Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Колькі Лукашэнка кіруе, столькі гэты корпус узводзяць». Магілёўскаму актывісту паабяцалі разабрацца з даўгабудам


Магілёўскаму актывісту прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксею Паўлоўскаму паабяцалі знайсьці фінансаваньне на завяршэньне будаўніцтва лябараторна-навучальнага корпусу Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. Яго ўзьвядзеньне доўжыцца больш за 20 гадоў. Празь нястачу сродкаў аб’ект, які знаходзіцца меней за трыста мэтраў ад будынку аблвыканкаму, сёлета закансэрвавалі.

Актывіст пасьля трохгадовай перапіскі з чыноўнікамі рознага ўзроўню зьвярнуўся да прэм’ер-міністра Беларусі і дэлегатаў пятага Ўсебеларускага народнага сходу. Зварот Паўлоўскага падтрымалі сваімі подпісамі больш за 100 чалавек.

Адказ прыйшоў зь Міністэрства адукацыі. Прафсаюзнага актывіста паінфармавалі, што ў Міністэрстве заклапочаныя «ходам будаўніцтва» корпусу навучальнай установы.

«На жаль у 2016 годзе выдзяленьне сродкаў з рэспубліканскага бюджэту на працяг будаўніцтва не прадугледжаныя... Разам з тым, улічваючы значнасьць дадзенага аб’екту, а таксама звароты грамадзян з пытаньнямі аднаўленьня будаўніча-мантажных прац і завяршэньня будаўніцтва Міністэрства адукацыі накіравала прапановы ў адпаведныя органы дзяржаўнай упраўленьня пра неабходнасьць выдзяленьне фінансаваньня са сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў гэтым і наступных гадах для завяршэньня будаўніцтва», — адпісалі Паўлоўскаму зь Міністэрства адукацыі.

Хоць канкрэтнага адказу, калі ж зьявіцца фінансаваньне, у лісьце зь Міністэрства няма, прафсаюзны актывіст тым ня менш лічыць яго аптымістычным.

«У лісьце ўсё адназначна. Фінансаваньне сёлета будзе, і працы на аб’екце адновяцца, — заяўляе Аляксей Паўлоўскі.

«Калектыўны зварот усё ж прабіў праблему, — цьвердзіць ён. — Дапамаглі яе вырашыць і публікацыі ў сродках масавай інфармацыі. Усім мірам мы здолелі зьвярнуць увагу на неабходнасьць завяршэньня будаўніцтва».

Усім мірам мы здолелі зьвярнуць увагу на неабходнасьць завяршэньня будаўніцтва

Паўлоўскі гаворыць, што працягне пільнаваць ход будаўніцтва лябараторна-навучальнага корпусу Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту, і калі на ім працы не адновяцца, то страшыць уладу зноў пачаць пісаць звароты.

«Я клапачуся за дзяржаўныя сродкі, якія марнуюцца на гэтым аб’екце. Колькі Лукашэнка кіруе, столькі гэты корпус узводзяць. Гэта такі паказьнік эфэктыўнасьці працы. Акрамя таго аб’ект знаходзіцца ў цэнтры гораду і ня красіць яго. Сорамна перад турыстамі», — кажа прафсаюзны актывіст.

Пляцоўку пад лябараторна-навучальны корпус пачалі рыхтаваць у 1993 годзе. Тады заклалі падмуркі, але далей справа не пасунулася. Працы прыпыніліся амаль на пятнаццаць год. Аднавіліся ў 2009 годзе, але і потым ня раз прыпыняліся.

Ва ўнівэрсытэце вучыцца больш за 10 тысяч студэнтаў. Беларуска-расейскім ён стаў у верасьні 2003 году. Тады між Беларусьсю і Расеяй ішлі моцныя інтэграцыйныя працэсы.

Навучальная ўстанова была ўтвораная ў 1961 годзе. Больш ведаюць яе як Машынабудаўнічы інстытут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG