Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар стрыт-арт-фэстываляў Ларычаў трапіў на білборды «Гэта я...»


Праектам, кажа ён, займаюцца не наўпрост улады, а рэклямнае агенцтва — што праўда, на замову Менгарвыканкаму.

Сябра мастацкага праекту Signal і арганізатар фэстывалю манумэнтальнага стрыт-арту Urban Myths Алег Ларычаў апынуўся на білбордзе сэрыі «Я Менск» (вядомай па першых словах «Гэта я...»).

Як распавядае Свабодзе Алег, праектам займаецца рэклямнае агенцтва на замову Менгарвыканкаму, яго асабіста запрашалі на фатасэсію для білборда (разам зь ім фатаграфавалі «мужыка, які за гарачую ваду адказны»). Пра мову пляката «ніхто не пытаў», але сам Алег мяркуе, што па-беларуску глядзелася б лепей: «фраза карацейшая была б, а так тэкст занадта грувасткі».

Ларычаў адказны за фэстываль Urban Myths, у межах якога мастакі з усяго сьвету размалёўвалі у Менску жылыя дамы гіганцкімі малюнкамі, «мураламі». Малюнкі спадабаліся ня ўсім: дзьве сотні чалавек падпісалі пэтыцыю за тое, каб працу «Man with no name» зафарбавалі, але дзьве тысячы падпісаліся за тое, каб зафарбавалі аўтарку першай пэтыцыі. Праект атрымаў ад Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў узнагароду «Чэмпіён грамадзкай супольнасьці».

Раней Ларычаў быў датычны да справы з зафарбаваным графіці з Васілём Быкавым. Ён не бярэцца казаць, ці азначае білборд «прымірэньне зь дзяржавай», але кажа, што ня стане спрабаваць яшчэ раз арганізаваць «вулічны» партрэт Быкава. Намаляваць Быкава нядаўна зноў не дазволілі віцяблянам, а ў Гародні яго партрэт нібыта прапаноўвала сама адміністрацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG