Майдане было дзьвесьце тысяч чалавек».
Ну а калі б тады ў Кіеве было не 200 тысячаў, якіх не чакалі і самі лідэры Майдану, а тыя абяцаныя 15 тысячаў, то гэта быў бы інфантылізм і правакацыя? Аднак, як вынікае з гэтага расповеду, яны ж, ідучы на пратэст, ня ведалі, колькі будзе, яны рызыкавалі. І хіба пры гэтым былі разумнейшымі за іх беларускіх калегаў у 2010 годзе?
А пра Майдан-2013-2014 фантастычную гісторыю распавёў мне калега з украінскай службы нашага радыё Дмітро Шурхала, які быў на Майдане з першых яго дзён: " Роўна год таму на Майдан выйшла некалькі соцень людзей. Я вельмі добра памятаю момант, калі стала вядома, што Януковіч у Вільні на саміце «Ўсходняга партнэрства» падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЭЗ усё ж такі адмовіўся. Я тады быў на Майдане і бачыў, што людзі былі разгубленыя, яны ня ведалі, што рабіць. Грамадзкія актывісты, якія тады былі рухавіком Майдану, параіўшыся, вырашылі, што будуць пакрысе разыходзіцца. Гэта было ў пятніцу, дык яны вырашылі ў нядзелю правесьці завяршальны мітынг і разысьціся. Быў плян прыбраць за сабой на Майдане, нават мяцёлкі назапасілі.
Вырашалі стварыць грамадзянскую сетку пад чарговыя прэзыдэнцкія выбары, якія меліся адбыцца на пачатку 2015 году. Але ўсё зьмянілася пасьля разгону Майдану. Я дагэтуль не магу зразумець, хаця спрабаваў гэта высьветліць — хто аддаў загад «Бэркуту» ў ноч з 29 на 30 лістапада разагнаць людзей, якія былі на Майдане. Там заставалася некалькі соцень. «Бэркут» дзейнічаў дэманстратыўна жорстка, за людзьмі ганяліся з паўкілямэтра і паказальна білі. І вось тады такі млявы пратэст за адзін дзень ператварыўся ў масавы. 1 сьнежня на вуліцы Кіева выйшлі сотні тысяч людзей».
Чаму быў аддадзены загад «Беркуту» разагнаць Майдан, які ўжо згасаў? А бо ведалі прыклад, скажам, Лукашэнкі, які аддаў такі ж загад, і на наступны дзень 20 сьнежня 2010 году на Плошчу выйшла купка людзей. А калі б гэтак жа было б і ў Кіеве 1 сьнежня 2013 году — разагналі і ніхто ня выйшаў? То «грамадзкія актывісты, якія тады былі рухавіком Майдану» былі б, паводле Дубаўца, інфантыламі і правакатарамі? Ну так жа атрымліваецца па лёгіцы Сяргея — вывялі людзей на Майдан, тых разагналі, зьбілі. І чаго дасягнулі?
Мэта цаной велізарных ахвяраў зламаць працэс пацяпленьня адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам была занадта ўбогай і несувымернай ахвярам і наступствам
Ну дык ва Ўкраіне іншы народ — можна запярэчыць. Іншы, але высьветлілася гэта постфактум. З расповеду Дмітра Шурхалы вынікае, што арганізатары Майдана былі ўпэўненыя як раз у адваротным, яны прыдумалі плян прыгожага сыходу, назапасілі тыя мяцёлкі, бо былі ўпэўненыя, што нічога ў іх ня выйшла. У гэтым сэнсе ўласна плянаваньне і прадбачаньне ў «разумных» украінцаў было зусім ня лепшае, чым у «дурных» беларусаў. І падазраю, што наагул у якой бы то ні было краіне эпас пра дальнабачных правадыроў рэвалюцыяў, якія ўсё пралічвалі на 10 хадоў наперад — гэта казкі, складзеныя значна пазьней пасьля таго, як ім пашанцавала перамагчы.
Ну і яшчэ адна дэталь пра Майдан-2013-2014 гадоў. Калі недзе празь месяц пасьля пачатку стаяньня Майдану радыкальная моладзь пайшла біцца з паліцыяй на Грушэўскага, як іх ахрысьцілі афіцыйныя правадыры Майдану Арсені Яцанюк і Віталь Клічко? Правільна, правакатарамі.
Як яны трактуюцца ва Ўкраіне зараз? Правільна, як героі рэвалюцыі, як тыя, хто прынёс, у тым ліку і сваёй крывёй, Украіне свабоду.
А калі б Майдан у Кіеве прайграў, калі б улада ў адказ на дзеяньні гэтых радыкалаў пайшла ў контрнаступ і перамагла? А магло быць так, гэта зараз здаецца, што ўсё было перадвызначна і наканавана. І як бы гэтыя людзі трактаваліся зараз? Гэтак жа, як зараз Сяргей Дубавец трактуе Ўладзімера Кондруся, ці інакш?
Да таго ж для ацэнкі падзеяў у Менску 19.12.10 трэба ўлічваць яшчэ адзін чыньнік. Аднавілася дыскусія пра тыя падзеі ў сувязі з арыштам прыгаданага Кондруся. У дыскусіі ў «Трайным удары» калега Ўладзімер Глод, характарызуючы стаўленьне да Кондруся айчыннай грамадзянскай супольнасьці, сказаў геніяльную фразу: «калі не дэмакрат, не апазыцыйны актывіст — значыць агент».
Лепш ня скажаш. Вельмі паказальна, што за дужкамі гэтай цудоўнай схемы застаецца такая «драбяза», як народ. Народ клікалі на Плошчу, ён і прыйшоў. Ці і ён у тым ліку. Вырашаць. Казалі ж, што ўсё вырашыць Плошча. Просты народ гэтых актывісцкіх мантраў пра «маральную перамогу», пра «выказаць свой пратэст», ня ведае і не разумее. Вырашаць дык вырашаць. Такі вось ён «правакатар».
Калі лідэры Плошчы-2010 суб’ектыўна дакладна адчувалі, усьведамлялі, што на наступны дзень на Плошчу ня выйдзе амаль ніхто, што шанцаў на посьпех проста няма, яны, магчыма, і заслугоўваюць папрокаў Сяргея Дубаўца. Мэта цаной велізарных ахвяраў зламаць працэс пацяпленьня адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам была занадта ўбогай і несувымернай ахвярам і наступствам. І не факт, што наагул вартая дасягненьня.
Але насамрэч не бывае ідэальна сплянаваных і кіраваных рэвалюцыяў (як і войнаў, і працы, і жыцьця наагул)
Але суб’ектыўна яны маглі проста не лічыць кіраваны імі пратэст безнадзейнай справай, маглі спадзявацца на іншае, на цуд. Цуды час здараюцца. Як ніякіх гарантыяў посьпеху ня мелі іх украінскія калегі, іх кіргіскія калегі ў тым жа 2010 годзе, іх эгіпэцкія калегі, якія ў 2011 годзе ішлі на плошчу Тахрыр пад кулі паліцыі, іх бахрэйнскія калегі ў тым жа 2011 годзе, якіх утапілі ў крыві пры дапамозе саудаўскага спэцназу.
Зразумела, што добрае плянаваньне, ўцямнее разуменьне сваіх мэтаў, адэкватная ацэнка наяўных сілаў, добрае кіраваньне людзьмі, якіх ты клічаш за сабой — рэчы карысныя і ў асабістым жыцьці, і на працы, і на вайне, і ў рэвалюцыі. І брак усяго гэтага 19 сьнежня 2010 году сапраўды меў месца.
Але насамрэч не бывае ідэальна сплянаваных і кіраваных рэвалюцыяў (як і войнаў, і працы, і жыцьця наагул). Гэтак і не бывае гарантавана пераможных рэвалюцыяў і войнаў. Ну і жыцьця наагул.
Бываюць і паразы. Якія заўсёды сіроты. Але яны далёка не заўсёды вынік інфантылізму ці правакацыяў. Часам яны проста паразы.