Як піша ў Facebook прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова, справу аднавілі.
«У сувязі з больш цяжкімі наступствамі, якія наступілі ў выглядзе сьмерці пацярпелага. Расьсьледаваньне пачалося па нанава адкрытых акалічнасьцях. Сьледзтва прызначыла і атрымала вынікі пасьмяротнай судова-мэдычнай экспэртызы, якая ўстанавіла, што сьмерць наступіла ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў. Такім чынам устаноўлена прычынна-выніковая сувязь паміж дзеяньнямі абвінавачанага і сьмерцю Пішчэўска[га]».
Упраўленьне Сьледчага камітэту Цэнтральнага раёну Менску распачало крымінальную справу ў адносінах да Дзьмітрыя Лукашэвіча. Артыкул — «прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці» (ч. 1 арт. 144 і ч. 1 арт. 339 КК). Справу перадалі пракурору. Той, як чакаецца, адправіць яе ў суд. Лукашэвіч цяпер пад падпіскай пра нявыезд.
Дзьмітры Лукашэвіч ударыў 31-гадовага Міхаіла Пішчэўскага падчас спрэчкі, якая завязалася паміж імі ўначы 25 траўня 2014 году каля клюбу ў Менску. У выніку Пішчэўскі атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, яму выдалілі каля 20% галаўнога мозгу. Ад таго часу ён быў прыкаваны да ложка, а ў кастрычніку мінулага году памёр. На судзе было засьведчана, што прычынай спрэчкі стала абраза Пішчэўскага паводле ягонай нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі — ён быў геем.
Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясеньні траўмы і прысудзіў яму 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня. 20 жніўня 2015-га ён выйшаў з калёніі па амністыі. За кратамі адбыў 11 месяцаў.