Уздоўж беларускай мяжы Расея стварае новыя вайсковыя базы са «значным ударным патэнцыялам». Адначасова ЗША пачалі будаваць у Польшчы і Румыніі базы супрацьпаветранай абароны, а да лютага 2017 году ЗША плянуюць разьмясьціць у Польшчы і танкавую частку. Умацоўваецца прысутнасьць НАТО ў краінах Балтыі.
Каліноўскі: З Расеі прыйшла навіна пра тое, што непадалёк ад беларускай мяжы, ля Клінцоў, што на Браншчыне, гэта зусім блізка ад Гомеля, пачалі будаваць новую расейскую вайсковую базу. 200 салдат ужо завезьлі. Пакуль што плянуецца разьмясьціць у Смаленскай і Бранскай абласьцях дзьве расейскія дывізіі.
Фактычна, уздоўж беларускай мяжы Расея стварае новыя вайсковыя базы са «значным ударным патэнцыялам». Адначасова ЗША пачалі будаваць у Польшчы і Румыніі базы супрацьпаветранай абароны, а да лютага 2017 году ЗША ў Польшчы плянуюць разьмясьціць і танкавую частку. Умацоўваецца прысутнасьць НАТО ў краінах Балтыі.
Беларусь, такім чынам, трапляе ў абцугі супрацьстаяньня вялікіх дзяржаў і блёкаў. Расея сваёй вайной супраць Украіны і агрэсіўнымі паводзінамі ў Эўропе прынесла ў наш рэгіён і гарачую, і халодную вайну, і гонку ўзбраеньняў.
Беларусь фармальна застаецца вайсковым саюзьнікам Расеі, аднак ад удзелу ў яе вайсковых авантурах адмаўляецца. У прыватнасьці — ня хоча ў сябе расейскай авіябазы, якую навязвае Масква, ды пазыцыянуе сябе як міратворац у расейска-ўкраінскім ваенным канфлікце.
Беларусь фармальна застаецца вайсковым саюзьнікам Расеі, аднак ад удзелу ў яе вайсковых авантурах адмаўляецца
Але ў любым выпадку, калі вакол Беларусі пачынаецца такі ваенны рух суседніх вялікіх дзяржаў і блёкаў, які, наколькі мы ведаем з гісторыі, як правіла, заканчваецца крывавай вайной, то і нам у такой сытуацыі ня варта чакаць нічога добрага. У любым выпадку, калі дойдзе да адкрытага процістаяньня НАТО і Расеі, Беларусь ня здольная будзе схавацца за сваім мітычным «імкненьнем да нэўтралітэту», а стане арэнай шырокіх ваенных дзеяньняў толькі з-за свайго геаграфічнага становішча.
Яшчэ адзін аспэкт, ці не галоўны — пагроза расейскіх базаў беларускаму сувэрэнітэту, калі Расея захоча захапіць беларускія землі на ўзор Крыму ці Данбасу. Гэтая пагроза становіцца ўсё больш відавочная з новымі расейскімі базамі. Пацярпеўшы паразу ў кампаніі за так званую «Наваросію», Пуцін можа захацець праглынуць «Беларусію» — шасьцю абласьцямі.
Што трэба рабіць Беларусі ў такіх умовах? Выкажу і сваю думку. У сёньняшніх умовах варта мацаваць кантакты з суседняй Украінай, актывізаваць дыпляматычныя стасункі з Захадам па ўсіх кірунках, у тым ліку па вайсковым. Ну, і праводзіць адпаведную ўнутраную палітыку. А то дагуляліся ў інтэграцыю да таго, што частка насельніцтва пад уплывам тэлебачаньня суседняй дзяржавы зусім страціла сувязь з рэальнасьцю і можа сустрэць імавернага агрэсара як вызваліцеля, толькі незразумела, ад каго.
Карбалевіч: Галоўнае — мацаваць незалежнасьць, абарону, нацыянальную ідэнтычнасьць. Гэтае пытаньне мае некалькі аспэктаў. Найперш, у такой сытуацыі супрацьстаяньня вялікіх дзяржаў Беларусь мала што можа зрабіць, каб паўплываць на зьмякчэньне напружанасьці. Яе міжнародная вага невялікая.
Але што можа Беларусь, дык гэта пазьбегнуць уцягваньня яе ў ваенныя пляны Расеі. Вось рашучая адмова афіцыйнага Менску ад разьмяшчэньня тут расейскай вайсковай авіябазы — разумны крок.
Ня думаю, што захоп Расеяй беларускіх зямель на ўзор Крыму ці Данбасу сёньня рэальны. Сёньня Крэмль вырашае праблему, як выйсьці з сытуацыі ва Ўсходняй Украіне, умоўна кажучы, «зьліць» Данбас, захаваўшы пры гэтым твар. Глядзіце, зь дзяржаўных расейскіх тэлеканалаў зьнікла слова «Новороссия», зьніклі згадкі пра «русский мир». Вызвалілі Надзею Саўчанку.
Ня думаю, што захоп Расеяй беларускіх зямель на ўзор Крыму ці Данбасу сёньня рэальны
Таму Пуціну цяпер не да Беларусі. Вось, паводле апытаньня «Левада-цэнтру», адным з галоўных сяброў расейцы лічаць Беларусь. Такой яе называюць 50% апытаных. І агрэсія адносна Беларусі выкліча неразуменьне расейскага грамадзтва. Пры ўсёй сіле расейскай прапаганды ўсё ж цяжка будзе абвясьціць Лукашэнку бандэраўцам.
Цяпер Расея ў цяжкім эканамічным і міжнародным стане. Таму псаваць адносіны зь Беларусьсю ня хоча. Глядзіце, як лагодна рэагуе Масква на тое, што Менск плаціць за газ па той цане, якую сам вызначыў. У былыя часы РФ даўно б перакрыла пастаўкі газу, а цяпер усяго толькі падае ў суд.
Каб паўстала пытаньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскіх ракет, патрэбен зусім іншы ўзровень даверу паміж саюзьнікамі. Таму, думаю, пакуль Расея будзе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю.
Памятаеце, як калісьці Лукашэнка казаў, што калі натаўскія танкі пойдуць на Маскву, то беларусы тут памруць, але не прапусьцяць іх? Цяпер такой рыторыкі няма. І сам факт, што ў Смаленскай і Бранскай абласьцях расейскае кіраўніцтва хоча разьмясьціць дзьве новыя дывізіі, сьведчыць пра тое, што яно ня надта спадзяецца на беларускую дапамогу ў выпадку ваеннага канфлікту.
Глод: Мне падаецца, што найперш трэба засьцерагацца, каб Масква не ўцягнула і Менск у свае вайскова-палітычныя авантуры. Таму трэба вельмі ўважліва сачыць за кожным крокам Крамля.
Скажам, адкрыцьцё расейскай авіябазы ў Беларусі... Добра, што ў Лукашэнкі пакуль хапае ўменьня супярэчыць гэтай ідэі. Але ж гэтае пытаньне ня зьнятае з парадку дня. Яно застаецца адкрытым. Мала таго, пачаліся размовы пра новыя пагрозы для Беларусі. Напрыклад, пра адкрыцьцё ўжо не авіяцыйнай, а ракетнай расейскай базы. Ужо і ў Менску заяўляюць пра канструяваньне і стварэньне ўласных беларускіх ракет з дальнасьцю палёту да 300 кілямэтраў. Дый расейцы, ня выключана, будуць настойваць, каб на іхняй базе былі ракеты «Іскандэр». А гэта яшчэ большая небясьпека. Бо такая ракетная база адразу стане мішэньню для амэрыканскіх ракет, якія ставяцца ў Польшчы і Румыніі.
Зьявілася інфармацыя, што Міністэрства абароны Расеі плянуе стварыць танкавую армію ў раёне Смаленску. Вось яшчэ адна сур’ёзная пагроза.
такая ракетная база адразу стане мішэньню для амэрыканскіх ракет, якія ставяцца ў Польшчы і Румыніі
Валер Каліноўскі казаў, што «Беларусь фармальна застаецца вайсковым саюзьнікам Расеі». Я думаю, што да азначэньня «фармальна» можна сьмела дадаць і слова «натуральна». Бо ёсьць вайсковыя пагадненьні паміж Беларусьсю і Расеяй у рамках так званай Саюзнай дзяржавы. Ёсьць АДКБ, у якую ўваходзяць і Расея, і Беларусь. Ёсьць пэўная заканадаўчая база. Так думаюць і на Захадзе. Напрыклад, у траўні ў Таліне праходзіла буйная міжнародная канфэрэнцыя. І былому камандуючаму сіламі НАТО генэралу Ўэсьлі Кларку задалі пытаньне: чаму так шмат гаворыцца пра дачыненьні Расеі і НАТО і ня згадваецца нічога пра Беларусь і НАТО? Генэрал Кларк адказаў, што Паўночна-Атлянтычны альянс разглядае Беларусь у гэтым аспэкце як супольныя расейска-беларускія вайсковыя сілы.
Што рабіць у такой сытуацыі? Тут я згодны з Валерам Каліноўскім, што трэба ўсталяваць нармальныя дачыненьні з бліжэйшымі нашымі суседзямі, у тым ліку з Украінай. Але, зьвярніце ўвагу, Украіна да гэтага часу ня вызначылася са сваім амбасадарам у Беларусі. А ягоная прысутнасьць магла б умацаваць дачыненьні.
Але сёе-тое ўжо робіцца. Пад канец мінулага году начальнік Генштабу Літвы наведаў Менск. Па выніках візыту распаўсюдзілі інфармацыю, што бакі зьбіраюцца і далей разам абмяркоўваць актуальныя пытаньні. На пачатку траўня Беларусь наведала і польская вайсковая дэлегацыя. Але інфармацыі пра вынікі гэтага візыту я ня бачыў.
І усё ж нават тое, што Беларусь пачала прыслухоўвацца да голасу з Захаду, ужо добра.