Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў антыпрадуктыўнай палавіністую палітыку Захаду адносна Беларусі. Ён адзначыў, што Захад працягвае часам выкарыстоўваць у перамовах зь беларускім бокам састарэлыя мэтады.
Пра гэта ён заявіў падчас выступу 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасьці Беларусі.
Паводле Лукашэнкі, да актыўнага дыялёгу зь Беларусьсю падключыліся Эўрапейскі зьвяз і ЗША.
«Аднак ці то па неабдуманасьці, ці то па інэрцыі (напэўна, па інэрцыі) Захад усё яшчэ працягвае часам выкарыстоўваць у перамовах з намі састарэлыя мэтады: санкцыі (трохі іх засталося, але не адменены), палітычны ціск, умяшаньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы. Выкананьне дадзеных нам абяцаньняў і нават рэалізацыя разумных ўзаемавыгадных праектаў раз-пораз тармозяцца або абстаўляюцца шэрагам умоў.
Такімі дзеяньнямі любы субʼект міжнароднага права рызыкуе страціць давер свайго партнэра і ў канчатковым рахунку прайграць у чымсьці больш важным».
«Такая палавіністая палітыка выглядае асабліва антыпрадуктыўнай на фоне нашых міратворчых высілкаў, якія атрымалі высокую ацэнку Арганізацыі Абʼяднаных Нацый», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што Беларусь стала паўнапраўным і аўтарытэтным сябрам усясьветнай супольнасьці, пра што сьведчаць яе шырокія міждзяржаўныя сувязі, падмацаваныя гандлёва-эканамічнымі пагадненьнямі.
«Асабліва каштоўна, што сярод нашых сяброў такія ўплывовыя дзяржавы, як Расея, Кітай, Індыя. І наша супрацоўніцтва зь імі ў той час, калі нас ціснулі з боку Захаду, дапамагло нам выжыць. Імкненьне Беларусі да правядзеньня самастойнай, узважанай палітыкі прымусіла і іншых сусьветных лідэраў зьмяніць да нас стаўленьне», — цытуе БелТА Лукашэнку.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь і далей будзе падтрымліваць любыя ініцыятывы па ўсталяваньні трывалага міру і цеснага супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем.
«Наша краіна даказала, што можа быць добрым партнэрам для вырашэньня самых балючых пытаньняў сучаснасьці».
Мы перакананыя, што шантажам, пагрозамі, санкцыямі і бамбёжкамі немагчыма разьвязаць ніводзін вузел праблем
«Мы перакананыя, што шантажам, пагрозамі, санкцыямі і бамбёжкамі немагчыма разьвязаць ніводзін вузел праблем. Іх можна толькі навязаць. На жаль, так думаюць ня ўсе. Таму мы вымушаны ўмацоўваць свае рубяжы, каб нікому нават у галаву не прыйшло выпрабоўваць нас на трываласьць. Беларускае войска выдатна навучанае і мае найноўшыя ўзбраеньні», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле Лукашэнкі, у цяперашніх умовах патрэбная новая зброя — ракетная. «І вы ведаеце — мы яе вынайшлі. Мы ня робім з гэтага сакрэту. Стварылі ўсяго за паўтара году, ня маючы практычна ніякай базы і грашовых сродкаў на гэта».
«Мы нікога не палохаем. Мы — мірная краіна. Мы будзем рабіць усё, каб быў мір ня толькі ў нас, але і вакол нас. Мы да гэтага імкнёмся. Але порах сухім мы вымушаны трымаць».
Паводле Лукашэнкі, беларуская армія зроблена мабільнай, і сёньня акцэнт робіцца менавіта на рухомых войсках і частках.
«Каб яны, як джала пчалы, нечакана зьяўляліся, дзе трэба, наносілі ўдар па ворагу і неадкладна зьнікалі. Самалёты і танкі няшмат вырашаюць у сучаснай вайне», — адзначыў кіраўнік Беларусі.
«Дзякуючы моцнай ролі дзяржавы ўсе сродкі, якія зарабляе краіна, сыходзяць не ў замежныя афшоры, не на вілы і яхты для алігархаў, а ў разьвіцьцё ўласнай эканомікі і сацыяльнай сфэры», — сказаў Лукашэнка.