Аўтамабіль старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі быў затрыманы і арыштаваны судовымі выканаўцамі. Пра гэта палітык паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Аўтамабіль «Фальксваген-Джэта» быў арыштаваны ў сувязі зь нявыплатай Лябедзькам штрафаў, якія былі на яго накладзеныя за ўдзел у акцыях салідарнасьці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі й супраць міліцэйскага гвалту ў Менску.
Датэлефанавацца да Лябедзькі цяпер немагчыма, бо напярэдадні судовыя выканаўцы на той жа падставе арыштавалі грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на балянсе мабільнага нумара палітыка.
«Сябры, я не ў адʼездзе, не ў эміграцыі, не ў загуле, не ў адпачынку. Як аказалася, судовыя выканаўцы наклалі арышт на грошы, якія знаходзяцца на балянсе майго тэлефоннага нумара. Апэратар „абрэзаў правады“», — паведаміў учора Лябедзька ў Фэйсбуку.