Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьлёт і падзеньне сьвядомых змагароў (4)


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Пачынаючы гэтую сэрыю артыкулаў, я зусім не хацеў выклікаць сварку, бо гэта размова найперш з сабою – пра тое, што ў беларускім руху было зроблена ня так і як выправіць сытуацыю. Але куды ж ты бяз сваркі, калі разбураюцца твае ўтульныя фантазіі, якія за дваццаць гадоў акамянелі настолькі, што здаюцца табе большаю праўдай, чым сама праўда.

Найбольшыя жарсьці кіпяць не вакол дзяржаўнасьці мовы і сымболікі – таго, што страчана, – а вакол таго, што яшчэ засталося – незалежнасьці. Маўляў, не было б незалежнасьці без «сьвядомых змагароў».

Як тагачасны бээнэфавец мяркую, што сапраўды, наш рух стварыў такую атмасфэру ў краіне, калі незалежнасьць Беларусі, прадстаўленая масавай грамадзкай сілай, уявілася магчымай. Але дапускаю таксама, што і мэнтальнасьць беларусаў, якія не паўсталі супраць незалежнасьці, адыграла важную ролю. Чаго тут было болей, можна толькі меркаваць. Актывісты Фронту рабілі вялізную працу і зусім не для заслуг, таму і не заслугі былі ім найвялікшай сатысфакцыяй, а сама гэтая здабытая незалежнасьць. Мяркую па сабе і сотнях сваіх сяброў. У заслугі сабе незалежнасьць запісалі «сьвядомыя змагары».

Праўда, факты ўпартая рэч і зь песьні слова ня выкінеш. У «сухім астатку» гэта быў пэрсанальны ўчынак Станіслава Шушкевіча, які падпісаў віскулёўскі развод. Гэта быў канкрэтны валявы крок канкрэтнага лідэра, які перанёс Беларусь у новую рэальнасьць. Ці мог Шушкевіч не падпісаць? Мог, і гэта было нашмат прасьцей у кантэксьце тагачаснае ўлады і палітыкі.

Учынак ёсьць максымальнай меркай для нацыянальнай гісторыі. Бо гэта ні што іншае, як праява годнасьці беларуса. Паказальна, што Шушкевіча сёньня аднолькава заўзята гандзяюць і лукашысты і «сьвядомыя змагары».

Ёсьць у мяне задума скласьці Анталёгію беларускага ўчынку – квінтэсэнцыю нашай нацыянальнай годнасьці – для асьветы і выхаваньня гэтай самай годнасьці. Такая Анталёгія была б своеасаблівым тэстам для тых, на каго мы раўняемся, чыімі імёнамі называем вуліцы, каму ставім помнікі ў беларускіх гарадах. У мяне няма найменшага сумневу, што Станіслаў Шушкевіч зойме ў Анталёгіі першае месца.

Пры гэтым яго ніяк не назавеш «сьвядомым змагаром», а годны беларус, як азначэньне, адціснуты «змагарамі» на задворкі.

І тут самы час перайсьці ад гісторыі да сёньняшняга дня, калі мы пагаджаемся больш не дзяліць беларусаў на сьвядомых і несьвядомых, а таксама не палітызаваць беларускую мову як маркер гэтых самых «сьвядомых».

Вінцук Вячорка прыдумаў дакладны тэрмін для дачыненьня беларуса зь беларускай мовай – моўны ўчынак. Пры тым, што патрабаваць учынку чалавек можа толькі ад самога сябе, але і пры тым, што ўчынак заўсёды прывабны, павучальны, «заразны» для іншых.

Тут хаваецца вялікая пэрспэктыва для беларушчыны, бо беларусы кідкія да моды. Так было спрадвеку і ў вёсцы, дзе пакуль адзін не паедзе касіць, астатнія не скрануцца, а тады ўжо выяжджаюць усе адразу, і ў горадзе, пра які не аднойчы заўважана, што нашы вуліцы вылучаюцца стыльнымі людзьмі на іх. Цяперашнія моўныя курсы, бум вышыванак, аншлагі на беларускіх канцэртах таксама пацьвярджаюць гэта. Калі ёсьць прывабная прапанова і няма прымусу, беларушчына пашыраецца хутка.

Нацыянальная годнасьць – зьява цалкам асабістая, а ўчынак – вяршыня чалавечых паводзінаў. Нам трэба нарэшце перастаць «змагацца», а проста паводзіць сябе годна і быць гатовымі да ўчынку, як Ціхан Чарнякевіч, што на знак пратэсту адмовіўся ад прэміі, ці Натальля Гарачка, што ня ўстала перад Лукашэнкам. Трэба прызнаць ілжывасьць гэтага самага «змаганьня», якое ператвараецца ў нічоганерабленьне і сварку на тых, хто заняты рэальнай справай.

Водгульле ад учынку можа быць рознае, але для таго, хто яго робіць, гэта заўсёды максымальны крок.

Камэнтатары папярэдніх тэкстаў папракалі мяне, што пішу пра гістарычныя бярвёны на дарозе, але не кажу, што рабіць.

Думаю, у кожнага знойдзецца мноства працы вакол самога сябе. Нехта зробіць намаганьне, каб штомесяц набываць і прачытваць адну беларускую кніжку, нехта дамовіцца дома гаварыць толькі па-беларуску, нехта перанясе свой электронны адрас з парталу мэйл.ру на што-небудзь менш крамлёўскае, нехта зарачэцца падміргваць сустрэчным машынам, калі пабачыў на дарозе ДАІ, бо каму цікава езьдзіць па адных дарогах з тымі, хто пляваў на правілы.

Калісьці падобныя парады сабраліся ў мяне ў кніжку «Як? Азбука паводзінаў», але гэта толькі малая частка таго, што можна і трэба рабіць з сабою і вакол сябе. Калі вы заўважылі, што ваш прыклад пераймаюць ці што ён становіцца модным, будзе патроху мяняцца і ваша асяродзьдзе, і ўсё грамадзтва. Калі не, значыць вы яшчэ не да канца пазбавіліся сваёй патаснай і хлусьлівай саманазвы «сьвядомага змагара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG