Расея спыніла малы памежны рух з Польшчай у Калінінградзкай вобласьці, якая мяжуе з гэтай краінай, паведамілі ў Памежным упраўленьні ФСБ Расіі.
Гэта фактычна стала адказам на абвешчаны раней аналягічны крок Варшавы. У Польшчы паведамлялі раней, што з панядзелка, 4 ліпеня, і да 2 жніўня дзеяньне пагадненьняў з суседзямі, у прыватнасьці з Украінай аб малым памежным руху будзе спынена з-за саміту НАТА ў Варшаве і адзначэньні Сусьветнага дні моладзі ў Кракаве. Магчымасьць такога спыненьня прадугледжана ў саміх пагадненьнях.
Паводле паведамленьняў польскіх сродкаў інфармацыі, на расейска-польскай мяжы ў Калінінградзкай вобласьці ўтварыліся чэргі з чаканьнем праезду ў Польшчу амаль у суткі.
Паводле пагадненьняў аб малым памежным руху, жыхары памежных тэрыторый, якія атрымалі адмысловы дазвол, маюць права перасякаць мяжу для наведваньня такіх жа памежных тэрыторый суседняй краіны бяз візы, маючы толькі дазвол і пашпартны дакумэнт. На час спыненьня дзеяньня пагадненьняў перасячэньне мяжы будзе ажыцьцяўляцца на агульных умовах – з пашпартным дакумэнтам і дзейнай візай у выпадку неабходнасьці.
У сталіцы Польшчы Варшаве 8-9 ліпеня будзе праходзіць саміт НАТА. А 25-31 чэрвеня ў Кракаве адбудуцца Сусьветныя дні моладзі – мерапрыемства каталіцкай царквы, на якое прыбудзе, паводле ацэнак, некалькі тысяч пілігрымаў з амаль 190 краінаў, а таксама папа рымскі Францішак.
Самае папулярнае
1