Беларусь адышла ад практыкі «мэдальных плянаў», дадае ён.
На нарадзе па падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь не павязе ў Бразылію спартоўцаў-«турыстаў», у якіх «няма шанцаў» на дасягненьні, перадае БЕЛТА.
У прысутных ён пацікавіўся, у якіх відах спорту «ёсьць шанцы» на варты выступ, а таксама спытаў пра колькасьць і якасьць ліцэнзіяў. У сувязі з тым, што «на Алімпіядзе слабых супернікаў не бывае», а «мэдалі з кожным годам заваёўваць цяжэй», Лукашэнка заклікаў не марнаваць грошай на «безнадзейных» спартоўцаў, але крытэр «безнадзейнасьці» ня вызначыў:
«Мы адышлі ад практыкі канкрэтных мэдальных плянаў, — казаў ён. — Напэўна, гэта правільна. Ня трэба залішне ціснуць на спартсмэнаў. Аднак калі мы бачым, што шанцаў няма, ганьбіць краіну і марнаваць народныя грошы ня трэба».
Беларускія алімпійцы паедуць у Бразылію ў форме з нацыянальным арнамэнтам
Таксама Лукашэнка выказаўся за чысьціню спорту ад допінгу, бо «калі мы гэтымі допінгамі балаваліся — мала не пакажацца», і «калі мы ня будзем прыхільнікамі чыстага спорту, то прайграем, бо буйныя дзяржавы заўжды знойдуць магчымасьць нас у гэтым перагуляць».
Таксама Лукашэнка згадаў допінг-скандалы з мэльдоніем, празь якія ад Алімпіяды былі адхіленыя расейскія атлеты. Сьляды мэльдонію таксама былі выяўлены ў пяцёх беларускіх спартоўцаў-весьляроў.