«Прэсбол» падвёў вынік акцыі Беларускай фэдэрацыі футболу: «У заключным туры галасаваньня заўзятары зрабілі выбар на карысьць варыянту “Белыя Крылы”. Пераможца са значным адрывам абышоў канкурэнтаў – “Зуброў” і “Бульбашоў”».
Разьвязка нечаканая. «Бульбашы» ў фінальным туры пацярпелі сакрушальную паразу ад «Белых Крылаў».
У чым прычыны мэтамарфозы? Наіўна думаць, што раптам тэндэнцыі галасаваньня памяняліся і «Белыя Крылы» на фінішнай прамой абставілі лідэраў галасавальнага маратону «Зуброў» і «Бульбашоў».
Адсочваючы гэтую дзею ў інтэрнэце, немагчыма было не заўважыць, куды хілілася пазыцыя ініцыятараў акцыі – Беларускай Фэдэрацыі Футболу.
Пасьля жарснай зваротнай рэакцыі й кпінаў у інтэрнэт-форумах на сам удзел у галасаваньні прапанаваных варыянтаў «Бульбашы» і «Тутэйшыя» да адказных асоб у Фэдэрацыі, відаць, дайшло, што перамога «Бульбашоў» пацягне за сабой ня вельмі прыемныя наступствы.
Трэба будзе тлумачыць відавочны ідэалягічны, эстэтычны, этычны ляп заўзятарам, журналістам, дый, думаю, і прадстаўнікам улады. А гэта патыхала скандалам і непрыемнасьцямі.
І, як вядзецца пры любым відзе беларускага афіцыйнага галасаваньня, быў уключаны адміністрацыйны рэсурс.
З гэтай нагоды ў сеціве пачалі зьяўляцца відэазаклікі публічных асобаў, напрыклад, лідэра гурта «Палац» Алега Хаменкі, мадэльера Івана Айплатава, алімпійскага прызёра ў лёгкай атлетыцы Андрэя Краўчанкі, дзе яны разважалі, чаму «Белыя Крылы» найлепшы варыянт.
Развагі, трэба прызнаць, былі прафэсійныя й грунтоўныя. Са згадкамі беларускай вайсковай гісторыі – крылатых гусараў ВКЛ, дызайнэрскага погляду на магчымы брэнд, твораў Уладзімера Караткевіча і г.д.
Падумалася, нарэшце адміністрацыйны рэсурс быў выкарыстаны ў правільным кірунку.
Рэакцыя ў сеціве была збольшага паблажлівай. Хоць дапытлівыя карыстальнікі выкладалі скрыншоты тураў галасаваньня, у якіх прыводзілі лічбы, дзе ў апошнім туры прагаласавала ў 6(!) разоў болей, чым у папярэднім. Паказвалі факты выкарыстаньня ботаў, што праўда, ніхто асабліва не абураўся.
Але ўся гэтая гісторыя з пошукам брэнду прымушае задумацца над больш важнымі рэчамі. Яна, як лякмусавая паперка, акрэсьліла сучасныя тэндэнцыі ў грамадзтве, бо футбол, як вядома, гульня народная.
У шырокім грамадзтве, якое выходзіць далёка за межы апазыцыйных і культурніцкіх суполак, ёсьць відавочны запыт на нацыянальнае.
І вось ужо БРСМ праводзіць Дзень Вышыванкі; былы кіраўнік газэты «Прэсбол», а цяпер адказны работнік Фэдэрацыі футболу Ўладзімер Беражкоў, заяўляе, што на форме нацыянальнай зборнай абавязкова будзе красаваць нацыянальны арнамэнт; былы брамнік зборнай каманды, а зараз пачынаючы камэнтатар Васіль Хамутоўскі гаворыць, што беларускую мову варта зрабіць асноўнай мовай краіны і неабходна навучыцца мысьліць на ёй.
Нарэшце, сам Лукашэнка вымушаны прызнаць, што інтарэс беларусаў да сваёй гісторыі й мовы значна ўзрос.
Ясна, што такія факты Фэдэрацыя футбола ня ўлічваць не магла. Яна па кроплі выціскала зь сябе «бульбаша», і ўрэшце ў яе вырасьлі «Белыя Крылы».
Далей болей.
Навіна ад парталу tut.by:
«Беларуская фэдэрацыя футболу працягвае зьбіраць думкі заўзятараў перад тым, як канчаткова выбраць брэнд нацыянальнай зборнай. Пасьля мноства папярэдніх тураў наведнікі сайту вызначылі два варыянты, якія заручыліся найбольшай падтрымкай – “Літвіны” і “Белыя Крылы”».
Вось так. Сочым за падзеямі далей.