Інфармацыя пра надзвычайнае здарэньне на будоўлі ў Астраўцы Беларускай АЭС не адпавядае рэчаіснасьці, заявіў прэс-офіс групы кампаніяў «АСЭ» — генэральнага падрадчыка будаўніцтва станцыі.
25 ліпеня ў СМІ зьявіліся паведамленьні, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнага трэніровачнага ўсталёўваньня корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэньня ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.
«Інфармацыя пра НЗ не адпавядае рэчаіснасьці, — гаворыцца ў камэнтары прэс-офіса «АСЭ». — Што да сутнасьці пытаньня, паведамляем, што корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзяленьня. Тэхнічных перашкодаў для яго ўсталяваньня на штатнае месца няма. Генпадрадчык чакае дазволу на правядзеньне апэрацыяў па мантажы ад наглядных органаў».
Пра што канкрэтна ідзе гаворка і ці мела месца пробнае ўсталёўваньне корпуса рэактара, у прэс-офісе кампаніі не патлумачылі. Беларускі бок інфармацыю пакуль не камэнтуе.