Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залескі: «Кабякоў — гэта штатны «аптыміст» пры Лукашэнку. Сямашка — гэта «толкач», езьдзіць фонды «выбіваць»


Міхал Залескі
Міхал Залескі

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» эканаміст Міхал Залескі тлумачыць, ці варта баяцца дэнамінацыі, расказвае, якія ролі ў атачэньні Лукашэнкі выконваюць Руды, Сямашка і Кабякоў і параўноўвае беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы са старымі і хворымі людзьмі. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Здаецца, дэнамінацыя — простая тэхнічная працэдура. Але вакол яе цяпер зрабілася даволі вялікая шуміха. Нешта падобнае я памятаю ў 2000 годзе, калі казалі, што кампутарны збой можа ўсё паламаць: нібыта кампутары раптам падумаюць, што настаў нулявы год і адпаведна прыйдзе тэхнічны канец сьвету. Ці ёсьць цяпер прыкметы таго, што дэнамінацыя можа прынесьці беларусам нейкія сур’ёзныя праблемы?

— Цяжка казаць. Бо ўсё залежыць не ад таго, як рэч называецца, а ад таго, як яна выконваецца. Усялякая дзяржаўная маніпуляцыя можа аказацца як праблемай, так і задавальненьнем. Пра апошняе я, праўда, ня чуў.

Цяпер мы вельмі залежым ад электронікі. Усё гэта ў нас у адносна добрым стане, але зьвязана з бюракратыяй. І таму на гэтым стыку могуць зьявіцца і праблемы. Але назваць іх фатальнымі нельга. Фатальная праблема — гэта калі сто тысяч чалавек стрымліваюцца танкамі на падыходзе да банкамату. Не, такога ня будзе. Але будуць людзі, якіх гэта дойме капітальна, бо трэба плаціць, а нешта не працуе. Ну, не пашанцавала — бывае, чалавек пасьлізьнецца на бананавай скурцы. Такіх «бананавых скурак» будзе хапаць.

Фатальная праблема — гэта калі сто тысяч чалавек стрымліваюцца танкамі на падыходзе да банкамату

— На колькі дзён, па вашаму, могуць расьцягнуцца гэтыя праблемы? Ці гэта немагчыма спрагназаваць?

— Ведаючы, як працуе наша бюракратыя — асноўная тэхнічныя праблемы будуць да 5 ліпеня вырашаныя, а «хвосьцікі» будуць абцінаць яшчэ далей.

— У Беларусі ў 2000 годзе ўжо была дэнамінацыя, тады з банкнотаў прыбралі тры нулі, новыя купюры памянялі на старыя — курсам 1 да тысячы. Даляр тады пачаў каштаваць 320 рублёў. Такім чынам, з таго часу рубель дэвальваваўся больш як у 60 разоў. Натуральна, цяпер улады праводзяць дэнамінацыю, маючы на ўвазе, што рубель будзе пэўны час адносна стабільным. Ці атрымаецца гэта?

— Вядома. Будуць намагацца падтрымліваць. Але цяпер мы вельмі моцна залежыць ад замежнапалітычных чыньнікаў. Ужо не схаваесься ў сваіх межах.

Толькі тэхнічныя захады нашага Нацбанку на фоне такой шчыльнай сувязі з Расеяй мала што даюць. Просты прыклад. Мы падпісалі ў свой час Эўразійскі саюз, а ў ім была міна — «Тэхнічны рэглямэнт». І цяпер Расея не бярэ ў нас сухога малака, бо кажуць — пад тэхнічны рэглямэнт не падпадае. А гэта сотні мільёнаў даляраў.

— Вядома, ёсьць і псыхалягічныя падставы для дэнамінацыі. Зьнікаюць у падліках мільярды, даляр цяпер каштуе ўсяго 2 рублі. Але — ці добра, што скасавалі чатыры нулі, а не тры? Як хутка насельніцтва да гэтага звыкнецца?

— Прывыкаць заўсёды цяжка старэйшым людзям, маладыя за тыдзень прызвычаюцца. А старыя будуць блытацца, торкацца каля касаў, корпацца ў сваіх кашалёчках.

— Стала вядомым, што з Адміністрацыі прэзыдэнта сыходзіць Кірыл Руды, якога называлі галоўным эканамічным лібэралам ва ўладзе. Як гэта паўплывае на эканамічную палітыку?

— Ніяк. Спадар Руды ні на што і ніяк не ўплываў. Я думаю, і ня будзе ўплываць. Лібэралізму ў яго выказваньнях было ня больш, чым камунізму ў маіх.

— Але чаму ён зрабіў сабе такі лібэральны імідж? Усё ж гэта не адбылося на пустым месцы. У сваёй кнізе пра фінансавую дыету Руды піша пра патрэбу адысьці ад ручнога кіраваньня эканомікай

— Яго сталі лічыць лібэралам, бо ён не працаваў камсоргам ці інструктарам райкаму. А заклінаньні пра гэтыя «фінансавыя дыеты» я чую ад 1990-га году.

Пакуль калгасьнікі будуць кіраваць (я не абзываюся, ня строю кепікаў, мы ўсе «калгасьнікі», якія вучыліся ў ВПШ, Вышэйшай партыйнай школе) — яны ўмеюць рабіць так, як навучаныя. А навучаныя яны кіраваць заходам сонца ўручную. І будуць так кіраваць да скону. Прыйдуць маладзейшыя — і пачнуць кіраваць па-новаму.

Пакуль калгасьнікі будуць кіраваць — яны ўмеюць рабіць так, як навучаныя. А навучаныя яны кіраваць заходам сонца ўручную

— Кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман заявіў, што рэцэсія ў Беларусі будзе захоўвацца і ў 2016-17 годзе (сёлета падзеньне будзе больш за 3 працэнты). Але гэта кардынальна не супадае з заявамі прэм’ера Кабякова, які кажа, што ўжо сёлета можа пачацца рост. Неяк МВФ недаацэньвае нашу беларускую эканоміку?

— Усё яны правільна ацэньваюць. А Кабякоў — гэта штатны аптыміст пры Лукашэнку. Сямашка — гэта «толкач», была такая пасада ў савецкі час, які езьдзіў фонды выбіраць. Ён і выбівае. А Кабякоў — гэта «аптыміст». Райкомавец такі — «ура, таварышы, уперад, усё будзе добра».

Усё будзе нармальна, ніхто папускацца не зьбіраецца. У нас досыць прафэсіяналаў у кожным міністэрстве, якія будуць выконваць свае функцыі. Але мы жывем побач з Расеяй і ўжо 25 год ніяк не прыдумаем, як нам разьвярнуцца да нармальных краінаў. Расея — яна вялікая, неабсяжная і вечная, але яе ўвесь час нібыта нейкая трасца калоціць. Таму нам побач з Расеяй цяжка, мы ня можам адаптавацца да яе дынамікі.

— У сваім прагнозе МВФ перш за ўсё зьвяртае ўвагу на беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы. «Асноўная задача беларускага ўраду сёньня — стварэньне ўмоў для эканамічнага росту. На гэтай дарозе сур’ёзным выклікам зьяўляецца сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў. Мы бачым, што дзяржаўныя прадпрыемствы нясуць страты, ім цяжка канкураваць, і таму рашыць праблемы дзяржаўнага сэктару вельмі важна», — сказаў кіраўнік місіі Долман. Якія высновы зробяць беларускія ўлады з гэтай канстатацыі? Ці адважыцца ён на крокі, якія неабходна зрабіць?

— Не, не адважыцца. Бо не адважыўся з 1994 году. І не зьбіраецца. Бо Лукашэнка як падняў тады сьцяг «запушчу заводы», так і будзе ісьці да канца. Чалавек ён упарты і будзе гэтага трымацца. Будзе іх «запускаць», пакуль некаторыя не пачнуць ад старасьці проста падаць. Такая стратэгія ў нас — захаваць градаўтваральныя прадпрыемствы, сацыяльную базу стабільнасьці. А гэта занятасьць на буйных дзяржаўных прадпрыемствах. Але за 20 гадоў колькасьць занятых там моцна скарацілася.

— Асабліва за апошнія год-два гэты працэс скарачэньня набраў хуткасьць...

— Мы можам правесьці паралель з чалавекам. Пакуль ён малады, то здароўе сваё падтрымлівае, але калі стары — то гэта ўжо ня надта яму выходзіць. Калі гэты завод ужо зямлёю пахне, то ён натуральна распадзецца. Вечнага ж нічога няма. Ва ўсім сьвеце такія прадпрыемствы выйшлі даўно на новую праграмную і апаратную базу. Мы можам канкураваць толькі ўпартасьцю, арганізаванасьцю і цэнамі. Але ж і цэны гэтыя бясконца паніжаць немагчыма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG