Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад уварваньня Расеі не абаронены ніхто»


Жыхарка грузінскага гораду Горы плача каля руін свайго дому, разбуранага расейскімі бамбаваньнямі. 23 жніўня 2008 году.
Жыхарка грузінскага гораду Горы плача каля руін свайго дому, разбуранага расейскімі бамбаваньнямі. 23 жніўня 2008 году.

Успаміны жыхара Грузіі пра першыя дні «жнівеньскай вайны» з Расеі 2008 году.

У Грузіі 8 жніўня ўспамінаюць ахвяр вайны з Расеяй 2008 году, у выніку якой расейскія сухапутныя войскі былі ўведзены ў Паўднёвую Асэтыю і Грузію, а расейская авіяцыя нанесла сэрыю разбуральных удараў па грузінскіх гарадах і вёсках. Расея на афіцыйным узроўні сьцьвярджала і працягвае сьцьвярджаць, што ваенная сіла была прыменена ў адказ на ўзмацненьне абстрэлу грузінскай арміяй адміністрацыйнага цэнтра Паўднёвай Асэтыі, гораду Цхінвалі, у выніку якога загінулі грамадзяне Расеі (да 2008 году многія жыхары Цхінвальскага рэгіёну ўжо пасьпелі абзавесьціся расейскімі пашпартамі) і расейскія міратворцы. Масква лічыць, што такім чынам тагачасны прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі спрабаваў умацаваць сваю ўладу ўнутры краіны. У Грузіі падзеі 2008 году называюць «акупацыяй» і настойваюць на тым, што рэжым спыненьня агню, які дзейнічаў на той момант, 7 жніўня быў парушаны менавіта асэтынскім бокам.

Расея афіцыйна ўступіла ў вайну 8 жніўня. 9 жніўня ў Кадорскай цясьніне да баявых дзеяньняў далучылася самаабвешчаная рэспубліка Абхазія, якая раней адкалоліся ад Грузіі. У Расеі ваенная апэрацыя атрымала сапраўды оруэлаўскую назва — «Прымус да міру». Вайна працягвалася 5 дзён. Пасьля заканчэньня яе гарачай фазы, у пэрыяд з 14 па 16 жніўня, кіраўнікі непрызнаных рэспублік Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а затым прэзыдэнты Расеі і Грузіі пры пасярэдніцтве прэзыдэнта Францыі падпісалі плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, названы «Плянам Мядзьведзева — Сарказі».

Ахвярамі вайны, па розных зьвестках, сталі ад 1000 да 4000 чалавек. Грузія сьцьвярджае, што страціла крыху больш за 400 вайскоўцаў і мірных жыхароў, расейскія крыніцы казалі аб 3000 загінулых толькі зь ліку грузінскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў іншых сілавых ведамстваў. Расейскія страты ацэньваюцца Масквой у 67 загінулых, Тбілісі сьцьвярджаў, што Расея страціла ў гэтай вайне да 400 салдат.

Папулярны грузінскі блогер Георгій Джахая ў юнацтве быў вымушаны бегчы з бацькамі з Сухумі, дзе ён нарадзіўся і пражыў першыя 18 гадоў свайго жыцьця. На другую вайну ён спазьніўся праз аўтамабільную аварыю — Георгій быў у адпачынку з жонкай і дзецьмі і з-за ДТЗ прыехаў у ваенкамат у Тбілісі толькі 9 жніўня, калі рэзэрвістаў ўжо перасталі адпраўляць на фронт. У інтэрвію Радыё Свабода Джахая успамінае, як разьвітваўся зь сям’ёй, як панікавалі людзі ў Тбілісі пасьля навіны пра расейскія танкі, якія ідуць на грузінскую сталіцу, і разважае пра тое, навошта насамрэч Расеі спатрэбілася акупаваць Цхінвальскі рэгіён Грузіі:

РС: Якой была атмасфэра ў Тбілісі ў тыя дні, 8, 9 жніўня? Людзі рэальна баяліся, што ў Тбілісі ўвойдуць расейскія танкі?

Джахая: 8 і 9 гэтага не было. 9-га людзі яшчэ спадзяваліся, што грузінская армія зможа спыніць гэты наступ. Рэальна паніка пачалася 11 жніўня, калі прэзыдэнт Грузіі выступіў па тэлевізары і сказаў, што на Тбілісі ідуць войскі. Вось тады пачалася рэальная паніка. Былі людзі, якія садзіліся ў машыны і беглі ў Кахэцію, спрабавалі перайсьці мяжу і трапіць у Азэрбайджан або Армэнію, за мяжу.

РС: Калі ўсе гэтыя падзеі скончыліся, як яны ўспрымаліся ў Грузіі — як перамога, як балючая параза ці як нешта трэцяе?

Джахая: Як сказаць... Гэта была і не перамога, вядома, але і не параза. Вайна ня скончана, вайна працягваецца і сёньня. Сёньня тэрыторыю Грузіі акупуюць расейскія войскі. І пакуль яны не пакінуць Грузію, да таго часу вайна ня спыніцца. Гэта, вядома, былі трагічныя дні, якія зьядналі Грузію. Я тады ўбачыў Грузію такой, якой яе ніколі ня бачыў. 1 верасьня 2008 году людзі сталі ў ланцуг. Гэты ланцуг аперазаў усю Грузію. Больш за мільён чалавек стаялі ў гэтым ланцугу. І ўсе грузіны былі адзіныя ў сваім імкненьні захаваць Грузію, захаваць мір у Грузіі. Усе гэтыя людзі патрабавалі ад Расеі вываду яе акупацыйных войскаў з Грузіі.

На жаль, Расея так і ня выканала патрабаваньне таго дагавора, які яны падпісалі 12 жніўня. Па гэтай дамове ўсе войскі павінны былі быць адведзены на даваенныя пазыцыі. Расея наплявала на падпісаныя дакумэнты і так і ня вывела свае войскі з Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну. Сёньня мы ўсе ўспамінаем загінуўшых абаронцаў Грузіі, якія склалі свае галовы, абараняючы сваю радзіму. Мы ўспамінаем мірных жыхароў, якія загінулі ў выніку абстрэлаў з расейскага боку, у выніку этнічных чыстак, якія былі праведзены расейскімі грамадзянамі на тэрыторыі Грузіі. Мы сёньня чарговы раз асуджаем агрэсіўную палітыку Расеі, якая прывяла да гэтай крывавай вайны. На жаль, сёньня ўжо пацярпела ня толькі Грузія, пацярпела Ўкраіна. Сёньня расейскія самалёты бамбяць гарады ў Сырыі. Вядома, гэта многімі падаецца як барацьба з тэрарызмам, але сырыйскія дзеці, якія гінуць у выніку гэтых авіяўдараў, ніякія не тэрарысты, а звычайныя ахвяры імпэрыялістычнай палітыкі Расейскай дзяржавы.

Цалкам інтэрвію з Георгіем Джахаяй чытайце ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG