Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску будуць судзіць добраахвотніка «Правага сэктару»


У Фрунзенскім судзе Менску 20 красавіка пачнуць судзіць жыхара Наваполацку Тараса Аватарава, добраахвотніка «Правага сэктару», якога затрымалі ў лістападзе 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску пасьля прыезду з Украіны.

Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, у рэчах затрыманага была самаробная граната і пісталет «Макарава». Пра асобу затрыманага адпачатку СК паведамляў, што яму 26 гадоў, раней вучыўся ў Полацкім унівэрсытэце.

Пазьней стала вядома імя і прозьвішча затрыманага. Тараса Аватарава будуць судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — кантрабанда зброі і незаконны абарот зброі. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.

Між тым у прадстаўнікоў «Правага сэктару», да якіх беларускія журналісты зьвярнуліся па камэнтар пасьля затрыманьня Тараса Аватарава, узьніклі сумненьні адносна зброі, якую ён нібыта правёз празь мяжу з Украінай.

«Калі шчыра, фатаздымкі зброі, якую ў яго нібыта канфіскавалі, вельмі зьдзіўляюць. Пісталет Макарава тут рэдкасьць. На чорным рынку ён каштуе больш за 1000 даляраў. А штука баксаў — дурныя грошы! АКС-74, напрыклад, каштуе ад 300 да 700 баксаў. Мы лічым, што яго маглі ўзяць „голым“, але з дакумэнтамі. А іншае да справы ўжо прыклалі», — падзяліўся з Эўрарадыё сваім разважаньнямі адзін з байцоў «Правага сэктару».

Назіральнікі заўважаюць, што Тарасу Аватараву не інкрымінуецца артыкул аб наёмніцтве, паводле якога, як паведамлялі беларускія праваахоўнікі, былі заведзеныя дзясяткі крымінальных спраў на беларусаў, якія на розных баках удзельнічалі ў ваенным канфлікце ва Ўкраіне.

***

Нацыянальна-вызвольны рух «Правы сэктар» – украінская палітычная партыя і грамадзкая нацыяналістычная арганізацыя. Паўстала як грамадзкі рух, які аб'яднаў актывістаў ўкраінскіх радыкальных арганізацый, у асноўным нацыяналістычных і правых. Сфармаваўся ў канцы лістапада 2013 падчас зараджэньня Эвромайдану. 21 ліпеня 2015 году рашэньнем зьезду партыя зьмяніла сваю поўную назву з "Вайскова-палітычны рух «Правы сэктар» на «Нацыянальна-вызвольны рух «Правы сэктар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG