Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарас Аватараў (Посьпіх)
Тарас Аватараў (Посьпіх)

Працэс над беларусам-добраахвотнікам «Правага сэктару». Дзень другі

Сёньня ў Фрунзенскім судзе горада Менску працягваецца працэс над Тарасам Аватаравым, жыхаром Наваполацку, добраахвотнікам «Правага сэктару».

Сёньня ў судзе будзе працягвацца допыт сьведак. Аватараў даваць паказаньні ня будзе.

Тараса Аватарава затрымалі ў лістападзе 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску пасьля прыезду з Украіны. Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, у рэчах затрыманага была самаробная граната і пісталет «Макарава». Добраахвотніка судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — кантрабанда зброі і незаконны абарот зброі. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.

10:52 19.4.2016

Суд над Аватаравым. Дзень першы

Сёньня ў судзе будзе працягвацца допыт сьведак. Аватараў даваць паказаньні ня будзе.

Тараса Аватарава затрымалі ў лістападзе 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску пасьля прыезду з Украіны. Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, у рэчах затрыманага была самаробная граната і пісталет «Макарава». Добраахвотніка судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — кантрабанда зброі і незаконны абарот зброі. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.

10:54 19.4.2016

Да супрацоўнікаў КДБ падсудны прэтэнзіяў ня мае

Аватараў зрабіў заяву для прадстаўнікоў СМІ. Ён сказаў, што ўчора, калі казаў, што яго кідаюць у «прэс-хату», ён ня меў на ўвазе, што ў СІЗА КДБ ёсьць адмысловыя "прэс-хаты"— то бок адмысловыя камэры для катаваньняў.

Аватараў сказаў, што на яго ціснулі і нават ўжывалі адносна яго фізычную сілу некаторыя апэратыўнікі і, на іх замову, сукамэрнікі. Адносна супрацоўнікаў СІЗА КДБ ён прэтэнзіяў ня мае.

10:54 19.4.2016

Працэс аднавіўся.

10:55 19.4.2016

11:11 19.4.2016

Сьведка распавёў, як забіралі пісталет і гранату

Сьведка Жылін, опэрупаўнаважаны аддзелу крымінальнага вышуку на транспарце, распавёў пра затрыманьне Аватарава.

Паводле Жыліна, Аватараў спачатку адмовіўся паказваць, што ў яго ў кішэнях. Тады міліцыянты правялі «павярхоўны» агляд і намацалі ў кішэні цьвёрды прадмет. Аватараў патлумачыў, што гэта ягоны траўматычны пісталет. Але не хацеў паказваць, што ў яго было ў левай кішэні, трымаў там руку. У яго адтуль забралі гранату. Аватараў казаў, што граната не баявая, «хлапушка». На пытаньне пракурора пра тое, што казаў Аватараў пра паходжаньне гранаты, сьведка не адказаў — сказаў, што ня памятае.

Падчас допыту сьведкі Жыліна Аватараў часта ўсьміхаецца і матляе галавой, відаць, ён ня згодны са сьведкам. На пытаньне судзьдзі, чаму раней, да агляду Аватарава, не запрасілі панятых, сьведка адказаў, што калі Аватараў адмовіўся сам паказваць кішэні, яны вырашылі адразу яго агледзець, не губляючы часу на выклік панятых. Выклікалі іх пазьней, калі ўжо абясшкодзілі гранату. Аватараў запытаў, ці быў сьведка тады ў нецьвярозым стане? Жылін сказаў, што заўсёды на працы цьвярозы. Аватараў на гэта заўважыў, што калі ён сам даставаў з кішэняў пісталет і гранату, сьведкі ў пакоі не было. Жылін настойвае, што ён там быў. Аватараў з гэтым спрачаецца і задае ўдакладняльныя пытаньні, каб праверыць словы Жыліна. Таксама ён пытаецца, што было напісана на пісталеце. Жылін не адказвае. Аватараў кажа, што на пісталеце было напісана «сыгнальны», таму ён ня мог назваць пісталет «траўматычным», як кажа сьведка. Суд зрабіў заўвагу Аватараву, што камэнтаваць паказаньні нельга. Судзьдзя Жукоўская сама перапытала, як называў Аватараў пісталет — сыгнальны ці траўматычны.

Жылін: «Дакладна ня памятаю, магчыма, траўматычны, а магчыма і сыгнальны». Судзьдзя зачытала паказаньні Жыліна на допыце падчас сьледзтва, дзе ён казаў пра сыгнальны пісталет.

«Значыць, гэтак і было, запамятаваў», — сказаў Жылін. Але ён настойвае на тым, што пісталет і гранату забіралі ў Аватарава насупраць ягонай волі. Зачыталі паказаньні, як гэта было: што ён выцягнуў руку Аватарава з кішэні, а ў руцэ была заціснутая граната. Сьведка гэтыя паказаньні цяпер пацьвердзіў.

11:12 19.4.2016

Усяго ў справе 20 сьведак

Паводле зьвестак ад удзельнікаў працэсу, усяго ў справе каля 20 сьведак.

Сёньня допыту Аватарава не чакаюць. Будуць увесь дзень дапытваць сьведак.

11:33 19.4.2016

Сьведка-памежніца не пазнала падсуднага

Наступная сьведка — Алена Бобкіна, служачая в/ч 1242, кантралёр памежнага пераходу «Новая Гута», дзе перасякаў мяжу Тарас Аватараў. Яна не пазнала Аватарава, сказала, што ня памятае, ці праходзіў ён празь мяжу ў яе зьмену. Аватараў згадаў пра перасячэньне мяжы, што прэтэнзіяў да яго ня ўзьнікла, паказваць рэчы яму не загадвалі.

11:34 19.4.2016

Аўтамабіль з Аватаравым на мяжы не правяралі

Наступны сьведка, Віталь Лісанскі, які ехаў разам з Тарасам Аватаравым у аўтамабілі таксі празь беларускую мяжу, засьведчыў, што іх аўто зусім не правяралі, толькі праверылі дакумэнты.

Але ў паказаньнях на сьледзтве сьведка казаў, што багажнік аўтамабіля ўсё ж правяралі і нават пыталіся, што ў спартовай торбе, якая належала Аватараву. Ці праверылі памежнікі торбу, яму невядома. Яшчэ сьведка заўважыў, што Аватараў крыху кульгаў, ён крыху абапіраўся на кіёк. Яшчэ ў яго на галаве была падазроная «тоўстая шапка-балаклава». Гэтыя паказаньні цяпер сьведка пацьвердзіў.

11:50 19.4.2016

Аватараў просіць прабачэньня ў сьведак за ператрусы

Сьведка Алег Навін, які таксама разам з Аватаравым у таксі перасякаў украінска-беларускую мяжу, засьведчыў, што на беларускім баку іх аўтамабіль «бегла агледзелі», зазірнулі ў багажнік, праверылі дакумэнты.

Згадаў, што Аватараў паводзіў сябе спакойна, пры ім быў кіёк і «нібыта ён кульгаў». Цікава, што Аватараў папрасіў прабачэньня ў сьведкі за тое, што потым у таго быў ператрус і гэтым яму даставілі турботы і праблемы. Дарэчы, гэтак жа Аватараў прасіў прабачэньня і ў іншых двух сьведак, разам зь якімі ехаў у таксі празь мяжу 25 лістапада 2015 году. Таксама за турботы ў сувязі з ператрусам КДБ.

11:53 19.4.2016

Блытаніна ў паказаньнях сьведкі

Дзіўна, што ў паказаньнях Алега Навіна на сьледзтве ёсьць згадка, што ў Аватарава нібыта быў шалік-арафатка. Але цяпер сьведка заявіў, што гэтага ня памятае і ўвогуле ня змог патлумачыць, што такое арафатка. Адкуль узяліся такія паказаньні — гэта сапраўды казаў сьведка ці за яго дапісаў сьледчы — засталося незразумела.

12:03 19.4.2016

Прапалі асабістыя рэчы Аватарава

Допыт сьведак прыпынілі, зноў пачалі зачытваць матэрыялы справы. Пасьля таго, як пракурор Мірончык зачытаў сьпіс забраных у Аватарава рэчаў, той зрабіў заяву:

«Хачу заўважыць суду, што большасьць рэчаў, якія цяпер назваў пракурор, у справе цяпер адсутнічаюць. Яны проста зьніклі, і няма ніякіх дакумэнтаў адносна іх».

Гаворка ідзе пра асабістыя рэчы Аватарава, у тым ліку зараднае прыстасаваньне для мабільнага тэлефону.

12:05 19.4.2016

Зачытваюць перапіску з кампутара

Пракурор зачытвае фрагмэнты зь перапіскі Аватарава, узятыя на дыску з ягонага кампутара. Прыкладам, паведамляе пра тое, што ён едзе ў зону АТА. Аватараў абурыўся і заявіў, што пракурор спрабуе ўвесьці суд у зман.

Сярод рэчаў, пра якія раней казаў Аватараў, што яны зьніклі, былі таксама дыск і ноўтбук.

12:24 19.4.2016

Праглядаюць відэа

Уключылі экран, праглядаюць відэа, на якім у залі чаканьня на менскім вакзале знаходзіцца чалавек з торбай. Аватараў сябе пазнаў і з усьмешкай заўважае, што «у гэтым відэа больш нічога не адбудзецца». Але прагляд працягваецца.

12:44 19.4.2016

Абвешчаны перапынак да 14.15.

XS
SM
MD
LG