Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Кажуць, прыйшлі і арыштавалі, а заўтра прыйдуць па іншых. Вядома, прыйдуць!

Аляксандар Лукашэнка выступіў з традыцыйным штогадовым пасланьнем да народа і Нацыянальнага сходу. На Свабодзе — анлайн-рэпартаж.

Пачатак — а 11-ай гадзіне. Выступ трансьляваўся ў жывым эфіры па тэлеканале «Беларусь 1» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Традыцыйна выступ Лукашэнкі цягнецца некалькі гадзін, пасьля чаго дэпутаты могуць задаць кіраўніку дзяржавы пытаньні.

Таксама на выступ Лукашэнкі звычайна запрашаюцца сябры ўраду, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, замежныя дыпляматы.

13:57 21.4.2016

Выступ Аляксандра Лукашэнкі скончыўся. Як паведамляе Эўрарадыё, выступ працягваўся 2 гадзіны 40 хвілін: 1 гадзіна 30 хвілін — зварот, 1 гадзіна 10 хвілін — адказы на 15 пытаньняў дэпутатаў.

13:56 21.4.2016

Лукашэнка: Беларусь павінна адыгрываць значную ролю ў сусьветнай палітыцы

Падчас выступу Лукашэнка закрануў пытаньне павелічэньня ўплыву Беларусі на міжнародную палітыку:

«У цяперашніх умовах наша краіна можа і павінна адыгрываць больш актыўную і значную ролю ў сусьветнай палітыцы. І гэта ня мы рвемся да гэтага, ад нас ужо гэтага патрабуюць сусьветныя дзяржавы. А па некаторых пытаньнях нават просяць. Усе гэтыя сустрэчы на маім узроўні вы бачылі. Не пра ўсё мы пакуль можам сказаць, але вы разумееце, пра што тут ідзе гаворка. Сёньня Беларусь — гэта апора бясьпекі ў рэгіёне».

13:28 21.4.2016

Лукашэнка ўзгадаў пра «пятую калёну»

Падчас свайго выступу Лукашэнка некалькі разоў выкарыстаў тэрмін «пятая калёна» ў дачыненьні да апазыцыі.

«У нас тут пятая калёна і розныя так званыя апазыцыянэры папракаюць: ну вось зноў тут улады пачалі езьдзіць на тым жа кані — бясьпека. Нашым бы гэтым пяцікалёньнікам і так званай апазыцыі трэба было б спачатку думаць, што пісаць. Бо няма больш высокай каштоўнасьці (а Ўкраіна і іншыя дзяржавы, асабліва Сырыя, гэта паказалі), чым мір і бясьпека. Калі адзін на аднаго пайшлі з кулямётамі-аўтаматамі, калі ў вокны кідаюць гранаты, калі чалавек ня можа жыць на сваёй зямлі, то пра што можа быць гаворка? Пра заработную плату? Дык што ты купіш за гэтыя грошы? Таму трэба падкрэсьліваць заўсёды: найвялікшая каштоўнасьць — гэта бясьпека ў грамадзтве, мір на зямлі. Усё астатняе мы знойдзем, купім — гэта другараднае», — заявіў ён.

13:15 21.4.2016

Лукашэнка: унутраны канфлікт у Беларусі магчымы толькі пры падтрымцы зьнешніх сіл

Лукашэнка таксама выказаўся наконт новай ваеннай дактрыны Беларусі:

«Мы гатовыя да ўжываньня вайсковай сілы як супраць зьнешняй агрэсіі, так і для нэўтралізацыі ўнутранага збройнага канфлікту. Для процідзеяньня пагрозе гібрыдных войнаў і каляровых рэвалюцыяў створаныя сілы спэцыяльных апэрацыяў, распрацаваная сыстэма тэрытарыяльнай абароны — самыя дасканалыя сыстэмы ў сьвеце і ўзброеныя самай сучаснай зброяй. І калі мы гаворым пра нэўтралізацыю як зьнешняй ваеннай сілы, так і ўнутранага збройнага канфлікту, мы ж маем на ўвазе ня тое, што тут беларускі народ выйдзе супраць беларускай улады. Не. Унутраны канфлікт, асабліва ў Беларусі, магчымы толькі пры падтрымцы зьнешніх сіл. Таму мы арыентуем Узброеныя сілы на супрацьдзеяньне падобным «унутраным канфліктам».

13:13 21.4.2016

Лукашэнка: Пэнсіі павысяцца ў другім паўгодзьдзі

У Лукашэнкі запыталіся пра пэнсіі.

«Апошні раз пэнсіі павышаліся ў мінулым годзе. А кошты вырасьлі значна. Калі будзе новае павышэньне пэнсіяў?» — цытуе пытаньне аднаго з дэпутатаў Эўрарадыё.

Лукашэнка адказаў, што, магчыма, павышэньне будзе ў другім паўгодзьдзі.

«Паспрабуем у другім паўгодзьдзі павысіць пэнсіі».

13:07 21.4.2016

Лукашэнка: хачу адзначыць сур’ёзны пералом у нашых адносінах з Захадам

«З задавальненьнем хачу адзначыць сур’ёзны пералом у нашых адносінах з Захадам.

Канструктыўнае, разнаплянавае супрацоўніцтва з ЭЗ цалкам адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, гэтаксама як разьвіцьцё гандлёва-эканамічных сувязяў і актывізацыя дыялёгу з ЗША. Проста ў нас надышоў нейкі новы этап у адносінах з Захадам. Я б гэты этап назваў нейкай гаварыльняй... Вось не загаварыць бы гэты працэс. І Захад гэта павінен разумець, і мы. Калі мы страцім тэмпы нашых адносінаў, мы акажамся нецікавыя адно аднаму», — заявіў ён.

У адносінах з Захадам, паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь перш за ўсё цікавяць інвэстыцыі і стварэньне сумесных вытворчасьцяў.

12:59 21.4.2016

Лукашэнка: Мы будуем прагматычна нашы адносіны з Расеяй

Лукашэнка падкрэсьліў, што адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Захадам не зьбіраецца.

«Мы будуем прагматычна нашы адносіны (з Расеяй. — РС), і нас за гэта крытыкаваць ня трэба. У той жа час, калі да нас прыяжджаюць заходнікі — былі амэрыканцы, прадстаўнік Пэнтагона нядаўна быў (найразумнейшы чалавек)... Ён мне не сказаў: ты з Расеяй ці з Захадам?

Наадварот, гаворка ішла пра іншае. Нашы калясальныя інтарэсы ляжаць у плоскасьці Расейскай Фэдэрацыі (я ўжо сказаў, што мы адзін народ). Але і высокатэхналягічны Захад нам не абыякавы. Хіба я магу гэтымі інтарэсамі грэбаваць? Вядома, не магу».

12:52 21.4.2016

Лукашэнка хоча нафтавае радовішча ў Расеі

Лукашэнка адзначыў, што патрабуе ад расейцаў прытрымлівацца прынцыпаў і ўзаемных дамоўленасьцяў.

«Куды гэта варта, калі прэм’ер-міністар Расеі (мой добры сябар, таварыш) прыяжджае на КАМАЗ і кажа: ну, калі беларусы адмовіліся прадаваць нам нейкі завод, то давайце мы на КАМАЗе гэтую вытворчасьць арганізуем. Ну, а як разумець нашу дамоўленасьць аб тым, што мы ня будзем ствараць альтэрнатыўную вытворчасьць? І што значыць — раз не прадалі МЗКЦ, мы будзем у сябе арганізоўваць? Ды хто супраць продажу? Мы — „за“. І я кіраўніцтву Расеі адкрыта сказаў: гэта ў вашых інтарэсах, гэта абароназдольнасьць краіны, вы перавозіце ядзерную зброю на гэтых шасі. І каб стварыць гэта, патрэбныя грошы і шмат часу. Хочаце купіць — купляйце. Але і ў нас ёсьць інтарэс у Расеі», — растлумачыў ён.

У прыватнасьці, Лукашэнка расказаў, што Беларусь хацела б атрымаць у Расеі нафтавае радовішча.

«Напрыклад, мы 22 мільёны тон нафты купляем у вас, 25 мільёнаў кубоў газу. Добра. А вы нам наўзамен перадайце, прадайце радовішча, каб мы маглі 10 мільёнаў тон нафты здабываць у вас. Давайце дамовімся: вы нам дапамагаеце ў гэтым пляне, мы вам ідзем насустрач у гэтым. Чаму няма адказу? Здагадайцеся самі», — адзначыў ён.

12:43 21.4.2016

Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка скончыў выступаць з пасланьнем, трансьляцыя з Авальнай залі спынілася — на тэлеканале «Беларусь 1» уключылі фільм. Раней было абвешчана, што дэпутаты будуць задаваць пытаньні Лукашэнку. Пасланьне прэзыдэнта працягнулася 1 гадзіну 32 хвіліны.

12:43 21.4.2016

Лукашэнка — расейцам: Мы адзін народ

Лукашэнка працягнуў тэму адносінаў з Расеяй і зноў узгадаў, як палова краіны сядзела на чамаданах:

«Мы, яшчэ раз падкрэсьліваем, адзін народ. Тут у парлямэнце ў паловы людзей цячэ руская кроў. Нават Сямён Барысавіч кажа: я габрэй. А ну-ка разьбярыся, колькі ў цябе там рускай крыві! І ён гэта не адмаўляе... Што, вернемся да гэтых нацменаўскіх часоў, калі ў нас спрабавалі выцягнуць жылы (і я памятаю ў гэтым парлямэнце) і паглядзець, а колькі ў беларуса рускай крыві? І пасадзілі палову краіны на чамаданы з-за таго, што яны расейцы. І хто павярнуў гэты працэс назад? Мы. Мы ніколі ня будзем жыць па-за гэтым так званым культурным сьветам, які стварыў расеец, беларус і ўкраінец. Гэта наша цьвёрдая перакананасьць».

12:35 21.4.2016

Лукашэнка — Расеі: мы ня будзем хлопчыкамі на пабягушках

Лукашэнка выказаўся пра адносіны з Расеяй:

«Мне часам брыдка ад некаторых ангажаваных рупараў з Расеі, што ў нас ледзь ня мяккая беларусізацыя, што ў нас тут ледзь не разварот (хоць куды мы можам разьвярнуцца?). Мы былі і ёсьць браты. І не Лукашэнку, і не парлямэнту гэта вызначаць. Гэта гістарычна, стагодзьдзямі вызначана. Я сустракаўся з эўразьвязаўцамі шмат, з амэрыканцамі: яны ніколі такой праблемы перада мной ня ставілі — з Расеяй ці з Захадам. Наадварот, просяць, каб у Беларусі былі добрыя адносіны і з Захадам, і з Расеяй. Але я хачу, каб расейцы разумелі, што мы ня будзем хлопчыкамі на пабягушках. Мы самастойная, сувэрэнная дзяржава, якая жыве з вамі ў адным доме, але мае сваю кватэру. Хай маленькую, невялікую, і сваю. Дарэчы, гэта словы і цяперашняга прэзыдэнта Расеі. Прэзыдэнт Расеі гатовы на гэтым будаваць нашы адносіны. Чаму некаторыя, у тым ліку праўладныя рупары, зацыкліваюцца на адным і да паклёпу пераходзяць на Беларусь? Трэба з гэтым заканчваць. Гэта да дабра не прыводзіць, тым больш гэта хлусьня».

12:28 21.4.2016

Валер Карбалевіч: Сюжэт пра адносіны з Расеяй. Акцэнт не на паглыбленьне інтэграцыі, як бывала раней, а наадварот, жорсткая крытыка РФ. Лукашэнка апраўдваецца за дыстанцыяваньне ад Масквы. І нават ставіць у прыклад пазыцыю Захаду. Вельмі цікавыя акцэнты.

12:23 21.4.2016

Валер Карбалевіч: Як і чакалася, асаблівы акцэнт — на мір і бясьпеку ў краіне. Маўляў, не эканоміка ці дабрабыт галоўнае, а бясьпека. Пераключэньне ўвагі на выгадны для ўлады кантэнт.

12:23 21.4.2016

Валер Карбалевіч: Прэзыдэнт, кіраўнік адной галіны ўлады, дае інструкцыі па працы другой галіны ўлады — парлямэнту. Для дэмакратычнага грамадзтва — гэта нонсэнс. І ўказаньне, каб 30% дэпутатаў засталіся на сваіх месцах — цудоўная ілюстрацыя прыроды беларускіх «выбараў».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG