Суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў Анатоля Шумчанку вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня мітынгу і аштрафаваў на 15 базавых (3 мільёны 150 тысяч рублёў).
Як гаворыцца ў пастанове суду, Шумчанка «выкрыкваў лёзунгі „Свабоду! Работу!“, чым парушыў парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў».
На судовым пасяджэньні Шумчанка адмовіўся ад дачы паказаньняў.
У акцыі каля будынку Міністэрства па падатках і зборах, арганізатарамі якой былі Мікалай Статкевіч і Анатоль Шумчанка, узялі ўдзел каля 300 чалавек. Частку ўдзельнікаў акцыі прапусьцілі ў міністэрства, дзе яны перадалі аднаму з чыноўнікаў сотні заяў прадпрымальнікаў з патрабаваньнем адмяніць указ № 222.