Гадоў дваццаць таму адзін кампазытар, які жыў каля Чырвонага касьцёла, зімовым вечарам выйшаў на вуліцу. Навокал ні машын, ні людзей. Раптам малады чалавек убачыў, як зь неба на пляц перад Храмам апускаецца залаты горад. «Што гэта?» — прашаптаў кампазытар і пабачыў за плотам, дзе ішло нейкае будаўніцтва, незнаёмых людзей. Сярод іх малады чалавек пазнаў пісьменьніка Астроўскага. «Таварышч Астроўскі, што гэта такое?» — запытаўся кампазытар у драматурга. «Гэта залаты Мінск! Яго могуць бачыць толькі геніі! Калі вы бачыце гэты горад, то вы геній!» — адказаў Астроўскі і зьнік. Цяпер перад сваімі канцэртамі кампазытар апавядае пра залаты горад, які сышоў зь неба каля Чырвонага касьцёла...
Віктар Шніп
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org