Кіраўнікі структураў, якія ўваходзяць у кааліцыю — а гэта рух «За свабоду», аргкамітэт па стварэньні партыі БХД і Абʼяднаная грамадзянская партыя — прыехалі зь Менску падтрымаць аднадумцаў. Акцыя праходзіла на вуліцы Леніна, каля так званага «сіняга дому» і гандлёвага цэнтру «Марка-Сіці».
На пікеце зьбіралі подпісы за вылучэньне на кандыдатаў адразу некалькіх прадстаўнікоў дэмакратычных сіл рэгіёну — Ірыны Яскевіч, Тацяны Севярынец, Алены Шабуні, Георгія Станкевіча.
Група са сьцягамі была відаць здалёк. Мінакі спыняліся каля пікетоўцаў, нават каб проста паглядзець на незвычайную для Віцебску зьяву. А многія і падпісваліся.
Супольны пікет прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі здымала мясцовае дзяржаўнае тэлебачаньне. У Георгія Станкевіча, настаўніка нямецкай мовы зь Бешанковіцкага раёну, а таксама паэта і «барда Свабоды», тэлевізійнікі нават узялі інтэрвію. Праўда, ніхто зь пікетоўцаў не застаўся ўпэўнены, што тэлесюжэт зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ўсё-ткі выйдзе ў эфір.
Алена Шабуня, удзельніца аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, адзначыла:
«За першыя ж паўгадзіны ў маім падпісным аркушы дадалося 14 подпісаў! Гэта вельмі шмат — добрая актыўнасьць віцяблян. Бо калі людзі бачаць столькі партыйных сьцягоў і наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, то сьмялей падыходзяць, не баяцца заводзіць размовы… Але галоўнае тут усё ж ня збор подпісаў: мы імкнёмся паказаць усяму гораду, што мы — ёсьць. Што ёсьць людзі, якія ня хочуць панура апускаць галовы перад праблемамі, якія не баяцца ўздымаць праблемы і спрабуюць іх вырашаць».
Пра праблемы ў сучаснай Беларусі шмат гаварыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Ён зьвяртаўся да віцяблянаў праз мэгафон, нагадваючы ім пра нізкія заробкі, высокія кошты, беспрацоўе і ў сувязі з гэтым — пра эканамічныя перамены, якія партыя прапануе пад лёзунгам «Мільён працоўных месцаў».
Мэгафон пераходзіў ад аднаго прамоўцы да іншага. А калі трапіў у рукі Тацяны Севярынец, то актывістка пачала чытаць рэп — вершаваныя радкі, якія ўдзельнікі ейнай ініцыятыўнай групы дэклямуюць падчас пікетаў:
Гэй, віцяблянін, хопіць спаць
Ды па кухнях уладу клясьць,
Скажы сваё слова, далучайся да нас!
Будзі свой гонар! Гэта — твой час!
Віват, віват, Беларусь!
Астатнія ўдзельнікі супольнага пікету пляскалі ў ладкі, гучна прытопвалі ў такт, а мінакі пачалі спыняцца і глядзець на імправізаваны выступ. Потым хто-ніхто пачаў даставаць пашпарты і падыходзіць да зьбіральнікаў подпісаў.