Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Кажуць, прыйшлі і арыштавалі, а заўтра прыйдуць па іншых. Вядома, прыйдуць!

Аляксандар Лукашэнка выступіў з традыцыйным штогадовым пасланьнем да народа і Нацыянальнага сходу. На Свабодзе — анлайн-рэпартаж.

Пачатак — а 11-ай гадзіне. Выступ трансьляваўся ў жывым эфіры па тэлеканале «Беларусь 1» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Традыцыйна выступ Лукашэнкі цягнецца некалькі гадзін, пасьля чаго дэпутаты могуць задаць кіраўніку дзяржавы пытаньні.

Таксама на выступ Лукашэнкі звычайна запрашаюцца сябры ўраду, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, замежныя дыпляматы.

12:21 21.4.2016

Лукашэнка — дэпутатам: вы ўсе мае дзеці

Лукашэнка заявіў, што ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў ён бы хацеў бачыць 30% дэпутатаў з папярэдняга скліканьня.

«Я ня буду хаваць, што асобныя дэпутаты мяне ўжо просяць аб падтрымцы на новы тэрмін. Гэта нармальна, і вы гэтага не саромейцеся. Вы ў гэтай залі павінны вызначыцца, зыходзячы з нашага крытэру пераемнасьці новага парлямэнту, хто з вас хоча і ў стане працаваць у новым парлямэнце. Трэба будзе падтрымка — вы ж ведаеце, што ў мяне тут ні ворагаў, ні праціўнікаў няма — вы ўсе мае людзі, мае дзеці, і я буду вас падтрымліваць усяляк так, як вы вызначыцеся», — падкрэсьліў ён.

12:14 21.4.2016

Віталь Цыганкоў: «Заканатворчая праца — самая цяжкая, амаль як навуковая». Бадай, самая сьмешная заява Лукашэнкі, улічваючы тую «напружанасьць», зь якой працуюць цяперашнія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прымаюць закон за 5 хвілін, зьбіраюцца на сэсію на 1-2 дні і аўтаматычна, без дыскусіяў, галасуюць за прадстаўленыя законапраекты.

12:09 21.4.2016

Лукашэнка: калі патрэбен штык — у нас гэтага дабра хапае

Пра ролю СМІ:

«Паклёпу, розным інсынуацыям трэба даваць рашучы адпор. Калісьці ў нас існаваў добры выраз: да штыка прыраўняць пяро. І, дарэчы, усе кіраўнікі найбуйнейшых СМІ ў нас калісьці гэты штык насілі пры сабе. Але ці то штык падзатупіўся, ці то пяро згубілася. Вось гэтую баявітую здольнасьць актыўна і прафэсійна весьці дыскусію, адстойваць канструктыўную пазыцыю сёньня як ніколі важна ўзяць на ўзбраеньне нашым газэтам, часопісам і тэлеканалам. Дарэчы, калі патрэбен штык — у нас гэтага дабра хапае, гэта да міністра абароны».

12:00 21.4.2016

Лукашэнка: Трэба нарадзіць новага настаўніка

Лукашэнка пра праблемы адукацыі:

«Калі настаўнік ня зробіць у бліжэйшы час некалькі крокаў да гэтай вяршыні (Лукашэнка не ўдакладніў, да якой. — РС), мы будзем мець праблему ўжо не заробкаў настаўнікаў, не даходаў і жыльля, мы будзем мець праблему з самім настаўнікам. Таму трэба выхаваць, нарадзіць новага настаўніка. Нарадзіць новых — гэта доўга. Таму нараджаць будзем, перарабляючы старое настаўніцтва. Трэба ўскалыхнуць нашага настаўніка. Трэба прымусіць настаўніка працаваць зь сям’ёй, як гэта было ў наш час, калі настаўнік такі ж час, як у школе, быў у сям’і свайго вучня. Давайце паглядзім: ці так гэта сёньня? Ці жыве настаўнік праблемамі вучня? Не».

11:53 21.4.2016

Валер Карбалевіч: Высновы пра эканамічны разьдзел пасланьня

Няма прызнаньня самога факту сацыяльна-эканамічнага крызісу. Няма аналізу яго прычынаў. За два гады сярэдні заробак у краіне ў валюце зьменшыўся амаль удвая, а кіраўнік дзяржавы робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Ня трэба ніякіх перамен, рэформаў, будзем працягваць ранейшы курс. То бок няма адказу на пытаньне, якое хвалюе грамадзтва.

11:48 21.4.2016

Валер Карбалевіч: «Мы ня маем намеру зьмяншаць памер пэнсіяў». Як казаў Міхаіл Жванецкі, «і асаблівая падзяка за кефір».

11:48 21.4.2016

Лукашэнка: палова пэнсіянэраў даўно ўжо зразумелі, што трэба працаваць, і працавалі

Лукашэнка выказаўся пра павышэньне пэнсійнага ўзросту:

«Гэта даўно ўжо трэба было вырашыць. І людзі ўжо спакойна гэта прынялі, таму што каля траціны, а можа, і палова пэнсіянэраў даўно ўжо зразумелі, што трэба працаваць, і працавалі, не выходзячы на пэнсію. Таму нічога надзвычайнага тут абсалютна няма».

11:41 21.4.2016

Лукашэнка: Вось кажуць, прыйшлі і арыштавалі, а заўтра прыйдуць па іншых. Ну вядома, прыйдуць!

Лукашэнка выказаўся пра бізнэс-клімат у Беларусі:

«Што ў нашай краіне перашкаджае займацца бізнэсам? Але калі хто-небудзь хоча займацца бізнэсам ва ўласных інтарэсах і так, як ён лічыць патрэбным, ня ўлічваючы наша заканадаўства, тады вам ня месца працы ў Беларусі. Трэба спыніць гэтую спрэчку, нікому яна не патрэбная. Маса бізнэсмэнаў ні на што ня крыўдзіцца. Галоўнае — выплата падаткаў. І можаш спакойна спаць, можаш ня спаць — гэта тваё права. Але аддай тое, што ты павінен аддаць дзяржаве. Вось кажуць, прыйшлі і арыштавалі, а заўтра прыйдуць па іншых. Ну вядома, прыйдуць, калі вы будзеце так працаваць. Калі вы будзеце абдзіраць дзяржаву і не плаціць падаткі. Вось што я патрабую: пакажыце яшчэ адзін факт за выключэньнем выплаты падаткаў, па прычыне якога затрыманы хоць адзін прадпрымальнік або бізнэсмэн. Пакладзіце на стол такія факты — іх няма».

11:35 21.4.2016

Валер Карбалевіч: Як павысіць эфэктыўнасьць навукі, перайсьці да інавацыйнай вытворчасьці? Правільна. Напісаць яшчэ адну праграму.

11:32 21.4.2016

Лукашэнка: Мэта — увайсьці ў 30-ку краінаў па ўмовах вядзеньня бізнэсу.

11:29 21.4.2016

Лукашэнка: моцна залежаць ад аднаго рынку збыту — нельга, гэта прывядзе да бяды

Лукашэнка заявіў, што вельмі важна дывэрсыфікаваць эканоміку, а інакш можа быць бяда.

«Даводзіцца канстатаваць, што на традыцыйных рынках збыту айчыннай прадукцыі, перш за ўсё гэта Расея і Ўкраіна, скараціўся попыт. Мы ня можам проста сядзець і чакаць, калі ён узрасьце. Таму пастаўленая задача па дывэрсыфікацыі беларускага экспарту. Гэтая задача пастаўленая ня сёньня, ня ўчора і не пазаўчора. Мы вельмі дакладна, прабачце за нясьціпласьць, улавілі будучую сытуацыю ... Мы разумелі, што так моцна залежаць ад аднаго рынку збыту — нельга, гэта прывядзе да бяды. Такая тэндэнцыя сёньня вымалёўваецца», — заявіў Лукашэнка.

11:23 21.4.2016

Валер Карбалевіч: Няма праектаў ня толькі пад кітайскія крэдыты, але ўжо і пад крэдыты Ўсясьветнага банку. Як казаў клясык, «разруха ў галовах».

11:22 21.4.2016

Лукашэнка: трэба ствараць 50 тысяч новых працоўных месцаў кожны год

Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць аптымізаваць колькасьць работнікаў у эканоміцы. Аднак на кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае. «Калі раптам на МАЗе ці БелАЗе адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасьць работнікаў, то гэтых людзей трэба ўзяць за руку, перавесьці праз дарогу і працаўладкаваць на новым працоўным месцы, а не выкідаць на вуліцу», — падкрэсьліў ён.

«Задача — штогод ствараць 50 тысяч працоўных месцаў. Падкрэсьліваю: усяго толькі 50 тысяч. Праўда, апошнім часам нам усё больш гавораць, што мільён трэба стварыць. Але гэта сьмешна. Для таго каб стварыць мільён працоўных месцаў, трэба мець мільярды даляраў», — заявіў Лукашэнка.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG