Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыраядзеньне: здорава ці не?


Вось і лета. Пара гародніны і садавіны. Час, калі на зьмену гарачым, цяжкім стравам прыходзяць лёгкія салаты, халаднік і марозіва. Улетку вельмі лёгка харчавацца сырымі прадуктамі. Ёсьць людзі, якія сырой ежай сілкуюцца і ў сьпёку, і ў сьцюжу — гэта сыраеды. Сёньня — пра плюсы і мінусы сыраядзеньня.

Слова «сыраядзеньне» сёньня ўжо не выклікае зьдзіўленых позіркаў і перапытваньняў, як усяго пару гадоў таму назад. Сыраядзеньне як сыстэма харчаваньня ўмацавалася ў нашай сьвядомасьці. У Беларусі сыраедаў адносна няшмат, але, па маіх назіраньнях, становіцца ўсё больш.

Сыраядзеньне — гэта ня толькі дыета, але і лад мысьленьня, і стаўленьне да навакольнага асяродзьдзя. Я акрэсьліваю яго як разнастайнасьць вэгетарыянства, дакладней вэганства. Калі ядуць сырое мяса, рыбу (напрыклад, тонка нашкрабаную ялавічыну, тартар ці cушы) — гэта не сапраўднае сыраядзеньне. Сыраеды не ядуць жывёльныя прадукты, бо яны вераць, што жывёлы не павінны гінуць ад рукі чалавека. Сыраеды таксама не ядуць большасьць круп, бо амаль заўсёды крупы, перад тым як адправіцца на паліцы крамаў, праходзяць тэрмічную апрацоўку (той жа самы добра нам знаёмы «Геркулес» падвяргаецца тэрмічнай апрацоўцы, інакш ён не варыўся б так хутка).

Сыраядзеньне пачалося ў канцы 1800-х гадоў, калі лекар Максымільян Бірхэр-Бэнэр выявіў, што ён вылечыў сваю жаўтуху дзякуючы ўжываньню сырых яблыкаў. Так пачалася сэрыя экспэрымэнтаў, якія вывучалі эфэкт сырой ежы на здароўе чалавека, і сыраядзеньне пачало разьвівацца. Сырая ежа — гэта тая, што не падвяргаецца цеплавой апрацоўцы вышэй за 42 градусы, пры прыгатаваньні якой не ўжываецца мікрахвалёўка, апраменьваньне, генная інжынэрыя. Яна ўключае сьвежую садавіну, гародніну, ягады, арэхі, грыбы, семкі, праросткі, алей халоднага адціску, водарасьці і травы. Большасьць сыраедаў ня п’юць і гарбату (бо вада для яе награваецца). Такім чынам, мы гаворым пра разнавіднасьць вэгетарыянскай дыеты. Там у сьвеце, дзе такая дыета пераважае, людзі традыцыйна жывуць даўжэй, іх якасьць жыцьця высокая, а працэнт хранічных захворваньняў вельмі нізкі. Дзеля справядлівасьці варта прызнаць: гаворка ідзе пра разьвітыя краіны. Навукова даказана, што адаптаваная належным чынам вэгетарыянская дыета зьяўляецца эфэктыўным спосабам зьніжэньня масы цела, паляпшэньня ліпіднага профілю крыві (тут маецца на ўвазе памяншэньне шкодных тлушчаў у крыві, такіх як халестэрын і трыгліцэрыды), зьніжэньня павышанага артэрыяльнага ціску, памяншэньня рызыкі ўзьнікненьня сардэчна-судзінных захворваньняў, інсульту, мэтабалічнага сындрому, атэрасклерозу, а таксама некаторых формаў раку.

Прыхільнікі сыраядзеньня кажуць, што працэс гатаваньня зьнішчае ў ежы амаль усе імунастымулюючыя пажыўныя рэчывы. Навуковых доказаў у падтрымку гэтай заявы, аднак, не хапае. Але гэта праўда, што пры некаторых мэтадах гатаваньня, напрыклад варцы, асобныя вітаміны пераходзяць у ваду. А мікрахвалёўка ўвогуле зьнішчае вітамін В12. З другога боку, некаторыя прадукты, напрыклад бульбу і фасолю ўвогуле нельга есьці сырымі — атрута. Быць сыраедам лёгка ў рэгіёнах з гарачым кліматам, там усё вельмі добра расьце. Не дарма шмат сыраедаў у амэрыканскім штаце Каліфорнія. У Каліфорніі разьвіта арганічнае земляробства, там заўсёды цёпла і на паліцах крамаў шмат разнастайнай лякальнай гародніны і садавіны. Беларускія ўмовы ад каліфарнійскіх радыкальна адрозьніваюцца. У мінулым выпуску мы прыйшлі да высновы, што занадта шмат гародніны і садавіны, асабліва багатай на нітраты — есьці хутчэй шкодна, чым карысна.

Пабочныя эфэкты

Ня ўсе людзі лёгка пераварваюць вялікія аб’ёмы сырой ежы. Шмат у каго прыём вялікай колькасьці сьвежай гародніны і садавіны суправаджаецца ўздуцьцем жывата, бурленьнем і накапленьнем газаў. Гэта — нармальна, але можна быць непрыемна.

З дыеталягічнага пункту гледжаньня атрымаць усе неабходныя мікраэлемэнты са 100% сырой дыеты — немагчыма. Вітамін В12 і Д, напрыклад, з гэтай дыеты атрымаць нерэальна. Акрамя таго, сыраеды часта маюць крытычны дэфіцыт бялку, кальцыю і тлустых кіслот Амега-3. Аднак! Выдатная мэтодыка харчаваньня — 80% / 20%, калі 80% спажыванай ежы складаюць неапрацаваныя прадукты, а 20% — усё астатняе. Шмат сьвядомых сыраедаў аддаюць перавагу менавіта гэтай мэтодыцы.

Амаль усе сыраеды, якіх я ведаю — людзі вельмі далікатнай канстытуцыі. Ну дык выдатна, могуць сказаць некаторыя, значыць — гэтая дыета эфэктыўна змагаецца з вагой. Гэта праўда. Нездарма гэтая дыета апынулася ў мінулым годзе ў пяцёрцы самых эфэктыўных дыет па барацьбе з залішняй вагой па вэрсіі Рэйтынга лепшых дыет амэрыканскага News and World Report. Калі ёсьць неабходнасьць скінуць лішнія кіляграмы, сыраядзеньне можа быць добрай часовай мерай. Пераход на пастаяннае сыраядзеньне можа скончыцца празьмерна нізкай масай цела, што для здароўя ня лепш, чым атлусьценьне.

Сырая грэчка?

Апошнім часам модна есьці сырую зялёную грэчку. Што гэта за грэчка такая, зялёная?

Для таго, каб грачанае зерне можна было спажываць у ежу, яго пазбаўляюць вонкавай цёмнай абалонкі, шалупіньня. Пад ім знаходзім сырое зерневае ядро, якое выглядае зялёным. Вытворцы падвяргаюць сырую (зялёную) грэчку тэрмічнай апрацоўцы па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта скарачае час прыгатаваньня. Па-другое, гэта дадатковая абарона супраць патагенных арганізмаў, якія вельмі любяць неапрацаваныя прадукты. Па-трэцяе, апрацаваная (пражаная) грэчка набывае прыгожы карычневы колер і арэхавы водар. Ці сапраўды зялёная грэчка больш карысная, чым карычневая? Увогуле, так, таму што пры тэрмічнай апрацоўцы заўсёды зьмяшаецца колькасьць пажыўных рэчываў. Страта гэта, аднак, мінімальная. Калі хочаце паспрабаваць сырыядзеньне і пачаць з сырой грэчкі, раю яе замачыць на пару гадзінаў (можна і на ноч), каб яна стала мягчэйшаю. Яе можна дадаваць і ў салаты, сырая грэчка дае ім «храбусьцінку».

Мая выснова: як і ўсё астатняе, сыраядзеньне добрае ў меру. Ня стану адгаворваць нікога есьці шмат сырых прадуктаў, але фанатызм тут недарэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG