Пра гэта Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі заявілі на прэс-канфэрэнцыі 1 жніўня ў Менску, перадае БелаПАН.
Як адзначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў, якое прайшло на мінулым тыдні, — адзін з асноўных крытэрыяў ацэнкі ўсёй выбарчай кампаніі:
«Пасьля завяршэньня гэтага пэрыяду правацэнтрысцкая кааліцыя заяўляе: выбарчая кампанія цалкам не адпавядае стандартам АБСЭ».
Паводле ягоных слоў, структуры правацэнтрыстаў вылучылі ў склад камісіяў больш за 400 кандыдатураў, але з гэтага ліку ва ўчастковыя выбаркамы ўключана 17 чалавек.
«Правацэнтрыстаў ва ўчастковых камісіях няма. Мы не дапушчаныя да працэсу падліку галасоў», — падсумаваў ён.
Паводле апазыцыянэраў, у камісіі ўвайшлі або работнікі дзяржпрадпрыемстваў — адпаведна, ва ўладаў ёсьць рычагі ціску на іх, або тыя, хто «прадэманстраваў сваю мяккую пазыцыю» і каму «складана нават пэўную думку выказаць».
«Гэта пацьвярджае яшчэ раз, што выбарчую кампанію цалкам вядзе КДБ, а Ярмошына — толькі фармальны сьпікер гэтай кампаніі, які агучвае некаторыя пазыцыі», — заявіў старшыня партыі.
На прэс-канфэрэнцыі 29 ліпеня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла малую долю апазыцыянэраў у выбарчых камісіях тым, што «ў гэтых людзей няма аўтарытэту на месцах».