Пра гэта 11 ліпеня паведаміў камісар Эўразьвязу ў пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва Ёганэс Ган па заканчэньні сёмага нефармальнага дыялёгу «Ўсходняга партнэрства» ў Кіеве.
«Відавочна, у такі час мы маем пацьвердзіць моцную падтрымку Эўрапейскага Зьвязу для суседзяў з усходу. Brexit ніякім чынам ня тычыцца адносін з партнэрамі», — сказаў Ёганэс Ган.
Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці існуюць дадатковыя палітычныя або эканамічныя ўмовы для збліжэньня Беларусі з Эўразьвязам, эўракамісар адзначыў, што патрэбны двухбаковы рух.
«Мне здаецца, былі некаторыя станоўчыя моманты ў разьвіцьці Беларусі. Вядома, мы яшчэ не дасягнулі таго ўзроўню, якога б хацелася, але мы разумеем, якія складанасьці і выклікі», — сказаў Ёганэс Ган.
ЭЗ мяркуе, што неабходна ўзмацняць эканамічную супрацу, каб ствараць перспэктывы для жыцьця грамадзян.
«Я думаю, што гэта ідзе нага ў нагу з разьвіцьцём фундамэнтальных асноў. Мы можам прыцягваць эўрапейскіх інвэстараў толькі з Эўразьвязу, дзе судовая сыстэма палепшана. Гэта тое, з чым мы працуем. Але для нас, вядома, вельмі важна і як пройдуць выбары. Гэта таксама магчымасьць паглядзець, як яны будуць праведзеныя, як яны рыхтуюцца. Але ў асноўным на сёньняшні момант я цалкам перакананы, што мы можам працягваць такі асьцярожны ход разьвіцьця стасункаў», — патлумачыў эўракамісар.
У сваю чаргу, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына падкрэсьліла, што Беларусь разглядае Эўразьвяз як партнэра.
«Мы б хацелі б дасягнуць нармалізацыі ў нашых дачыненьнях. Вядома, яна яшчэ не дасягнутая, але мы рухаемся ў гэтым напрамку», — дадала яна.