Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форуму прадпрымальнікаў не даюць памяшканьня — Менгарвыканкам забараніў


Падчас першага Антыкрызіснага форуму прадпрымальнікаў у Менску. На сцэне - Анатоль Шумчанка. Менск, 11 студзеня 2016 году
Падчас першага Антыкрызіснага форуму прадпрымальнікаў у Менску. На сцэне - Анатоль Шумчанка. Менск, 11 студзеня 2016 году

Прадпрымальнікі заплянавалі чарговы форум на 16 траўня, але ў залі ім адмаўляюць са спасылкай на гарадзкія ўлады.

Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» спрабуе знайсьці памяшканьне для чарговага прадпрымальніцкага форуму, заяўленая тэма якога — «Прадпрымальніцтва і дзяржава: дыялёг па ўмацаваньні і разьвіцьці даверу».

Як піша старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка ў адкрытай заяве, арганізацыя падала гарантыйны ліст на правядзеньне форуму ў гатэль «Вікторыя», у якім на 16 траўня памяшканьне было вольнае. Пасьля кансультацыяў адміністрацыі гатэлю з прадстаўнікамі Менгарвыканкаму, піша Шумчанка, ім адмовілі. Таксама ў правядзеньні форуму са спасылкай на Менгарвыканкам адмовіў гатэль «Беларусь». Абедзьве пляцоўкі нядаўна прымалі прадпрымальніцкія форумы «Пэрспэктывы».

«„Пэрспэктыва“ расцэньвае дадзеныя абставіны як нахабнае і цынічнае ўмяшаньне ў дзейнасьць прадпрымальніцкага сэктару грамадзянскай супольнасьці, а менавіта яго імкненьня наладзіць канструктыўны дыялёг з усімі галінамі ўлады, у мэтах пераадоленьня крызісных зьяваў у галіне малога бізнэсу», — піша Шумчанка.

Прадпрымальнікі ўсё яшчэ незадаволеныя ўказам № 222 і іншымі актамі, празь якія маюць цяжкасьці ў гандлі таварамі краінаў Мытнага саюзу. Хоць яны пачынаюць выходзіць на працу пасьля трохмесячнага страйку, іх праца шмат у чым грунтуецца на адным прыватным рашэньні Вярхоўнага суду — калі ў рэестры Расейскай Фэдэрацыі фірма-пастаўшчык ёсьць, то, значыць, выдадзеныя ёю суправаджальныя дакумэнты трэба лічыць законнымі.

Тым часам старшыню «Пэрспэктывы» нядаўна аштрафавалі за ўдзел у санкцыянаваным мітынгу на Дзень Волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG