Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах у парлямэнт ад розных партыяў вылучаюцца два Мікалаі Чарнавусы


Бацька і сын Мікалаі Чарнавусы на супольным пікеце
Бацька і сын Мікалаі Чарнавусы на супольным пікеце

Бацька і сын ідуць па розных баранавіцкіх выбарчых акругах. Адзін з Чарнавусаў вылучаецца ў парлямэнт ад Партыі БНФ, а другі — ад АГП.

Мікалай Чарнавус — старэйшы — вядомы прадпрымальнік, грамадзкі актывіст, арганізатар акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў. Ён вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ.

Яго сын Мікалай Чарнавус ідзе ад АГП. Ён таксама прадпрымальнік, гандлюе лекавай касмэтыкай.

Пікет абодвух Чарнавусаў карэспандэнт Свабоды ўбачыў на рынку ў Баранавічах. У цэнтры рынку стаялі стэнды з двума партрэтамі, але падпісаныя аднолькава — «Мікалай Чарнавус».

Чарнавус-старэйшы жартуе, паказваючы на фота малодшага:

«Гэта я ў маладосьці...»

Абодвух Чарнавусаў на рынку ведаюць ня толькі прадпрымальнікі, але і многія мінакі, якія спыняюцца паставіць подпісы. Хоць некаторыя і зьдзіўляюцца, што абодва патэнцыйныя кандыдаты завуцца аднолькава.

Кантакты прыхільнікаў зьбіраюць, але подпісы здаваць ня будуць
Кантакты прыхільнікаў зьбіраюць, але подпісы здаваць ня будуць

Але Мікалай Чарнавус — старэйшы тлумачыць, што подпісы яны здаваць ня будуць, а вылучаюцца ад сваіх партыяў:

«Ініцыятыўныя групы зарэгістравалі, каб была магчымасьць пастаяць у пікетах і пазьбіраць кантакты сваіх прыхільнікаў, пагутарыць зь людзьмі. Подпісы б мы сабралі, але ж гэта толькі „мёду“ дамо камісіі — навыдумляюць несапраўдных подпісаў і не зарэгіструюць. У мяне была такая сытуацыя на парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Людзей прымусяць, угавораць, каб адклікалі свае подпісы, і ўсё — не рэгіструюць».

Пра выбарчую кампанію Чарнавусы кажуць, што яна ідзе адносна спакойна, старэйшы Чарнавус сьмяецца, што «толькі дырэктар рынку ўсё нэрвуецца, прыходзячы на наш пікет».

Не абышлося, кажа Мікалай Чарнавус — старэйшы, без правакацыяў. Да яго і да кандыдата ад руху «За свабоду» Юрыя Казакевіча прыйшоў і падпісаўся чалавек, які аказаўся замежным грамадзянінам. Потым, пасьля скаргі ў мясцовую выбарчую камісію, ініцыятыўным групам Чарнавуса і Казакевіча вынесьлі папярэджаньне.

Мінакі дзівяцца, што абодва прэтэндэнты завуцца аднолькава
Мінакі дзівяцца, што абодва прэтэндэнты завуцца аднолькава

«Адразу ж баранавіцкая дзяржаўная газэта выйшла з інфармацыяй пра гэтыя папярэджаньні на самым бачным месцы на другой старонцы. Потым папярэджаньне зьняла ЦВК, але пра гэта дзяржаўныя журналісты напісалі ўжо ўнізе старонкі», — кажа Мікалай Чарнавус — старэйшы.

Абодва Чарнавусы кажуць, што ня вераць у магчымасьць трапіць у парлямэнт:

«Выбараў няма да тых часоў, пакуль людзі самі гэтага не захочуць», — кажа Чарнавус-малодшы.

Чарнавус-старэйшы дадае:

«Гэта ж дэпутат парлямэнту! Мяне нават у сябры рады рынку баяцца прапусьціць. Каб хаця Чарнавус туды ня трапіў... То пра які парлямэнт можна казаць?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG