Блогі з гэтай сэрыі выклікалі зацятую няпрыязь з боку змагароў – мноства ні на чым не грунтаваных дэфініцыяў і трактовак мяне самога. Нехта нават убачыў у маіх тэкстах «сыгналы ўладзе» – каб «дапусьцілі да кармушкі». Пацешылі таксама закіды ў «здрадзе Беларусі». А гэта тэма асобнай вялікай размовы:)
Давайце пагаворым пра адказнасьць адраджэнцаў перад краінай. У чым яна выяўляецца?
На маю думку, у тым, каб пашыраць беларушчыну, нацыянальную годнасьць, кола прыхільнікаў. Адказнасьць – другі бок свабоды чалавека. Тым часам аўтарытарная суполка «сьвядомых змагароў», да костак працятая кумірызмам, ніколі не была ўнутрана свабоднымі людзьмі, гэта значыць, людзьмі адказнымі. Тое, што як заклінаньні паўтаралася і паўтараецца – пра вернасьць і здраду Беларусі – пазбаўлена ўнутранага зьместу, бо ўся дзейнасьць вядзецца не на пашырэньне беларушчыны, а на ачышчэньне ад няверных. У выніку – ніякага практычнага выніку.
Дэфармацыя беларускага руху, прыватызацыя мовы і нацыянальнай ідэі, панаваньне скажоных уяўленьняў пра дабро і зло, кансьпіралёгія і пастаяннае кліканьне бяды, шальмаваньне колішніх паплечнікаў – усё гэта ня мае нічога агульнага зь беларускай ідэяй. У выніку дэфармавалася сама паняційная лексыка, мы сталі незразумела чым называць незразумела што.
Тая ж нацыянальная сьвядомасьць, якая ў нацыянальным руху азначала нацыянальнае «сознание», у аўтарытарнай рыторыцы змагароў ператварылася ў бальшавіцкую «сознательность». Менавіта ў гэтым другім значэньні я разглядаю яе ў сваёй сэрыі блогаў. Пра ўсьведамленьне сябе беларусамі людзі сьведчаць статыстыкай перапісу насельніцтва. Яны беларусы, але спрэс несьвядомыя – «несознательные».
Аўтарытарны фільтар моцна нагадвае які-небудзь талібан. Людзі дзеляцца на верных, толькі не алаху, а куміру, і няверных. Дзікавата гэта ўсё выглядае як на беларускія рэаліі, але ж выглядае. «Сознательные» дзяўбуць ня толькі «несознательных», але і іншых, няверных «сознательных». Але дзе іхны даробак, дзе пашырэньне нацыянальнай ідэі? «А ў нас іншыя мэты…»
Прызнаюся, доўгі час мяне карабаціла ад словаў «беларускія ўлады». Ну якія яны беларускія – усе гэтыя Шчоткіны, Ярмошыны, Лукашэнкі… Асабліва дзіка гучалі фразы «беларускія ўлады ненавідзяць усё беларускае». Этнічны і тэрытарыяльны сэнсы ўваходзілі ў канфлікт. Але колькі я ні пераконваў калег у тым, што ўлады ні грама не беларускія, журналісты пісалі і пішуць «беларускія ўлады».
І ўрэшце я стаў перад дылемай: альбо я працягваю настойліва мяняць словы на «ўлады Беларусі» і тым самым разьвіваю думку пра тое, што гэты рэжым марыянэткавы ці акупацыйны, альбо прызнаю, што ўлады ўсё ж беларускія, проста недастаткова беларускія ў этнічным сэнсе.
І вось тут уступае ў сілу адказнасьць. Калі я вызнаю першую тэзу, я мушу дзейнічаць – змагацца, ствараць падпольны рух, нелегальную прэсу – папяровую і віртуальную, выходзіць на рэальныя пратэставыя акцыі аж да самаспаленьня. Арсэнал падобнай дзейнасьці вялікі – змаганьне сэрцам. Але каб рабіць гэта, трэба ў грамадзкім настроі хоць бы і ў самых сапраўдных адраджэнцаў адчуць хай сабе далёкую ноту падтрымкі, а галоўнае, разгледзець хоць бы аднаго адэкватнага чалавека, які б падобную дзейнасьць калі не падзяліў, дык гатовы быў ухваліць хоць бы на словах.
Як той казаў, ані гуку вакол...
Між іншым, мы гаварылі пра гэта з Ігарам Герменчуком, калі беларускія ўлады закрывалі газэту «Свабода» (1997). Тады і час быў яшчэ чорна-белы, і ў маёй гарачай галаве мігцела адна думка – сыходзіць у падпольле. Але Ігар не ўхваліў. Я дагэтуль дапускаю, што падпольная «Свабода» – тады масавая газэта – магла паўплываць на сытуацыю ў краіне. Але рэдактар вырашыў па-іншаму. Па-сутнасьці ён тады, дваццаць гадоў таму сваім рашэньнем напісаў свой «Узьлёт і падзеньне сьвядомых змагароў».
Дык вось, без падобнай дзейнасьці ўся рыторыка, што магла б такую дзейнасьць аздабляць, выглядае для мяне безадказным клікушніцтвам. Гэта ніякім бокам не хварэньне душою за Беларусь, а штосьці зусім іншае, што моцна нагадвае сабаку на сене, калі прыватызаваная змагарамі нацыянальная ідэя ня служыць і не выкарыстоўваецца ні імі, ні кім-кольвек «чужым», «чалавекам з вуліцы».
І тут як бы мне ні хацелася, а для адказнай чыннасьці застаецца толькі другі шлях – крытыкаваць сыстэму і ўплываць на яе. Прыйдзецца зьмірыцца зь «беларускімі ўладамі» і ўжо да сябе выстаўляць прэтэнзіі – чаму яны недастаткова беларускія. Толькі так – або змагацца з чужынцамі, або падцягваць сваіх. Тады як прыкрываць нулявы патэнцыял змаганьня бясконцай рыторыкай пра «ўсё прапала», «вакол ворагі і здрада», «мы перамаглі» – значыць, заклінаць тое голае поле, на якім ніколі ня ўзыдзе нічога.
Трэба сказаць, што дылему гэтую я «падчапіў» у пачатку 1990-х, калі дзейнасьць БНФ, які я лічыў сваім, пачала прыносіць толькі расчараваньне, паразы і страты. Пры гэтым крытыка, якой даводзілася пісаць нямала, ужо не ўспрымалася аб’ектамі крытыкі да развагі.
Але ўрэшце галоўнае ня гэта. Галоўнае застаецца нязьменным з пачатку 1980-х, калі выпрацаваўся найважнейшы прынцып усяго, што робіш – нацыянальную ідэю трэба пашыраць сярод усіх беларусаў, ня дзелячы іх на сьвядомых і «несознательных». Гэты крытэр застаецца актуальным і на сёньня, і на заўтра. У маім уяўленьні зусім ня важна таксама, хто дасягне ў гэтай справе большага посьпеху – беларускія ўлады ці сьвядомыя змагары. Бо, як казаў адзін нямецкі філёзаф, калі ідэя авалодвае масамі, яна становіцца матэрыяльнай сілай.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.