Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітоляг: Беларусь у расейска-ўкраінскім канфлікце займае нэўтральную пазыцыю ў межах магчымага


Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

У Менску праходзіць чарговы раўнд перамоваў у фармаце Трохбаковай кантактнай групы ў пытаньнях разьвязаньня канфлікту на Данбасе.

Украіна, як і на папярэдніх сустрэчах, найпершым пытаньнем ставіць сфэру бясьпекі. Свабода абмяркоўвае магчымасьць прарыву ў перамовах з дырэктарам Інстытуту глябальных стратэгій (Кіеў) Вадзімам Карасёвым.

— Спадар Вадзім, некалькі апошніх пасяджэньняў Украіна безвынікова патрабуе доступу да акупаваных тэрыторыяў. Пры якіх умовах магчымыя дамоўленасьці?

— Я думаю, што дасягненьне дамоўленасьці пра такі доступ магчымае толькі тады, калі будзе разьвязанае пытаньне аб мадальнасьці выбараў на тых тэрыторыях ды зьменаў да Канстытуцыі з улікам меркаваньня прадстаўнікоў гэтак званых «ЛНР-ДНР». Гэтыя пытаньні — прынцыповыя палітычныя, і пакуль яны не разьвязаныя, пытаньні тэхнічныя ў сфэры бясьпекі будуць буксаваць.

— Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін прапанаваў «дарожную мапу» для разьвязаньня канфлікту на Данбасе, якая мае зафіксаваць пасьлядоўнасьць крокаў. У той жа час Расея не прызнае сябе бокам канфлікту. Ці можна прымусіць Расею выконваць абавязкі адпаведна да менскага пратаколу?

— Расея не прызнае сябе ўдзельнікам гэтага канфлікту. Пагатоў, што фактычна гэта зафіксавана ў міжнароднай прававой плятформе — у Рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН ад 21 лютага 2015 году. Тады ж менскім пагадненьням быў нададзены міжнародна-прававы статус. Расея — ня ўдзельнік, але вось паўплываць на «ЛНР-ДНР» яна, вядома, можа, хоць дэ-факта і зьяўляецца адным з бакоў канфлікту. А эфэктыўнасьць яе ўзьдзеяньня на «ДНР-ЛНР» магчымая тады, калі ўсё ж такі будзе ссунутае зь мёртвага пункту пытаньне пра выбары і дэцэнтралізацыю ў асобных раёнах Луганскай ды Данецкай абласьцей.

— Некаторыя экспэрты мяркуюць, што Ўкраіна ва ўмовах моцнага міжнароднага ціску на Крэмль застаецца для Расеі адзінай тэрыторыяй для ціску ў адказ, і пэрыядычна, абвастраючы праз кіраваных ёю баевікоў сытуацыю на Данбасе, Расея такім чынам прымушае Ўкраіну падпісваць тое, што выгадна менавіта Расеі.

— Па-першае, Украіна ня будзе падпісваць тое, што выгадна толькі Расеі. Менскія ж пагадненьні выгадныя і Ўкраіне! Па-другое, парушаюць замірэньне абодва бакі, і гэта пацьвярджае місія АБСЭ. А парушэньні адбываюцца менавіта таму, што не разьвязаныя галоўныя пытаньні — выбары і зьмены ў Канстытуцыю аб статусе асобных раёнаў Луганскай і Данецкай вобласьці. Да рашэньня гэтых двух прынцыповых пытаньняў праблема зь бясьпекай таксама не рашыцца. Абвастрэньне лякальных баявых дзеяньняў — гэта адзіная магчымасьць «ЛНР-ДНР» паспрабаваць прымусіць Украіну да той мадальнасьці выбараў, якая выгадныя гэтым арганізацыям.

— Ці можа Беларусь, на ваш погляд, адыграць нейкую асаблівую ролю ў працэсе ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе?

— Менск займае нэўтральную пазыцыю — пасярэдніка, міратворца. Гэта самая добрая бонусная пазыцыя з пункту гледжаньня дыпляматыі і з эканамічнага пункту гледжаньня, улічваючы, што расейска-ўкраінскі канфлікт зрабіў Беларусь яшчэ і пасярэднікам эканамічным, транспартным. Гэта ўдалая канфігурацыя для беларускай дыпляматыі і для паляпшэньня міжнароднага іміджу Беларусі, зьняцьця пэрсанальных санкцый з боку Эўразьвязу ў дачыненьні да вышэйшага беларускага кіраўніцтва.

— Але Беларусь адмовілася падтрымаць рэзалюцыю ПА АБСЭ па Крыме. Мабыць і пазыцыя Беларусі часам не зусім нэўтральная?

— Беларусь займае нэўтральную пазыцыю ў межах магчымага. Беларусь таксама ня можа быць абсалютна нэўтральнай над сутычкай хоць бы таму, што Беларусь ёсьць часткай Саюзнай дзяржавы з Расеяй і зьяўляецца ваенна-палітычным саюзьнікам Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG