Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні чалавек у Кіеве разьвіталіся з Паўлам Шараметам

У цэнтры Кіева, ва «Ўкраінскім доме» на Эўрапейскай плошчы, адбылася цырымонія разьвітаньня з журналістам Паўлам Шараметам.

Разьвітаньне праходзіла ад 11-й да 14-й гадзіны. Сотні людзей прыйшлі з кветкамі да труны Паўла Шарамета. Спачуваньне яго родным выказалі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, дэпутаты, міністры, журналісты і іншыя.

Сёньня ж самалётам цела Паўла Шарамета прывязуць у Менск. Пахаваньне адбудзецца 23 ліпеня. Трызна пройдзе а 11:00 у царкве Ўсіх Сьвятых (Менск, вуліца Каліноўскага, 121). Пахаваюць Паўла Шарамета побач з бацькам на Паўночных могілках у 14:30.

Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня ў выніку выбуху аўтамабіля, у якім ехаў на працу. На гэты момант сьледзтва разглядае шэсьць вэрсіяў яго забойства: прафэсійная дзейнасьць, непрыязнасьць у адносінах або асабістыя матывы, расейскі сьлед (дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне), замах на Алёну Прытулу. Яшчэ дзьве вэрсіі праваахоўныя органы пакуль не агучваюць.

11:10 22.7.2016

Выступае галоўны рэдактар «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева.

11:08 22.7.2016

Усе жадаючыя пакідаюць у Кнізе памяці запісы.

11:05 22.7.2016

Цырымонія разьвітаньня пачалася, у залю, дзе стаіць труна, ужо пачалі пускаць людзей.

На пляцоўцы каля Ўкраінскага дому сабралася каля 300 чалавек. Сярод іх ёсьць і беларусы, якія адмыслова прыехалі на цырымонію.

«Мы адпачывалі ў Адэсе, калі даведаліся пра гэтую трагедыю, і сёньня ўначы селі на цягнік і прыехалі ў Кіеў. Гэта забойства нас проста шакавала», — сказала адна зь беларусак. Яна прынесла чырвоныя ружы, перавязаныя бел-чырвона-белай стужкай.

10:58 22.7.2016

10:50 22.7.2016

10:12 22.7.2016

Украінскі журналіст Андрэй Кулікоў, які за дзень да забойства сустракаўся і запісваў з Паўлам інтэрвію для «Грамадзкага радыё», паведаміў, што ў часе гэтай размовы не заўважыў ніякай занепакоенасьці ўласнаю бясьпекаю з боку Шарамета.

Учора позна ўвечары ўкраінскае выданьне «Дзеркало тижня» са спасылкай на свае крыніцы ў праваахоўных органах паведаміла папярэднія вынікі агляду цела і аўтамабіля Паўла Шарамета. Паводле іх, выбух быў накіраваны на кіроўцу і шанцаў выжыць у журналіста не было. «Калі б у машыне знаходзіліся пасажыры, яны, хутчэй за ўсё, выжылі б», — адзначылі ў паліцыі.

Апроч таго, сьледзтва схіляецца да вэрсіі, што мэтай злачынцаў быў менавіта Павал. «Разьлік быў дакладны і правільны. Выбухоўкі было закладзена роўна столькі, каб хапіла толькі для кіроўцы і каб ня ўразіць нікога побач. Гэта было паляваньне выключна на ахвяру забойства», — сказаў суразмоўца.

XS
SM
MD
LG