Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыйшлі — селі на рэйкі: 25 год таму беларускія рабочыя на двое сутак перакрылі чыгунку


Як гэта было і чаму не паўторыцца зараз — расповеды ўдзельнікаў, архіўныя фота і відэа ў матэрыяле Радыё Свабода.

На будынку аршанскага чыгуначнага вакзалу — некалькі мэмарыяльных шыльдаў. Аб узнагароджаньні беларускай чыгункі ордэнам Леніна і пра тое, што той самы Ленін абвясьціў падзяку камісару станцыі Ворша ў 1918 годзе... Аніякія падзеі найноўшай гісторыі на фасадзе не адлюстраваныя. Хіба толькі ўсярэдзіне, каля чыгуначнага пастарунку, вісіць гранітная дошка ў памяць пра міліцыянта, які выратаваў калегаў, закрыўшы сваім целам гранату, кінутую пад ногі злачынцамі.

Але з гэтым будынкам, дый з усёй аршанскай чыгункай, зьвязаныя падзеі, якія ў Воршы згадваюць дагэтуль. Падзеі 25-гадовай даўнасьці, калі аршанцы амаль на двое сутак заблякавалі рэйкі, спадзеючыся прыцягнуць увагу кіраўніцтва краіны, тады яшчэ СССР, да сваіх праблемаў.

Патрабавалі скасаваць райкамы і гаркамы КПБ і аддаць іхныя будынкі дзецям

Віктар Андрэеў на чыгуначным вакзале ў Воршы
Віктар Андрэеў на чыгуначным вакзале ў Воршы

«Гэта быў пратэст у сувязі з рэзкім падвышэньнем коштаў і нізкімі заробкамі. Пратэставалі ў Менску, і пратэстныя настроі паўсталі амаль на ўсіх прадпрыемствах Воршы на пачатку красавіка 1991 году, — Віктар Андрэеў у тыя часы быў сакратаром страйкаму. Распавядае, што кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў штодня абяцалі дадатковыя выплаты, прасілі пацярпець. А некаторыя зь іх цалкам падзялялі пратэстныя настроі сваіх работнікаў.

«З пачатку красавіка па чарзе практычна спыніліся заводы „Легмаш“, „Чырвоны Барацьбіт“, інструмэнтальны завод, часткова або цалкам спынілі працу аўтобусны парк, трактарарамонтны завод, кравецкая фабрыка. Першы вялікі сход рабочых прайшоў у гарадзкім парку. На ім выступілі з заспакаяльнымі прамовамі старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Жвікаў, першы сакратар гаркаму КПБ Генадзь Скокаў, старшыня гарсавету Ўладзімер Навацкі», — працягвае Андрэеў.

Мясцовую ўладу рабочыя ня слухалі. Іх непакоіў лёс сваіх сем’яў, якія не было чым карміць. Рабочых падтрымала Аршанская рада БНФ, якую ў той час ачольваў Юры Санько. У гарадзкім парку некалькі дзён запар ішлі мітынгі. На адным зь іх утварылі страйкавы камітэт. Старшынём абралі рабочага інструмэнтальнага заводу Мікалая Разумава.

Там жа, на мітынгах, зьбіралі грошы для патрэбаў страйкаму. На іх пасьля ў аршанскай друкарні пачалі друкаваць газэту «Рабочая воля», якую раздавалі на прадпрыемствах. Да патрабаваньня падвысіць заробкі хутка далучыліся палітычныя заклікі. Рабочыя патрабавалі скасаваць райкамы і гаркамы КПБ і перадаць іхныя будынкі пад дзіцячыя ўстановы.

Фота з архіву Віктара Андрэева
Фота з архіву Віктара Андрэева

Пратэстныя настроі мацнелі дзень пры дні, бо рабочыя натхняліся і ўласнай сьмеласьцю, і палымянымі прамовамі кіраўніка страйкаму Мікалая Разумава, вельмі харызматычнага, як бы сёньня сказалі, лідэра. А ў 1991 годзе людзі былі ўзрушаныя ўжо тым, што іхныя патрабаваньні, агучаныя Разумавым, выглядаюць важка і пераканаўча. Гэта былі абсалютна новыя ўражаньні пасьля звыклай савецкай крывадушнай паказухі.

Блякада была вельмі простая — прыйшлі і селі на рэйкі

23 красавіка пракаціліся міні-мітынгі на інструмэнтальным заводзе, заводах «Легмаш», «Чырвоны барацьбіт», на заводзе ПАК. Большая частка рабочых пакінула прадпрыемствы і калёнамі пайшла да Цэнтральнай плошчы гораду. Там Мікалай Разумаў зачытаў патрабаваньні Менскага гарадзкога страйкавага камітэту да Вярхоўнага Савету і Савету міністраў БССР. Акрамя эканамічных патрабаваньняў, гаворка ўжо ішла пра вывад парткамаў з прадпрыемстваў, нацыяналізацыю партыйнай маёмасьці, адмену ўсіх ільготаў і прывілеяў партыйна-дзяржаўнай намэнклятуры, пра скарачэньне на траціну дзяржаўнага апарату. Мітынгоўцы падтрымалі ўсе патрабаваньні, і адпаведная тэлеграма была адпраўлена ў Менск. Таксама было прынята рашэньне аб агульным зборы страйкоўцаў на цэнтральнай плошчы 24 красавіка. Менавіта на тым шматтысячным сходзе каля помніка Леніну і прагучаў заклік Мікалая Разумава: «Дык што, пойдзем блякаваць чыгунку?» І людзі пайшлі.

Ішлі арганізавана, пехатой па цэнтральных вуліцах Воршы. Удзельнікі тых падзеяў згадваюць, што настрой быў прыўзьняты, амаль сьвяточны: усе спадзяваліся, што блякада рэек буйнога чыгуначнага вузла не застанецца незаўважанай. Праз Воршу ідуць цягнікі з усіх геаграфічных напрамкаў, і калі іх не прапусьціць, то падзеі будуць ужо не лякальныя, а займеюць «агульнасаюзны» маштаб...

Васіль Леўчанкаў падчас публічнай дыскусіі пра блякаду чыгункі
Васіль Леўчанкаў падчас публічнай дыскусіі пра блякаду чыгункі

«Аршанскія рабочыя ішлі з аднаго боку, а ў гэты самы час з Барані, горада-спадарожніка Воршы, выйшла шматтысячная калёна працаўнікоў заводу «Чырвоны Кастрычнік». Трэба было бачыць, як яны браталіся на вакзале! Людзі адчувалі еднасьць мэтаў, еднасьць памкненьняў. Яны абдымаліся, цалаваліся, плакалі — пераважна, канечне, жанчыны. Іх было вельмі шмат сярод тых, хто блякаваў чыгунку. Блякада была простая: прыйшлі і селі на рэйкі — не прапускалі цягнікі ні ў Воршу, ні з Воршы. На рэйках сядзелі ня толькі ў раёне вакзалу: чыгунка ж у Воршы па ўсім горадзе, цягнікі можна было пусьціць у аб’езд. І каб гэта прадухіліць, людзі таксама выходзілі на рэйкі на станцыях «Ворша-Заходняя» і «Ворша-Ўсходняя», — згадвае ўдзельнік страйку Васіль Леўчанкаў, жыхар Барані.

Спадар Леўчанкаў — адзін з герояў дакумэнтальнай стужкі «Ворша 1991», створанай рэжысэрам Віктарам Трацьцяковым і літаратаркай Палінай Сьцепаненкай, кіраўніцай грамадзкай арганізацыі «Цэнтар дасьледаваньняў грамадзянскай супольнасьці Беларусі». Аўтары фільму некалькі месяцаў шукалі і апытвалі сьведак тагачасных падзеяў. Прэм’ера фільму і прэзэнтацыя выставы дакумэнтальных фатаздымкаў адбылася ў Воршы 26 красавіка падчас публічнай дыскусіі «Блякада чыгункі ў Воршы — што гэта было?», арганізаванай мясцовымі актывістамі. Найперш гэта была імпрэза для саміх удзельнікаў чыгуначнага страйку, якіх удалося адшукаць праз знаёмых або сацыяльныя сеткі. Вядома, ня ўсе зь іх сталі пасьля грамадзкімі лідэрамі, як, да прыкладу, актывісты незалежных прафсаюзаў Віктар Андрэеў ці Васіль Леўчанкаў, або Ігар Грышанаў, стараста вёскі Стаўры, вядомы ў Аршанскім раёне сваімі ініцыятывамі.

Ігар Грышанаў
Ігар Грышанаў

Для фотавыставы Ігар Грышанаў падабраў шмат здымкаў з асабістага архіву. Калісьці іх было каля 300, і пасьля завяршэньня страйку ён вырашыў зладзіць фотавыставу пра блякаду чыгункі ў сябе на працы, у аўтапарку. Тады ледзьве не дайшло да звальненьня, бо дырэктару такая ініцыятыва дужа не спадабалася. У спадара Грышанава з тых часоў засталося шмат знаёмых. Аднак большасьць зь іх катэгарычна адмовіліся здымацца для фільму «Ворша 1991», баючыся наступстваў ужо ў нашы дні.

«Вар’ят і жулік», «найпрыгажэйшы мужчына, і ўсе жанчыны за ім беглі навыперадкі»

А тады, у красавіку 1991-га, Ігар Грышанаў быў вядоўцам сходаў і мітынгаў, трымаў мікрафон падчас выступаў Мікалая Разумава. Пра тое, што сталася з Разумавым пасьля, вядома мала. Толькі тое, што ягонае здароўе ня ў лепшым стане і што ён даўно адышоў ад грамадзкай дзейнасьці.

На здымку з фотавыставы: выступае Мікалай Разумаў
На здымку з фотавыставы: выступае Мікалай Разумаў

Некалькі разважлівых фразаў з інтэрвію для дакумэнтальнага фільму — гэта ўжо зусім ня тыя гарачыя прамовы, якія запомніліся ягоным сучасьнікам. Мікалай Разумаў быў кіраўніком страйкаму, потым прафсаюзным лідэрам, потым заняўся фэрмэрствам, але няўдала. Жыў у нішчымніцы, даходзіла нават да таго, што былыя аднадумцы зьбіралі грошы, каб падтрымаць ягоную сям’ю... Аднак аршанцы памятаюць іншага Разумава, здольнага запаліць асабістай энэргетыкай кожнага слухача і гледача. І варта хоць сёньня спытацца на вуліцы, хто такі Мікалай Разумаў, як пачуеш процьму меркаваньняў. Палярна супрацьлеглых, аднак неабыякавых: ад «мы былі дурні, а ён на нас піярыўся, бо хацеў стаць прэзыдэнтам» і да «ён, каб захацеў, мог бы лёгка перамагчы Лукашэнку, бо людзі б за яго прагаласавалі». Ад «ён нас вадзіў на рэйкі, і мы верылі, што змагаемся за лепшае» і да «гэта ён так разваліў Савецкі Саюз, што спыніліся прадпрыемствы ў Воршы і няма дзе працаваць». Ад «ён вар’ят і жулік» да «гэта быў найпрыгажэйшы мужчына, і ўсе жанчыны за ім беглі навыперадкі».

Мікалай Разумаў у фільме «Ворша 1991»
Мікалай Разумаў у фільме «Ворша 1991»

25 красавіка Разумаў безупынна выступаў каля вакзалу. На самім вакзале для стачкаму выдзелілі пакой. А ў пакоі насупраць дзяжурылі супрацоўнікі КДБ і міліцыі. На прывакзальнай плошчы стаяла гукаўзмацняльная апаратура, пастаянна хтосьці прамаўляў, зачытваліся інфармацыйныя паведамленьні, тэлеграмы, сьпявалі, чыталі вершы. Аднак сытуацыя станавілася ўсё больш крытычнай: пад Воршай стаялі цягнікі. І пасажыры былі не ў захапленьні — гэта калі мякка ахарактарызаваць агульны настрой тых, хто аказаўся закладнікам блякады. Удзельнікі ж чакалі нейкай рэакцыі, але яе не было і не было. Адно што да вакзалу сьцягнулі ўсе міліцэйскія сілы, якія толькі былі ў бліжэйшых рэгіёнах.

Начальнік гарадзкога аддзелу міліцыі Аляксандар Длугаш у інтэрвію для фільму «Ворша 1991» распавядае:

Аляксандар Длугаш у фільме «Ворша 1991»
Аляксандар Длугаш у фільме «Ворша 1991»

«Мы ўпершыню сутыкнуліся з такой зьявай, як масавыя выступленьні рабочых. І я разумеў, што любое няправільнае дзеяньне з боку работнікаў міліцыі або наяўнасьць якіх-небудзь правакатараў у асяродзьдзі людзей, якія добрасумленна выйшлі, каб прад’явіць свае патрабаваньні, можа скончыцца масавымі беспарадкамі. І потым будуць сур’ёзныя наступствы з аргвысновамі, як для працаўнікоў міліцыі, так і для іншых людзей. Калі мітынг скончыўся заклікам ісьці блякаваць чыгунку, з боку камуністычнай партыі, гаркаму партыі ніхто ня выйшаў да народу. Ніхто не патлумачыў сваю пазыцыю. Так, трохі з-за кута назіралі. Асобныя кіраўнікі гаркаму ад мяне патрабавалі прымяніць сілу, патрабавалі разгону рабочых. Я тлумачыў, што падстаў для прымяненьня сілы няма. Спыніліся на тым, што мы будзем працаваць на вакзале і выкарыстаем усе наяўныя сілы і сродкі для таго, каб папярэдзіць блякаваньне чыгункі.

Фота з архіву Віктара Андрэева
Фота з архіву Віктара Андрэева

25 красавіка была праведзена расстаноўка сіл і сродкаў. Кіраўнікі МУС і КДБ рэспублікі, як я потым пачытаў, дэкляравалі, што ў Воршу накіравана паўтары тысячы АМАПа. Ні пра які АМАП там, вядома, гаворкі не ішло. Толькі зь Менску прыбыла невялікая група спэцназу, якую я разьмясьціў на чыгуначным вакзале — каб прадухіліць доступ у дыспэтчарскую, што магло б пацягнуць за сабой цяжкія наступствы. Падразьдзяленьне Магілёўскай школы міліцыі і рота патрульна-паставой службы Аршанскага ГАУС не дапускала мітынгоўцаў у будынак вакзалу. Яны, у канчатковым выніку, сваю задачу выканалі. Але людзі, тым ня менш, здолелі выйсьці на заходні бок шляхоў і блякаваць іх, рух цягнікоў спыніўся.

Фота з архіву Віктара Андрэева
Фота з архіву Віктара Андрэева

Я ўгаворваў, натуральна, каб людзі спынілі блякаваньне. З пасажырскіх цягнікоў сталі выходзіць жанчыны, дзеці плакалі, прасілі разблякаваць дарогу, даць рух цягнікоў. Пасьля абеду прыбыў дэпутат Вярхоўнага Савету Глушкевіч Яўген Міхайлавіч, прыехаў Чаргінец Мікалай Іванавіч — начальнік лінейнага ўпраўленьня міліцыі на транспарце. Таксама выступалі на мітынгу. Зь Менску, зь Міністэрства ўнутраных спраў два разы паступалі каманды прымяніць сілу для разблякаваньня чыгункі, для разгону дэманстрантаў. Але я, параіўшыся з Уладзімерам Навацкім, старшынём гарвыканкаму, прыйшоў да высновы, што ў сытуацыі, якая склалася на вакзале, ужываць сілу катэгарычна было нельга. Таму што гэта магло пацягнуць за сабой, па-першае, траўмаваньне людзей, якія гронкамі віселі на пешаходных пераходах, на рэйках і гэтак далей. Маглі быць траўмы, маглі быць ахвяры. Па-другое, разгон дэманстрантаў і іх затрыманьне маглі б пацягнуць за сабой акцыі грамадзкага непадпарадкаваньня, прыступ на міліцыю аж да яе штурму. Таму зьдзяйсьняць нейкія такія дзеяньні ў той сытуацыі было катэгарычна нельга».

Удзельнік страйку Андрэй Шляпнікаў пазнаў сябе на старым здымку
Удзельнік страйку Андрэй Шляпнікаў пазнаў сябе на старым здымку

Хочам, хочам крыві!

Пра тое, наколькі драматычнымі маглі б быць наступствы, згадвае і ўдзельнік блякады Андрэй Шляпнікаў:

«Памятаю момант, калі Мікалай Разумаў спытаўся: „Дык што ж рабіць? Нас не заўважаюць, нас абкружыла міліцыя і гэтак далей... Няўжо ж мы хочам крыві?“ І раптам у натоўпе пачалі крычаць „Хочам, хочам крыві!“ Вось тут стала страшна. Бо ў натоўпе сьпела гістэрыя, і як яна магла выбухнуць, невядома».

Фота з архіву Віктара Андрэева
Фота з архіву Віктара Андрэева

Стачкам прыняў рашэньне накіраваць на перамовы ў Вярхоўны Савет намесьніка старшыні страйкаму Юрыя Санько і сакратара страйкаму Віктара Андрэева. Спадар Андрэеў згадвае:

«Перамовы там ня мелі значнага выніку. І ў Воршы падзеі зайшлі ў тупік. Ні страйкоўцы, ні ўлады ня ведалі, што рабіць далей. У Менск на сваёй машыне нас вёз вядомы бард Сяржук Сокалаў-Воюш. А назад мы прыехалі на міліцэйскіх машынах зь „мігалкамі“. Ніколі ў жыцьці я так хутка ня езьдзіў! Нас імчалі зь неймавернай хуткасьцю, каб страйкам, які ўжо прыняў гэтае рашэньне, найхутчэй зьвярнуўся да людзей з прапановай спыніць блякаваньне чыгункі. Бо гэта ж страшныя эканамічныя страты, крымінальная адказнасьць... Але ў гэтым пытаньні адзінства не было. Мікалай Разумаў прапаноўваў стаяць да перамогі. Але ня мог патлумачыць, да якой канкрэтна. Іншыя лічылі, што трэба неяк прыгожа разысьціся — каб людзі не адчувалі сябе пераможанымі або абражанымі. Відавочным было тое, што беларускія ўлады ня могуць самі, без Масквы, задаволіць нейкія эканамічныя, а тым больш палітычныя патрабаваньні. Да ўсяго, людзі стаміліся. Можна было б дачакацца, што страйк згасьне сам сабой. Але вырашылі, што найбольш годны ўчынак — гэта разысьціся арганізавана. Так і зрабілі».

Фота з архіву Віктара Андрэева
Фота з архіву Віктара Андрэева

Было вырашана сысьці з вакзалу і адзначыць угодкі Чарнобыльскай трагедыі агульнагарадзкім шэсьцем. 26 красавіка на цэнтральнай плошчы сабраліся тысячы людзей. Тут прайшоў мітынг, а пасьля арганізаваная калёна пайшла да Куцеінскага манастыра, на тэрыторыі якога адбыўся малебен.

Няма вайны, і ладна!

Людзі разышліся па хатах. Але гэта ня значыць, што гісторыя з блякадай чыгункі скончылася. Была распачата крымінальная справа супраць арганізатараў. Пакуль на прывакзальнай плошчы гучалі заклікі і выступы, а людзі сядзелі на рэйках, міліцэйскія фота- і відэаапэратары ўсё фіксавалі. Гэтыя здымкі дагэтуль захоўваюцца ў сакрэце, а тады актывістаў стачкаму выклікалі ў міліцыю, пракуратуру, і там дэманстравалі зьнятае.

Фота з архіву Віктара Андрэева
Фота з архіву Віктара Андрэева

Непрыемнасьці пачаліся і ў шараговых рабочых. Страйкам з гэтай нагоды зрабіў заяву: «Калі пачнуцца ганеньні на людзей за іх удзел у страйку, то мы пакідаем за сабой права зноў праводзіць падрыхтоўчую работу да новага страйку». І ў другой палове траўня на пасяджэньне страйкаму прыйшлі прадстаўнікі гарадзкой улады, якія прапанавалі абмеркаваць усе праблемы і далейшыя дзеяньні за «круглым сталом» з прэзыдыюмам гарсавету.

Але людзі ўжо пачулі «смак да страйкаў». 22–24 траўня страйкавалі грузчыкі камбінату хлебапрадуктаў. Асноўная прычына — дрэнныя ўмовы працы і малыя заробкі. Дырэктар звольніў пяцярых самых актыўных. А яны абвясьцілі галадоўку і пасяліліся ў намёце ля гарвыканкаму. На ноч да іх прыходзілі некаторыя чальцы гарадскога страйкаму, бо невядомыя людзі ладзілі правакацыі. Урэшце пракурор гораду выдаў прадпісаньне аднавіць на працы незаконна звольненых грузчыкаў. Але дырэктар яго праігнараваў. І толькі ў другой палове ліпеня яны вярнуліся на працу рашэньнем аршанскага суду.

Расьсьледаваньне па крымінальнай справе супраць лідэраў страйкаму, якія арганізавалі блякаваньне чыгункі, ішло некалькі месяцаў. Слуханьне справы было прызначана ў судзе Магілёва. Але магілёўскі суд ня стаў браць на сябе адказнасьць і перадаў справу ў Вярхоўны суд. Ад крымінальнага пакараньня арганізатараў уратавалі толькі далейшыя гістарычныя падзеі, лічыць Віктар Андрэеў:

«Я ці ня штодня хадзіў у пракуратуру на допыты. Аж пакуль у жніўні ня скончыў сваё існаваньне СССР — тады і справа аб аршанскім страйку закрылася сама сабой. Страйкамы на прадпрыемствах паступова распадаліся, бо страйкам — гэта часовае ўтварэньне. Пратэстная сытуацыя скончылася, і страйкамы пачалі пераўтварацца ў нешта іншае. Найчасьцей — у прафсаюзы. Бывала, „уліваліся“ ў прафсаюзы афіцыйныя — а тыя на той час збольшага займаліся разьмеркаваньнем дэфіцытных тавараў. Некаторая частка страйкамаўцаў стала стваральнай сілай незалежных прафсаюзаў. Я таксама пайшоў у Свабодны прафсаюз беларускі, дзе працаваў да 2004 году».

