У чарговай перадачы «Інтэрвію тыдня» карэспандэнт газэты «Новы час» Зьміцер Галко распавядае пра сваё журналісцкае дасьледаваньне, тэма якога — перасьлед футбольных фанатаў спэцслужбамі Беларусі, разважае, ці зьвязана атрыманьне расейскага крэдыту зь ціскам на беларускіх патрыётаў, і адказвае на пытаньне, што павінны зрабіць у гэтай сытуацыі беларускія палітыкі і праваабаронцы. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Зьміцер, вы апублікавалі артыкул «Беларусь зачышчаюць ад патрыётаў», дзе апісалі наступ на актывістаў, які асабліва прыкметна разгарнуўся апошнія тыдні. Якія асноўныя факты і заканамернасьці вы ўбачылі падчас свайго журналісцкага расьсьледаваньня?
Прэсінг не закрануў фанатаў з прарасейскімі поглядамі
Галко: Некаторая інфармацыя зьявілася ўжо да майго артыкула — пра маці Эдуарда Лобава, пра валянтэраў, якія дапамагаюць Украіне. І пайшла пэўная пагалоска, што прэсуюць патрыётаў. Я запытаў камандзіра «тактычнай групы Беларусь», якая дзейнічае ва Ўкраіне, апытаў галоўную валянтэрку, галоўнага анёла-ахоўніка беларусаў ва Ўкраіне Вольгу Гальчанку, выйшаў на бацьку Яна Мельнікава, у якога праходзіў ператрус, — і яму, дарэчы, сьледчы сказаў, што такіх спраў дзясяткі.
Фанаў прэсуюць далёка ня ўсіх. А менавіта прабеларуска, патрыятычна настроеных.
У прыватнасьці, моцна прэсуюць фанатаў былога футбольнага клюбу «Партызан». Пры гэтым трэба асабліва падкрэсьліць, што фанаў прэсуюць далёка ня ўсіх. А менавіта прабеларуска, патрыятычна настроеных.
Фанаты «Партызана» яшчэ колькі гадоў таму былі проста анархістамі, левакамі, якіх міліцыя асабліва не чапала. Але потым у іх адбыўся пэўны ідэйны паварот. Адчуўшы пагрозу незалежнасьці краіне, яны скіраваліся ў бок нацыянальных каштоўнасьцяў, пачалі выкарыстоўваць нацыянальную сымболіку і беларускую мову. З гэтага асяродзьдзя выйшла славутая ўжо група «Пошуг», вядомая па справе графіцістаў.
Паводле інфармацыі з маіх крыніцаў, гэты прэсінг ужо закрануў дзясяткі чалавек. Паводле інфармацыі саміх лідэраў фанацкага руху, за кратамі ўжо апынуліся каля 30 чалавек з розных гарадоў Беларусі. Каго не закрануў прэсінг — гэта фанатаў з прарасейскімі поглядамі. Такія яшчэ ёсьць, і яны на сёньня дзейнічаюць зусім вольна.
Наступ на патрыётаў як адпрацоўка расейскага крэдыту?
Цыганкоў: Чым можна патлумачыць, што гэты прэсінг пачаўся якраз некалькі тыдняў таму? Праваахоўныя органы выцягваюць на сьвет нейкія старыя справы, здавалася, даўно ўжо забытыя.
Магчыма, беларуская ўлада не хацела б бачыць ані беларускіх патрыётаў, ані прадстаўнікоў «русского мира». Але, магчыма, некаторыя прадстаўнікі сілавых органаў Беларусі, прыхільныя да «русского мира», выконваюць толькі частку загаду.
Галко: Нельга сказаць, што гэтага прэсінгу не было раней. Бо справа графіцістаў была даўно. Але ён стаў асабліва рэзкім і масавым некалькі тыдняў таму. І мае суразмоўцы лічаць, што тут некалькі чыньнікаў.
Першы — гэта атрыманьне расейскага крэдыту. Мае суразмоўцы намякаюць, што загад на гэтыя дзеяньні ўвогуле ідзе не зь беларускага цэнтру.
Магчыма, беларуская ўлада не хацела б бачыць ані беларускіх патрыётаў, здольных біцца, ані прадстаўнікоў «русского мира». Але, магчыма, некаторыя прадстаўнікі сілавых органаў Беларусі, прыхільныя да «русского мира», выконваюць толькі частку загаду.
Наколькі я магу зразумець Лукашэнку, ён аднолькава баіцца і тых, і тых — і прарасейскіх, і праўкраінскіх актывістаў. І, хутчэй за ўсё, ён хацеў бы, каб прэсавалі ўсіх.
Яшчэ адным сьведчаньнем, што тут «нячыста», сталі апошнія выступы старшыні КДБ Вакульчыка і міністра ўнутраных спраў Шуневіча, якія адбыліся ўжо пасьля майго рэпартажу. І яны нібыта апраўдваліся, даводзілі, што беларусаў, якія ваююць за ДНР і ЛНР, нашмат болей, і што іх арыштоўваюць болей. Доказаў няма, але яны апраўдваюцца. Перад кім? Натуральна, перад прэзыдэнтам. Значыць, тут нешта ня тое.
Цыганкоў: Як могуць далей разьвівацца падзеі вакол гэтай справы? Ці дапаможа ўвага грамадзтва спыніць гэты перасьлед? Ці ўвага грамадзтва і прэсы да гэтай тэмы пакуль не настолькі прыкметная, каб нешта тут зьмяніць?
Чым гучнейшай і больш выразнай будзе рэакцыя грамадзтва, тым болей шанцаў, што яны зьменшаць гэты ціск на беларускіх патрыётаў.
Галко: Менавіта так, і я хацеў бы, каб увага грамадзтва была прыцягнута да гэтай тэмы. Далейшыя публікацыі, выступы палітыкаў, вядомых людзей могуць зрабіць шмат чаго. Чым гучнейшай і больш выразнай будзе рэакцыя грамадзтва, тым болей шанцаў, што яны зьменшаць гэты ціск на беларускіх патрыётаў.
«Праваабаронцы павінны сказаць сваё слова»
Цыганкоў: Аналітыкі кажуць, што на фоне лібэралізацыі адносінаў з Захадам улада ня будзе ісьці на рэпрэсіі. Нікога не затрымліваюць, не саджаюць на суткі за несанкцыянаваныя акцыі, нават на Кастрычніцкай плошчы. Улада перайшла на «эканамічныя» формы барацьбы з апазыцыяй — праз штрафы. Але зь іншага боку — тут, з футбольнымі фанатамі, адбываецца такое. Ці ўлада лічыць, што можа прэзэнтаваць гэта як барацьбу з экстрэмізмам?
Галко: Я думаю, яны разьлічвалі на два моманты. Па-першае, яны выкарыстоўвалі крымінальныя справы, нейкія рэальныя крымінальныя эпізоды, бойкі, сутычкі. Па-другое, рэпрэсіі ў значнай ступені тычацца суполкі, якая была глыбока закансьпіраваная, пазьбягае публічнасьці. Яны толькі ў апошні момант вырашылі, што варта падымаць шум, бо «горш ужо ня будзе». Улада якраз разьлічвала, што ўсё будзе цішком, што інфармацыя нікуды ня выйдзе. І цяпер, я мяркую, сваё слова маюць сказаць праваабаронцы — дасьледаваць гэтыя рэпрэсіі і даць ім сваю ацэнку. Пасьля гэтага, я мяркую, можа падключыцца і Захад.
Цыганкоў: Гэтыя людзі, якіх цяпер рэпрэсуюць, — не сябры «статусных» апазыцыйных партыяў. І апазыцыя не рэагуе на гэты прэсінг, бо, па-першае, магчыма, проста пакуль пра гэта ня ведае, а па-другое, бакі староняцца адзін аднаго.
З-за сваёй няўключанасьці ў зарэгістраваныя апазыцыйныя структуры фанаты апынуліся безабароннымі.
Галко: Тое, што яны староняцца адзін аднаго — гэта відавочна. Але фанаты зрабілі па ўкраінскім пытаньні ці ня больш, чым уся апазыцыя. Дастаткова ўзгадаць іхні славуты марш у падтрымку Ўкраіны.
Мінус, вядома, у тым, што з-за сваёй няўключанасьці ў зарэгістраваныя апазыцыйныя структуры фанаты апынуліся безабароннымі. Мы нават не назіраем пакуль вялікай рэакцыі СМІ, доўга чакаем рэакцыі праваабаронцаў — бо дагэтуль нічога не было вядома.