Амбасада ЗША разам з прадстаўнікамі беларускіх грамадзкіх экалягічных арганізацыяў удзельнічае ў акцыі, прымеркаванай да міжнароднага Дня Зямлі.
Гэты дзень адзначаўся ў сьвеце 22 красавіка, але ў сувязі зь неспрыяльным надвор’ем акцыю перанесьлі на тыдзень.
Прадстаўнікі амбасады на чале з павераным у справах ЗША Скотам Роландам удзельнічаюць у 6-кілямэтровым сплаве на байдарках па рацэ Іслачы, паблізу Ракава. Падчас сплаву прыбіраюць на берагах.
Як толькі на беразе заўважаюць сьмецьце, нехта высаджваецца з байдаркі і робіць парадак — і сам Скот Роланд, і яго падначаленыя.
Сьмецьця вельмі шмат. Байдаркі спыняюцца кожныя некалькі мэтраў. Зьбіраюць плястыкавыя бутэлькі, піўныя пляшкі, паперкі, бляшанкі, пакеты. Вельмі брудна каля вогнішчаў, якіх багата ўздоўж берагоў.
Сьмецьце складаюць у пакеты і скідаюць у байдаркі.