У Магілёве празь нястачу сродкаў вырашылі закансэрваваць недабудаваны лябараторна-навучальны корпус Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту і спарткомплекс пры ім. Прафсаюзны актывіст Аляксей Паўлоўскі дазнаўся пра гэта з адказаў, якія далі на ініцыяваны ім калектыўны зварот Міністэрства адукацыі Беларусі і рэктар унівэрсытэту. Прафсаюзьнік сабраў подпісы неабыякавых магілёўцаў, каб прысьпешыць будоўлю.
«У сувязі з абмежаванымі магчымасьцямі рэспубліканскага бюджэту дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмай на 2016 год, зацьверджанай указам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, заплянавана кансэрвацыя аб’екта «Беларуска-расейскі ўнівэрсытэт навучальна-лябараторны корпус са спарткомплексам», — гаворыцца ў лісьце зь Міністэрства адукацыі Беларусі.
У 2015 годзе, паведаміў рэктар унівэрсытэту Ігар Сазонаў, «фінансаваньня будаўніцтва аб’екта не праводзілася».
«Заказчык і генпадрадчык, зацікаўленыя ў заканчэньні будоўлі, сталі закладнікамі адзінай сытуацыі — адсутнасьці фінансаваньня. Пры выдзяленьні фінансавых сродкаў будоўля адновіцца», — адпісаў Паўлоўскаму рэктар.
Пляцоўку пад лябараторна-навучальны корпус пачалі рыхтаваць у 1993 годзе. Тады заклалі падмуркі, але далей справа не пасунулася. Працы прыпыніліся амаль на пятнаццаць год. Аднавіліся ў 2009 годзе, але і потым ня раз прыпыняліся.
Побач — падмуркі ўнівэрсытэцкага спарткомплексу. За час будоўлі яны пасьпелі зарасьці кустоўем. Сёлета яго пазразалі, каб не вытыркалася з фундамэнту, і пакінулі ў яміне між бэтонных канструкцыяў.
Першы этап будоўлі меліся скончыць у 2014 годзе. Цяпер ніхто не бярэцца акрэсьліць пэўныя тэрміны.
Плянавалася, што па заканчэньні будоўлі цяперашні галоўны корпус унівэрсытэту зачыняць на капітальны рамонт.
Пакуль цягнуўся даўгабуд, адзін з навучальных карпусоў унівэрсытэту пачаў разбурацца.
Недабудаваны корпус стаіць за дзьвесьце мэтраў ад Магілёўскага аблвыканкаму.
Ва ўнівэрсытэце вучыцца больш за 10 тысяч студэнтаў. Беларуска-расейскім ён стаў у верасьні 2003 году. Тады між Беларусьсю і Расеяй ішлі моцныя інтэграцыйныя працэсы.
Навучальная ўстанова была ўтвораная ў 1961 годзе. Больш ведаюць яе як Машынабудаўнічы інстытут.