Андрэеў распавядае, як некалі яны праводзілі апытаньне: «Ці пайшлі б вы зноў на страйк за свае правы?» І атрымалі адмоўныя адказы.

«Людзі аргумэнтавалі такім чынам: „Нас Коля ўжо вадзіў, і мы нічога не дамагліся!“ Па вялікім рахунку, так. Не дамагліся падвышэньня заробку для ўсіх рабочых у СССР, ды яшчэ частка аршанскіх працаўнікоў трапіла пад рэпрэсіі пасьля страйку. Але ж трэба разумець: ня ў Воршы вырашаліся гэткія пытаньні! Затое людзі ўсё ж атрымалі змагарскі досьвед і адчулі, як гэта — быць свабодным чалавекам, адстойваць сваё!» — кажа Віктар Андрэеў.

Ад аршанскіх мінакоў старэйшага веку можна пачуць і больш катэгарычныя адказы на пытаньне, ці памятаюць яны блякаду чыгункі і ці лічаць магчымым яе паўтарэньне.

«Разумаў разваліў СССР, і ляснула ўся эканоміка, цяпер у нас стаяць заводы і няма дзе працаваць».

«Пасьля той блякады людзі расчараваліся ў БНФ, бо „бээнэфаўцы“ падтрымалі страйк, а мы ім паверылі і нічога не дамагліся».

«Гэта былі вельмі страшныя дні, калі спынялі цягнікі, бо на вакзале зьбіраўся натоўп, і ў ім былі ўзброеныя зладзюгі з „калашамі“ — Ворша ж „бандыцкі“ горад, на той час тут было тры турмы».

«Навошта нам страйкі, калі мы й так добра жывем? Няма вайны, і ладна!»

«Хто цяпер пойдзе страйкаваць? Мы ж усе на кантрактах, ледзь што ня так — і застанесься бяз працы. Таму людзі будуць маўчаць і цярпець, што зь імі ні рабі!»

«Няма каму блякаваць чыгунку — амаль не засталося рабочага клясу. Заводы стаяць, рабочыя — хто ў Расеі працуе, хто сьпіўся».

Паліна Сьцепаненка адкрывае фотавыставу
Паліна Сьцепаненка адкрывае фотавыставу

Вось такі спэктар развагаў сярод аршанцаў сёньня. А шмат хто ўжо і ня памятае падрабязнасьцяў падзеяў 25-гадовай даўнасьці, якія літаральна ў нас на вачох сыходзяць у гісторыю. Не, не сыходзяць — яны робяцца гісторыяй, лічыць зьбіральніца сьведчаньняў відавочцаў Паліна Сьцепаненка:

«Я шмат працавала са зборам дакумэнтаў, інтэрвію, размаўляла зь людзьмі, якія мелі дачыненьне ў тым ліку і да трагічных сытуацыяў. Але мяне дужа, аж да сьлёз, закранула менавіта гэтая гісторыя — пра аршанскіх рабочых. Пра людзей, якія былі свабодныя, якія хацелі самі вырашаць свой лёс і якіх спляжылі за гэтыя 25 гадоў пасьля таго выхаду на рэйкі. Так, гэта была супярэчлівая зьява, і цяжка сказаць, чаго страйкоўцы дасягнулі. Аднак гэта былі людзі, якія хацелі жыць зусім іншым жыцьцём. Але ў 1994 годзе падзеі пайшлі так, як яны пайшлі... І тыя самыя людзі — цікавыя, разумныя, харызматычныя — маглі б жыць зусім у іншай краіне, і зусім ня так, як жывуць, на жаль, цяпер».

«Цэнтар дасьледаваньняў грамадзянскай супольнасьці Беларусі» мае ў плянах выдаць кнігу пра аршанскую блякаду чыгункі ў красавіку 1991 году. Кніга будзе складацца з успамінаў удзельнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG