Анатоль Лябедзька ачольвае партыю з 2000 года. Спаваздачна-выбарчыя зьезды ў партыі праводзяцца кожныя 2 гады, такім чынам гэта восьмы тэрмін Анатоля Лябедзькі на пасадзе кіраўніка партыі.
Пасьля вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты і справаздачы старшыні партыі на зьезьдзе АГП прайшла панэльная дыскусія, абмеркаваньне працы АГП за апошнія два гады. На фоне амаль дзясятку памяркоўшых і хвалебных выступаў толькі Людміла Гразнова і Анатоль Паўлаў пакрытыкавалі партыю.
Анатоль Паўлаў распавёў пра свой досьвед: у 1989 годзе ён быў старшынём участковай камісіі, калі Станіслава Шушкевіча абіралі ў Вярхоўны Савет СССР. У 2002 годзе быў міжнародным назіральнікам на выбарах у Расейскую Думу. Зараз Паўлава нікуды нават не прапануюць ад партыі: маўляў, у яго няма вопыту.
Людміла Гразнова кажа, што ў яе разуменьні партыйны зьезд павінен быць месцам для дыскусій, але дыскусій на зьезьдзе яна не пачула:
«Шкада, што партыя губляе тую вагу, якую мела раней. Я кажу гэта, маючы падставу: раней я бачыла ў партыі эліту, у 1990-х тут былі найлепшыя людзі краіны.
Гэтым разам я ня бачу гэтых твараў, новых імёнаў я ня ведаю. Магчыма, моладзь падрасьце. Але зараз, праходзячы міма пікету, я ня ведаю многіх твараў.
Мы шмат упусьцілі ня толькі ў кадравай працы. Пераацанілі прарыў, які быў у 1990-х. Мы дагэтуль вітаем у аблоках, але на лібэральных крылах у тую ж Швэцыю не паляціш. А постсавецкая рэальнасьць — гэта зусім іншая справа. Народ інтуітыўна гэта адчувае, таму нас, што вітаюць ў аблоках, не падтрымлівае.
У партыі адчуваецца недахоп сучаснай навуковай кампэтэнцыі, і гэта аслабляе нашы партыйныя пазыцыі.
На жаль, у нас няма прадстаўнікоў эліты, на якіх можна рабіць стаўку ў парлямэнт. Моладзь, магчыма, і валодае патэнцыялам, але я, як шараговы выбарца, ня ведаю, наўрад ці пастаўлю „птушку“ насупраць іх прозьвішчаў».
Анатоль Лябедзька пасьля выступаў у заключным слове перайшоў на расейскую мову:
«У каго былі пэсімістычныя ноткі: вы мяне не пераканалі. Вы для мяне эліта. Што, эліта сядзіць у Палаце прадстаўнікоў? Там сядзяць людзі, якія самі сябе прызначылі і якія завялі краіну ў тупік. Што, эліта сядзіць ва ўрадзе? Не.
Давайце бачыць пазытыў. Калі за нас ставяць 68 подпісаў за 3 гадзіны на пікеце — гэта перамога! Рашэньне беларускай праблемы знаходзіцца ў Беларусі», — падсумаваў Анатоль Лябедзька.
Праца партыі прызнана задавальняючай. 3 чалавекі прагаласавалі супраць, 6 чалавек устрымалася.
На пасаду старшыні партыі спачатку былі вылучаны чатыры кандыдатуры: Анатоль Лябедзька, Генадзь Ананьеў, Васіль Палякоў, Леў Марголін. Ананьеў і Марголін узялі самаадвод.
Анатоль Лябедзька адзначыў, што старшыні павінны мяняцца і ён усьцешаны тым, што ёсьць альтэрнатыва. І што ў кожнага павінен быць шанец за 2 гады стаць кандыдатам альбо на пасаду старшыні, альбо на намесьніка.
Намесьнік старшыні партыі з Гомеля Васіль Палякоў рэальна ацэньвае сытуацыю: прарыву ня будзе. Вынікі выбараў прадказальныя, але павінна быць альтэрнатыва, таму ён удзельнічае ў выбарах старшыні.
У бюлетэні для галасаваньня засталіся два прозьвішчы: Анатоля Лябедзькі і Васіля Палякова. У выніку таемнага галасаваньня перамог Анатоль Лябедзька.
За Лябедзьку — 49 галасоў (52,7%), за Палякова — 37 (39,8%). Супраць усіх — 4 чалавекі, 3 бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.
Анатоль Лябедзька прапанаваў на пасаду намесьнікаў старшыні Антаніну Кавалёву, Льва Марголіна, Васіля Палякова, а таксама Мікалая Казлова, які будзе адказны за горад Менск. З залі паступіла прапанова вылучыць на намесьніка старшыні яшчэ і 26-гадовага менчука Паўла Стэфановіча і Алега Жаўнова з Бабруйска.
Зьезд галасаваў спачатку за колькасьць намесьнікаў. Вызначыліся на колькасьці чатырох намесьнікаў старшыні.
Анатоль Лябедзька кажа, што праз 2 гады зьезд будзе вельмі цікавы — на пасаду старшыні змогуць прэтэндаваць многія яркія асобы.
Ідзе рэйтынгавае галасаваньне. За Марголіна і Антаніну Кавалёву аднолькавая колькасьць галасоў — 59. За Васіля Палякова — 77, за Казлова — 51, за Стэфановіча — 34, за Алега Жаўнова — 31.
Такім чынам, намесьнікамі старшыні АГП абраныя Леў Марголін, Антаніна Кавалёва, Васіль Палякоў і Мікалай Казлоў. Таксама абралі Нацыянальны камітэт у складзе 46 чалавек.